БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Водар

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Пачатак лета ў Беларусі — гэта заўсёды безліч прыемных пахаў, якімі напоўнена паветра, сагрэтае за дзень сонечнымі промнямі. Праўда, найчасцей для апісання прыроды з яе духмянасцю і прыгажосцю беларускамоўныя аўтары аддаюць перавагу мілагучнаму сіноніму водар (рускі адпаведнік — аромат): «Ап’яняе водар вішань, / Смагнуць вусны без дажджу» (Т. Гоўдзіс).

Прыйшло гэтае слоўка да нас з лацінскай мовы (odor — гэта значыць пах) і даволі хутка набыло выразную прыкмету абеларушчвання: стала вымаўляцца з прыстаўным гукам [в], які, як вядома, лічыцца адмысловым паказчыкам беларускай фанетычнай сістэмы ў параўнанні з рускай. Прыкладна ў адзін час (а магчыма, раней) трапіла яно і ў польскую мову. Але ў адрозненне ад нашай з супрацьлеглым (антанімічным) значэннем. У палякаў odór — непрыемны пах, смурод.

За час функцыянавання ў беларускай літаратурнай мове на працягу ХХ стагоддзя слоўка набыло вялікую папулярнасць. Яно спалучаецца сёння з безліччу прыметнікаў. Як сведчыць матэрыял «Слоўніка эпітэтаў беларускай мовы», паводле характэрных прыкмет водар можа быць асенні, востры, вясновы, гаркаваты, далікатны, золкі, хваёвы, церпкі, цёплы, чысты і гэтак далей: «Чайныя ружы ў мяне на стале / Свецяцца квола ў вячэрняй імгле, / Свецяцца бляскам сваім залацістым, / Дыхаюць водарам тонкім і чыстым» (К. Буйло). У залежнасці ад псіхалагічнага ўспрыняцця, характару фізічнага ўздзеяння асобныя аўтары называюць яго гаючым, здаровым, дарагім, магічным, неспазнаным, хвалюючым, чараўнічым, шчымлівым: «Ад слоў дзяўчыніных ідзе аж водар чараўнічы…» (У. Дубоўка); «Здаровы водар маладога хлеба! / Шчаслівы час — заможнасць і спакой» (С. Гаўрусёў).

Нярэдка можна пабачыць слоўка і ў складзе шматлікіх назваў, добра вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Сярод іх гандлёвая марка «Водар хлеба», само найменне хлеба «Водар», назвы прадпрыемстваў, арганізацый, фірмаў, магазінаў парфумы.

Адметнасць ХХІ стагоддзя ў тым, што многія краіны імкнуцца ствараць нацыянальныя брэнды, па якіх з лёгкасцю можна пазнаць іх. У якасці такіх брэндаў часта разглядаецца не што іншае, як водар-пах парфумных вырабаў. Напрыклад, літоўцы назвалі духі Lietuvos kvapas («Пах Літвы») не проста парфумай, а рэальнай магчымасцю адчуць Літву. Штосьці падобнае стварыла і амерыканская парфумерка, уражэнка Беларусі Сафія Гройсман. Па яе словах, духі «Жаданне прахалоды», формула якіх мае назву «Белая Русь № 5», — сапраўдны водар Беларусі, што асацыюецца з чысцінёй і прахалодай. А вось на пытанне-зварот да беларусаў у Інтэрнэце: «Які ваш улюбёны водар?» — рэспандэнты найчасцей адказвалі: бэзу (24 %), квецені садоў (18 %), язміну (15 %), чабору (14 %), ліпавага цвету (13 %). Сярод іншых называлі водар канюшыны, вяндліны ў бабулінай каморы, грыбоў, хвоі, сена.

А які водар асацыюецца з Беларуссю ў вас? Дасылайце свае меркаванні на электронны адрас газеты «Вечерний Минск».

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: узычыць

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Прызба

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Дзірвáн

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Абшáр

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Праснáк

 

 

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ