Чым могуць пахваліцца беларускія вучоныя?

«Абвяшчэнне 2017-га Годам навукі не было выпадковасцю.

Лідзіруючыя пазіцыі Беларусі ў свеце можа гарантаваць толькі скразная інтэлектуалізацыя, нарошчванне навукова-тэхнічнага патэнцыялу, укараненне ў вытворчасць дасягненняў айчыннай і сусветнай навукі і пераход эканомікі на вышэйшыя тэхналагічныя ўклады», — такую думку выказаў карэспандэнту «Звязды» старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ.

Фота Надзеі БУЖАН.

Фота Надзеі БУЖАН.

— Мы звычайна кажам пра пяты, шосты тэхналагічныя ўклады, але ў Акадэміі навук ужо ёсць задзел і на шосты-сёмы. Спрабуем зазірнуць далёка наперад, менавіта для гэтых мэт і быў распрацаваны праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2020—2040». Гэта быў галоўны дакумент, вынесены на ІІ З’езд вучоных, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. — У ім вучоныя паспрабавалі дэталёва апісаць будучую мадэль нашай эканомікі, ключавыя кампаненты Беларусі інтэлектуальнай.

Праект шырока абмяркоўваўся грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, разглядаўся ў Савеце Міністраў. Усе ахвотныя маглі ўнесці свае прапановы. Думаю, што да канца года мы поўнасцю дапрацуем праект стратэгіі, якая стане праграмным дакументам. Нам давядзецца сканцэнтраваць свае намаганні на распрацоўцы пакета найноўшых тэхналогій і тэхнік прарыўнога характару. І тут для вучоных адкрываюцца шырокія перспектывы: Акадэмія навук ужо фарміруе базіс для рэалізацыі стратэгіі.

На асноўных дасягненнях беларускіх вучоных у Год навукі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук спыніўся асобна. Так, у цэнтры ўвагі знаходзіўся партатыўны суперкамп’ютар, які выконвае да 20 трлн аперацый за секунду, у 2,5 раза пераўзыходзіць па магутнасці зыходны суперкамп’ютар «СКІФ», але мае пры гэтым значна меншыя габарыты. Важнай падзеяй стала распрацоўка электрамабіля і малога персанальнага электратранспарту, праца над уласным суперназапашвальнікам энергіі. «Цяпер мы працуем над удасканаленнем электрамабіля. Мяркую, што ў наступным годзе зможам яго пазіцыянаваць як нашу комплексную беларускую распрацоўку», — паведаміў Уладзімір Гусакоў.

Таксама ён вылучыў стварэнне беларускай нацыянальнай сістэмы ідэнтыфікацыі, маркіравання і суправаджэння тавараў і транспартных сродкаў, што дазваляе пазбегнуць фальсіфікацыі тавараў, распрацоўку дактрыны харчовай бяспекі да 2030 года як базавага дакумента развіцця АПК, ДНК-пашпартызацыю чалавека, якая дае магчымасць рэдагаваць генны механізм і перайсці да персаніфікаванай медыцыны, у тым ліку з выкарыстаннем ствалавых клетак. Сярод дасягненняў айчынных навукоўцаў значыцца стварэнне серыі высокаэфектыўных лекавых прэпаратаў на аснове ўласнага сінтэзу, новых сартоў сельскагаспадарчых раслін, машын для АПК. У год навукі беларускія навукоўцы займаліся касмічнымі даследаваннямі і стварэннем новага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Адкрыццём сусветнага значэння Уладзімір Гусакоў лічыць знойдзеныя ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці самыя старажытныя паселішчы славян, датаваныя ІV стагоддзем нашай эры, якія сведчаць, што апошнія з’явіліся на нашых землях на 200 гадоў раней, чым лічылася.

«Па шэрагу навуковых напрамкаў атрыманы вынікі, якія маюць сусветнае прызнанне. Гэта штучныя алмазы, высокаэфектыўныя вітамінныя прэпараты, хімічныя і біяхімічныя субстанцыі, мікрабіялагічныя прэпараты і іншыя. Далёка за межамі краіны вядомы распрацоўкі беларускіх вучоных у галіне лазерных і плазменных тэхналогій, аптычных і лазерных прыбораў, новых матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі», — адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Фота БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі праінфармаваў журналістаў аб тым, што кіраўнік дзяржавы ўзгадніў падпісанне ўказа аб павышэнні заработнай платы вучоных бюджэтных навуковых арганізацый, а таксама па навукова-тэхналагічным парку «БелБіяград». Абодва гэтыя дакументы — доўгачаканыя. Мяркуецца, што будуць створаны ўмовы для прыцягнення ў парк сродкаў як беларускіх, так і замежных інвестараў. «У нас ёсць інавацыйныя распрацоўкі ў сферах мікрабіялогіі, фармацэўтыкі і нанатэхналогій. Наша задача — знайсці інвестыцыі, стварыць навукаёмісты прадукт і яго прадаць», — дадаў Уладзімір Гусакоў.

Камітэт разам з аблвыканкамамі пачаў працу па фарміраванні рэгіянальных інавацыйных пляцовак у буйных раённых цэнтрах. Тэхнапаркі ўжо функцыянуюць у Наваполацку і Пінску. Вядзецца праца па стварэнні іх у Оршы, Барысаве, Бабруйску.

Таксама падрыхтаваны змяненні ва Указ кіраўніка дзяржавы №59 «Аб камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаных за кошт дзяржаўных сродкаў», якія прадугледжваюць магчымасць (у выпадку невыканання задання навукова-тэхнічнай праграмы па аб’ектыўных прычынах) не вяртаць выкарыстаныя сродкі ў бюджэт пры ўмове, што аб’ём невыкананых заданняў не перавышае 20 працэнтаў ад агульнага аб’ёму фінансавання і эфектыўнасць праграмы ў цэлым не пагаршаецца. Андрэй Касоўскі растлумачыў, што калі кіраўнік дзяржавы падпіша гэты ўказ, то вучоныя будуць мець права на абгрунтаваную рызыку. А калі ад іх патрабуюць жорсткага вяртання сродкаў у бюджэт, гэта прыводзіць да таго, што яны баяцца брацца за новыя рызыкоўныя распрацоўкі.

ТОП-3 О МИНСКЕ