Беларускае слоўка: заўзятар

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

Рыгор Барадулін неяк адзначыў: «Слова заўзяты (які пастаянна і з захапленнем займаецца чым-небудзь – заўзяты рыбак; напорысты, упарты – заўзятая захопленасць хакеем; які выконваецца старанна, з захапленнем, з запалам, напружаны – заўзятая праца) мае бальшыня славянскіх моваў, а вось заўзятара – толькі мы». Яно прыклад таго, як адбываецца ў мове папаўненне сінанімічнага багацця, а таксама складанасці замацавання новага ў свядомасці карыстальнікаў.

На працягу ХХ ст. у беларускай мове для абазначэння заўзятых аматараў спартыўных спаборніцтваў выкарыстоўвалі пазычанне з расейскай мовы балельшчыкі, утворанае ад дзеяслова болеть: I на стадыён наш брат балельшчык / Вока прымяраць ужо ідзе (П. Панчанка). Часта выкарыстоўваюць яго і ў ХХІ ст.: Я заядлы балельшчык: заўсёды сачу за дасягненнямі нашых спартсменаў (Дзянніца).

Мовазнаўцы неаднаразова ўказвалі, што балельшчык – недакладная адзінка, яна не мае дастатковых дыферэнцыйных прыкмет і пярэчыць нацыянальнай словаўтваральнай адметнасці: суфікс —шчык— – збыткоўны ў сістэме беларускага словаўтварэння. Па гэтай прычыне яшчэ у 1960-я гг. на старонках газеты «Звязда» была прапанова выкарыстоўваць слова прыхільнік (прыхільнік футбола). Аднак у масавай моўнай практыцы на той час яно не прыжылося.

З 1990-х гг. у друк трапляе тэрмін-наватвор заўзятар, прыдуманы паэтам А. Разанавым: Іспанская паліцыя затрымала некалькі заўзятараў зборнай Беларусі. Вядомы беларускі мовазнаўца А. Каўрус слушна адзначыў, што створана гэтае слоўка штучна («искусственно») ад рэдкіх дзеясловаў заўзяцца, заўзяць, прыметніка заўзяты на ўзор назоўніка аматар, аднак з’яўляецца ўдалым і ўжо атрымала пашырэнне ў літаратурнай мове: ад яго ёсць вытворы – заўзятарка, заўзятарскі, заўзятарства (заўзятарскія сайты; футбольна-хакейнае заўзятарства). Трапіла яно і ў беларускамоўную Вікіпедыю: «Заўзятар – асоба, зацікаўленая нейкай публічнай дысцыплінай, найчасцей спартыўнай. Актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, звязаных з ягонай улюбёнай дысцыплінай. Да заўзятараў залічваюць перш за ўсё наведвальнікаў стадыёнаў, спартыўных залаў і іншых аб’ектаў, але таксама і тэлегледачоў, якія глядзяць спартыўныя мерапрыемствы па тэлебачанні».

Да рускамоўных адпаведнікаў гэтаму слоўку адносяцца: любитель, завсегдатай, болельщик, фанат.

Праблемай сучаснасці з’яўляецца спроба падабраць (або стварыць) агульнапрызнаны дзеяслоў, які б стаўся належным адпаведнікам рускаму болеть (будучи сторонником какой-л. спортивной команды, какого-л. спортсмена, остро переживать их успехи и неудачи в состязаниях). Варыянтаў існуе некалькі. Перспектыўным назваў А. Каўрус замацаванне дзеяслова хварэць у пераносным значэнні (Хварэй за нашых!). У асобных выпадках натуральным, на яго думку, з’яўляецца і слоўка перажываць «Усе мы перажываем за нашых хакеістаў». Даследчык Ю. Пацюпа прапанаваў дыялектызм з Лідчыны «заўзімáцца»: «Мы заўзімáемся за гэтую каманду», «Мы ідзём заўзімáцца на стадыён». У СМІ даводзілася бачыць і штучныя заўзéць, пазаўзéць (пазаўзець за каманду) і нашмат лепшае, але грувасткае заўзятарыць: Увесь стадыён заўзятарыць за шведаў.

Які з гэтых дзеясловаў прыжывецца, залежыць ад нас. Важна толькі не адпрэчыць саму думку пра пошук новага слоўка.

Таксама чытайце:

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. АМБАСÁДА

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. МАЙ І ТРÁВЕНЬ

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА: АДХЛÁННЕ

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. ВÉСНІЦЫ

 

ТОП-3 О МИНСКЕ