Беларускае слоўка: узычыць

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

Словы як людзі. Яны таксама патрабуюць увагі і падтрымкі, каб застацца жыць у памяці нашчадкаў, зберагаць нацыянальны спосаб думання, разважання, называння прадметаў, з’яў рэчаіснасці. Не сакрэт, што плённа спрыяюць захаванню лексічнай адметнасці беларускай мовы нашы славутыя прафесійныя пісьменнікі, перакладчыкі, мовазнаўцы. Але і ад карыстальнікаў (нас з вамі) залежыць нямала. Бо толькі мы сваёй неабыякавасцю да выяўленага ці створанага слова, сваёй актыўнай маўленчай дзейнасцю можам прадвызначыць яму доўгі і шчаслівы лёс, які заслугоўвае і слоўка ўзычыць. Ім паспяхова карысталіся ў свой час Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Васіль Сёмуха, Фёдар Янкоўскі: «Пяю, бывае, тады вазьму й трошкі перайначу. То за мае песьні й аднаго разочку ніхто мне слова кепскага не ўзычыў» (Ф. Янкоўскі); «…Я люблю ўзычыць бліжнім двухногім, / Кол з асіны ад сэрца падараваць» (У. Караткевіч); «Іван Сарока сядзеў каля падаконніка і шавецкім нажом – нож узычыў яму шавец Лазар Мардуховіч, – рэзаў скарынкі хлеба» (Я. Колас); «Хай узычыць вам Гасподзь ласкаю і праўдаю» (В. Сёмуха).

Утворана слова пры дапамозе прыстаўкі у- ад дзеяслова зычыць (жадаць, выказваць, выражаць каму-небудзь, чаму-небудзь пажаданні), вядомага старабеларускай мове з ХV ст.: Зычу вам шчасця і моцнага здароўя! Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы прэзентуе ўзычыць толькі як размоўны адпаведнік да літаратурнага ўдружыць (аказаць сяброўскую паслугу). Акрамя гэтага адзначае, што яно можа гаварыцца іранічна ў значэнні «зрабіць шкоду, непрыемнасць»: Вось узычыў дык узычыў ты мне сваёй парадай!

У мінулым жа слоўка ўзычыць было полісемантычным (шматзначным). Паводле слоўніка Янкі Станкевіча, у якім змешчаны спасылкі на лексікаграфічныя працы ХІХ – пачатку ХХ ст., ім перадавалі аж чатыры рускамоўныя паняцці: 1) предоставить, уделить (внимание, время) – Гадзіны аднае не ўзычыў ты нам; 2) одолжить (оказать какую-либо услугу, вы­звать у кого-либо чувство признательности, благодарности); 3) удружить – Вось я табе ўзычу! 4) ниспослать, милостиво предоставить.

Думаецца, прыведзены пералік значэнняў можа служыць падставай для таго, каб пашырыць семантычны аб’ём сучаснага мілагучнага слоўка ўзычыць. Напрыклад, яго з поспехам можна выкарыстоўваць у якасці нацыянальнага адпаведніка да аднаго са значэнняў шматзначнага расійскага слова предоставить (існаваныя беларускія – даць, падаваць): предоставить слово следующему докладчику – узычыць слова наступнаму дакладчыку (выступоўцу); фирма предоставляет следующие услуги – фірма ўзычвае наступныя паслугі. Такая форма, прынамсі, лепшая, чым нерэкамендаванае беларускімі слоўнікамі (на гэта ўказваў Юрась Пацюпа), але часта ўжыванае ў беларускамоўным друку і афіцыйных паведамленнях гукаспалучэнне «прадаставіць».

Будзем спадзявацца, што час і людзі дапамогуць прыжыцца свайму слоўку ў сваёй мове ў якасці літаратурнага і з большай колькасцю значэнняў.

Еще новости по теме:

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Ушчэп

Беларускае слоўка: сáжалка

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Жартаслоўе

Беларускае слоўка: лоўж

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА.  Рáдаўніца

Самое читаемое