Ці ёсць у Мінску птушыны рай і што павінен зрабіць горад для птушак — даведаліся ў арнітолага

У Мінску можна сустрэць больш чым 200 відаў птушак. Як яны адчуваюць сябе ў вялікім горадзе, запытаўся карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» ў дырэктара грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандра Вінчэўскага.

Аляксандр, ці ёсць у Мінску птушыны рай? Якая мясціна можа пахваліцца найбольшай відавой разнастайнасцю?

На сайце нашай арганізацыі ptushki.org ёсць рэйтынг месцаў у сталіцы, дзе можна назіраць за птушкамі. Я сам нават не ўсюды бываў. Згодна з гэтым рэйтынгам цягам года на Чыжоўскім вадасховішчы можна ўбачыць птушак 31 віда. Калі браць толькі цёплы перыяд, лідэры па відах, што назіраюцца рэгулярна, — заказнік «Лебядзіны» і Камсамольскае возера: тут жывуць 54 віды. Амаль столькі ж на Цнянскім вадасховішчы — 50 відаў. Што датычыцца разнастайнасці, варта адзначыць і такія вядомыя мінчанам аб’екты, як батанічны сад, парк імя Чалюскінцаў, Лошыцкі парк з прылеглым участкам Свіслачы, вадасховішча Дразды. Такім чынам, пра нейкі адзіны птушыны рай у горадзе гаварыць нельга. І гэта, напэўна, нядрэнна.

— Ці заўважылі сёлета нейкія новыя віды?

— З рэдкіх — чорнагаловых чаек на Трасцянецкай звалцы. У Мінску гняздуюць некалькі пар, па краіне іх усяго некалькі соцень. На пустках у раёне старога аэрапорта заўважылі палявога свірстуна (конек полевой) — гэта госць з Чырвонай кнігі Беларусі.

Апроч відаў, што гняздуюць, у горадзе, напэўна, можна заўважыць і птушак пералётных. Зноў жа цікава, ці аб’явіўся хто новенькі?

На Цнянцы птушкарам пашчасціла сфатаграфаваць рэдкую і таксама чырвонакніжную чырвонашыйную коўру (поганка красношейная). У вясновым апярэнні яна вельмі прыгожая. Вясной праз Мінск ляцяць дзікія гусі. У гэтым годзе я неаднаразова бачыў белалобых гусей нават у цэнтры, ля стадыёна «Дынама».

Штогод «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбірае птушку года. У 2021-м гэта ляляк (козодой). Якія цікавыя адметнасці ёсць у яго? І галоўнае — ці могуць пасябраваць з гэтай птушкай жыхары Мінска?

Ляляк памерам з голуба, толькі крылы і хвост даўжэйшыя. Вага не перавышае 100 грамаў. У яго кароткія пальцы, не прыстасаваныя для абхоплівання галін, таму гэта, напэўна, адзіная птушка ў нас, якая сядае ўздоўж галіны. Ляляк не будуе гнёзды: кладку з двух яек самка робіць непасрэдна на лясной падсцілцы. Пра яго прысутнасць можна даведацца па працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла. Дарэчы, нярэдка гэтыя птушкі гінуць пад аўтамабілямі, бо любяць адпачываць на лясных дарогах. Гэтай праблемай мы хочам заняцца асобна.

Пакуль гэта яшчэ звычайны від, таму паслухаць і ўбачыць цікавую птушку можна амаль усюды ў сасновых лясах. Вакол сталiцы яны таксама гняздуюць. Найчасцей бачу лелякоў ноччу, калі яны адпачываюць пасярэдзіне дарогі. Што ж да Мінска непасрэдна, быў такі выпадак: аднойчы патэлефанавала занепакоеная жанчына і паведаміла, што на сетцы над супермаркетам «ОМА» на Ванеева сядзіць дзіўная птушка, прычым ужо некалькі дзён. Папрасілі фота: выявілася — ляляк. Разабраліся — нічога крытычнага.

У верасні і кастрычніку падчас міграцыі яго можна сустрэць у горадзе нават удзень — на дахах і ў парках. Зімуе ажно ў Паўднёвай Афрыцы.

Якая з птушак, што гняздуюць у Мінску, у вырай ляціць далей за ўсіх? А хто адлятае і вяртаецца ў ліку першых?

На поўдзень Афрыкі ляцяць вясковыя ластаўкі, рачныя крачкі (речные крачки) і свіргулі (стрижи). Першымі вяртаюцца тыя птушкі, якія адлятаюць пазней ці нават зімуюць у невялікай колькасці, напрыклад шпакі. Адлятаюць першымі ж тыя, што прылятаюць пазней: яны любяць цяпло, ды наяўнасць ежы для іх абумоўлена тэмпературна. Напрыклад, свіргулі з’яўляюцца ў Мінску штогод каля 9 мая, а ў сярэдзіне жніўня ўжо знікаюць.

Назіраць за птушкамі — асалода ды мастацтва. Што трэба, каб стаць бёрдвотчэрам?

Толькі жаданне. За птушкамі можна назіраць у любым двары, дзе ёсць дрэвы. Я іду часам на працу праз парк імя Чалюскінцаў, там, бывае, спявае салавей, улетку папросту можна пачуць і ўбачыць з дзясятак відаў. У Лошыцкім парку, дзе ёсць вада, налічыў 17 салаўіных тэрыторый, пяюць чаромашнікі (чечевицы), салаўіныя цвыркуны (соловьиные сверчки), дзеркачы (коростели). Нават англічаніна туды вазіў на бёрдвотчынг. У Мінску шмат птушкароў — яны актыўна дзеляцца ў Telegram-каналах назіраннямі і фотаздымкамі.

Каб бліжэй пазнаёміцца з птушкамі, можна прайсці бясплатны дыстанцыйны курс АПБ па гарадскіх птушках course.ptushki.org. Вызначыць незнаёмую птушку дапаможа мабільны дадатак Ptushki для Android, а ўсіх, хто хоча падтрымаць прыродаахоўную дзейнасць АПБ, арганізацыя запрашае стаць сваім сябрам: ptushki.org/anketa.

Крыху пра колькасныя характарыстыкі. На маё вуха дылетанта, апошнім часам на вуліцах горада стала менш зелянушак, затое ўжо які год часцей пра сябе нагадвае рудахвостка. Менш, як падаецца, і свіргулёў, затое большую прысутнасць выказвае шпак. Ці ёсць, на погляд спецыяліста, рацыя ў маіх назіраннях?

У Мінску няма маніторынга птушак, таму трэнды дакладна вызначыць цяжка. Вялікіх галубоў і пустальгаў, напрыклад, штогод становіцца больш: заходнееўрапейскія гарадскія папуляцыі гэтых відаў пашыраюцца на ўсход. Зелянушак, магчыма, і стала менш: у горадзе ваююць з дзьмухаўцамі ды іншымі дзікімі раслінамі, а іх насенне і насякомыя, што на іх жывуць, — асноўны корм для большасці гарадскіх птушак. Рудахвостка-чарнушка — адмыслова гарадскi вiд, прышэлец з захаду, жыве толькі побач з чалавекам. Здаецца, у Мінску няма месцаў, яшчэ не заселеных гэтым відам. Свіргулі будуць паступова знікаць, бо нішы, дзе яны дзесяцігоддзямі гнездавалі, пасля капітальных рамонтаў дамоў робяцца недасягальнымі. Шпакоў у горадзе няшмат.

Ёсць і такі факт: за апошнія 20 гадоў у сталіцы распаўсюдзіліся чайкі-рагатухі (хохотуньи) і клыгуны (чайки серебристые): тысячы іх можна ўбачыць увесну над горадам, на льду Свіслачы і Чыжоўскага вадасховішча. Яны гняздуюць на дахах будынкаў. Іх прыцягнулі сюды адсутнасць ворагаў і сметнікі, куды мінчане выкідваюць штодзень тонны ежы.

Афіцыйныя справаздачы гавораць пра паступовае зменшанне забруджанасці гарадскога паветра: ці адлюстроўваецца гэта на папуляцыйных характарыстыках птушынага царства?

— Многія крыніцы сведчаць: сітуацыя з паветрам, як і раней, патрабуе пільнай увагі. «Калі мы параўнаем выкіды шкодных рэчываў у атмасферу на душу насельніцтва ў Беларусі і ў Еўропе, то ў нас гэта будзе 130 кг на чалавека ў год, у Еўропе — 80 кг, прытым што там шчыльнасць насельніцтва, а значыць, і колькасць крыніц выкідаў, вышэй», — гаворыць Аляксандр Грабянькоў, кіраўнік міжнароднай экспертнай групы ў рамках праграмы па паляпшэнні якасці паветра, што рэалізуецца ў партнёрстве з Мінпрыроды.

У сталіцы 85 % выкідаў дае транспарт. Паколькі маніторынга птушак у сталіцы няма, нельга дакладна сказаць, як забруджванне ўплывае на размнажэнне ці працягласць іх жыцця.

— Што, на ваш погляд, павінен зрабіць горад як на адміністрацыйным, так і на грамадскім узроўні, каб птушкам было больш утульна?

Што ім патрэбна для жыцця? Ежа, бяспека, месцы для гнездавання. Самае таннае і найлепшае рашэнне — захаваць дзікія куточкі ў парках, на рэках, вадасховішчах. У Мінску не быў бы лішнім гарадскі арнітолаг пры сістэме ЖКГ, які вырашаў бы праблемы з птушкамі (летам у АПБ наконт іх тэлефануюць да 10 разоў на дзень), а таксама стратэгічныя пытанні, што тычацца іх гібелі і канфліктаў з чалавекам.

У савецкі час траву ў гарадах не касілі — гэта давала птушкам больш насякомых і насення. Зрэшты, касіць можна радзей, бо часцяком так забіваюць птушанят-подлеткаў у траве. Для паркаў Мінска было б нядрэнна распрацаваць планы развіцця і ўзгадніць іх з грамадскасцю. Там павінна быць больш кустоў, падлеска-падросту — у ім гняздуе процьма птушак. Старыя і сухія дрэвы, калі яны не пагражаюць чалавеку, прыбіраць не варта: на іх любяць садзіцца і спяваць птушкі. Тут лягчэй іх разгледзець — заўважыў, што так робяць у канадскіх парках. Апалае лісце ў горадзе не вымятаюць увосень на 100 % — гэта добра, але навошта яго вывозяць увесну? Гэта ж падкормка для раслін і чарвякоў!

У бетонных пастках на вадатоках Мінска можна зладзіць лесвіцы для качанят, бо яны адтуль не могуць выбрацца самастойна. Рамонт кожнага дома варта пачынаць з даследвання арнітолагам птушак, якія там гняздуюць, і пошуку варыянтаў арганізацыі альтэрнатыўных гняздоўяў.

Шмат птушак гіне ў сталіцы штовосень падчас міграцыі — б’юцца насмерць аб шкляныя будынкі і празрыстыя шумавыя экраны. Тут патрэбны комплексныя захады. Напрыклад, архітэктары падчас планавання маглі б кансультавацца з арнітолагамі. Увосень ноччу святло на высокіх будынках варта было б выключаць, каб яно не вабіла начных мігрантаў і тыя не гінулі.

Увогуле птушкі нядрэнна адаптуюцца да жыцця ў горадзе, але чалавек павінен забяспечыць ім для гэтага мінімальныя ўмовы.

Здымкi прадастаўлены суразмоўцам

Смотрите также:

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ