Беларускае слоўка: вéрасень

Вядучы рубрыкі

Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Назва першага месяца восені ў многіх еўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскай September (septem — сёмы, яго парадкавы нумар пачынаючы ад сакавіка): сентябрь (рус.), September (англ.), der September (ням.), septiembre (ісп.).

У беларускай, украінскай і польскай мовах замацаваліся сугучныя назвы як вынік назіранняў за прыродай: верасень, вересень, wrzesień. Існуюць дзве версіі паходжання беларускага наймення. Паводле першай, слова запазычана з польскай мовы. Паводле другой, крыніцай утварэння стала назва расліны верас, якая пачынае красаваць такой парой. Дарэчы і народныя назвы месяца, што дайшлі да нашых дзён, таксама звязаны з прыроднымі асаблівасцямі: жэлцень, жоўцень (па колеры раслін у гэты час), хмурань (ад хмýры), лістападнік.

У старабеларускай мове назва месяца гучала па-рознаму: руин, риень, зарев, вресень ці врешень. Ф. Скарына выкарыстоўваў септеврий. У ХІХ — пачатку ХХ ст. ужываліся і сенцябр, і вресень, і верасень. Напрыклад, І. Насовіч у сваім слоўніку з заўвагай «Употребляется шляхтою» падаваў вресень; Я. Колас у «Другім чытанні для дзяцей беларусаў» (1909 г.) ужываў дзве назвы: «У палавіне вересня (сенцябра) птушак не ўгледзіш». Канчатковая форма верасень прыжылася ў нашай мове з 1912 года, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі.

У жыцці беларускага селяніна верасень быў і з’яўляецца важным месяцам, які збірае ў жытніцу ўсё тое, што выгадавала летняе сонца, парой, калі адбываецца восеньскае раўнадзенства і час «бабінага лета». Пра яго нашы продкі казалі: «Жнівень варыць, верасень да стала падае. У верасні адна ягада, ды й тая — арабіна горкая. Халодны хмуранъ-верасень, ды шчодра корміць». А вось як апісвае верасень Анатоль Грачанікаў: «Зноў верасень — / Запаслівы грыбнік — / Шчыруе па імшыстых баравінах. / Трымціць раса на звонкіх павуцінах, / I травастою пах яшчэ не знік».

Шырока выкарыстоўваюць назву месяца ў якасці ўласнага наймення сучасныя беларускія прадпрымальнікі, выдаўцы, пісьменнікі, кіраўнікі творчых аб’яднанняў. Вераснем названы гатункі агуркоў, а таксама салата, прыгатаваная з бульбы, гуркоў, салёных грыбоў і алею; камбінаваная шафа і музычны гурт, які грае ў стылі «інтэлектуальны рок»; камерцыйныя ўстановы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і часопіс для творчай моладзі; творчае аб’яднанне мастакоў і аграсядзіба ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці; аптэка ў Смаргоні і народны ансамбль народных iнструментаў ДК БелАЗа.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: Альтáнка

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кашýля

Беларускае слоўка:свята

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ