Беларускае слоўка: стýдзень

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Першапачаткова амаль усе народы называлі месяцы па характэрных прыродных з’явах або гаспадарчых работах, уласцівых канкрэтнаму часу. Пасля прыняцця хрысціянства ў многіх мовах, у тым ліку і некаторых славянскіх (рускай, балгарскай, македонскай, сербскай), у аснову найменняў ляглі лацінскія карані.

Беларуская мова не пайшла такім шляхам. У нас па сёння захаваліся паэтычныя і мілагучныя назвы месяцаў, якія люструюць назіральнасць, абачлівасць, мудрасць нашага народа. Слоўка студзень (бо дужа сцюдзёна, холадна) – назва першага месяца каляндарнага года – адно з іх. В. Ластоўскі прапаноўваў выкарыстоўваць форму сьцюдзень, бо так больш адпавядае духу нашага маўлення. Замацавалася слоўка ў беларускай мове з 1910–1912 гг. на старонках першай беларускамоўнай газеты «Наша ніва».

Пра гэты месяц нашы продкі казалі: «Студзень пагодны – будзе год плодны», «Ён сячэ зіму напалам», «У гэты месяц і гаршчок у печы замярзае», «Калі ў студзені дажджы, дабра не жджы». Няма таго паэта ў Беларусі, які б не прысвяціў першаму месяцу года хоць некалькі радкоў. «Цёмна-зялёны водар / Будзе ад ёлкі ў доме. / Раніцай прыйдзе Студзень / I зменіцца нумар года». Гэта з песні «Снежань, студзень і люты». Для П. Панчанкі «Студзень – з казкамі снежных аблокаў». Удзельнікі гурта Hair Peace Salon, ствараючы песню «Студзень» (беларускі тэкст В. Воранава), прызналіся, што адкрылі для сябе незвычайную пекнасць і меладычнасць беларускай мовы.

У асяроддзі вяскоўцаў я чуў яшчэ адну назву гэтага месяца – мясаед. Відаць, таму што такой парой даводзіцца спажываць шмат мяса.

Студзенем у нас, як і ў Расіі, называюць таксама традыцыйную навагоднюю мясную страву з застылых кавалкаў рыбы, цяляціны, ялавічыны, свініны. А сінонімам да слова калодзеж з’яўляецца студня, сугучнае са словам студзень.

У старажытных славянскіх пісьмовых помніках слоўка студень ужывалася ў значэнні холад. У якасці назвы месяца выкарыстоўваліся іншыя гаваркія лексемы: сочень (фарбы прыроды становяцца сакавітымі, яркімі пасля шэрага снежня), сечень (ад секчы – час вырубкі лесу), просинец (пасля зімовай воблачнасці з’яўляецца сіняе неба), студич, стужайло, ледостой. У творах нашага першадрукара Францыска Скарыны сустракаем назвы генуар і стычень (знаходзіцца на стыку двух гадоў).

Чэхі для наймення першага месяца года выкарыстоўваюць сёння назву leden, г. зн. ледзяны, украінцы – січень, харваты – siječanj, палякі – styczeń. У рускай мове – январь (Januarius, названы так у гонар рымскага бога Януса), у англійскай – January, нямецкай – der Januar, іспанскай – enero.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кýфар 

Беларускае слоўка: рэшта

Беларускае слоўка: руплíвец

Самое читаемое