Беларускае слоўка: стрáўня

Вядучы рубрыкi кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ Уладзiмiр Куліковіч.

Месцаў, дзе можна смачна пад’есці або папіць кáвы ці гарбаткі, з кожным годам у нас становіцца болей. І ў залежнасці ад таго, што прапануюць уладальнікі, існуюць у нашай мове шматлікія назвы: карчма, харчэўня, вядомыя з ХІ ст., рэстаран (рэстарацыя), тракцір, бістро, кавярня (ад слова кава), пазычанне з расійскай мовы сталовая (ад сталовы пакой), замест якога нашы людзі найчасцей выкарыстоўваюць больш дэмакратычнае і падобнае да польскага сталоўка (па-польску – stołówka) або сталоўня (слоўнік В. Ластоўскага). Апошнім часам стаў папулярны «Макдональдс», празваны ў народзе сталоўкай па-амерыканску.

З канца ХХ ст. пачынаецца актыўнае жыццё ў беларускай мове і яшчэ аднаго слоўка – страўня (публічнае месца, прызначанае для ядзення). Хто і калі ўпершыню выкарыстаў яго, дакладна ўстанавіць цяжка. Гэтая гаваркая лексічная адзінка не была вядома ніводнаму нарматыўнаму слоўніку ні ў ХІХ, ні ў ХХ стагоддзях, нягледзячы на тое, што пісьменнікі часта карысталіся ёй: «У страўні да яго падсеў вайсковы ўраднік» (М. Гарэцкі); «Учарашняя жанчына паказала ёй страўню – там вялікія залы: рыхтавалі да кожнадзённага абеду больш як за тысячу чалавек з фабрыкі» (К. Чорны).

Адна з прычын адсутнасці слоўка ў лексікаграфічных даведніках, на наш погляд, прыхавана ў значэнні лексемы страва, ад якой утвораны страўнік – рус.: желудок; стрáўны – съедобный, удобный для пищеварения; страваванне, страўнасць – пищеварение, а таксама і страўня. Справа ў тым, што амаль да 50-х гг. ХХ ст. стравай у нас называлі толькі вараную, пераважна вадкую (жидкую) ежу. Як пісаў у «Беларуска-расійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку» доктар Я. Станкевіч: «Хлеб, бліны, каша, малако ўсіх гатункаў і «цюпкі» не называюцца стравай». Месцаў жа харчавання, дзе падаваліся толькі супы, у нас, натуральна, не было.

Калі ж значэнне слова страва значна пашырылася (цяпер ім называюць прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, па-руску – блюдо, кушанье; пища, яства), то склаліся спрыяльныя лінгвістычныя ды і псіхалагічныя ўмовы для таго, каб даць новае жыццё і слоўку страўня. Тым больш што традыцыя называць месцы для харчавання добра матываванымі назвамі маецца ў многіх мовах свету. Напрыклад, чайная ў краінах Сярэдняй Азіі і Іране называецца чайханá (кіт. čhā = чай + перс. сhane = памяшканне); украінскае їдальня і чэшскае jídelna – месца, дзе ядуць.

У ХХІ ст. слоўка страўня ўжываюць і замест сталовая (сталоўка), і як сінонім да слова рэстаран: страўня «Талака». Яно ўключана ў слоўнік адметнай лексікі «Словаклад» (2013 год), падрыхтаваны Алесем Каўрусам, а таксама стала ўласнай назвай: кавярні «Страўня» маюцца ў Мінску, Смаргоні, Нясвіжы. Карыстаецца попытам «Страўня ў Дагарастайскага», што на Ашмяншчыне ў Гродзенскай вобласці.

Тым, хто пажадае адчуць атмасферу беларускай страўні ў мінулым, пабачыць, як харчаваліся нашы продкі, раю паглядзець кулінарна-мастацкі цыкл фільмаў «Гісторыя беларускай страўні», што маецца ў свабодным доступе ў Інтэрнэце.

 

 

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ