Феномен Ляхаўкі: як сучаснае мастацтва змяняе гісторыю і паглынае індустрыяльную эпоху?

Экскурсавод, аўтар маршрута “Рэха Ляхаўкі” Павел Мезаўцоў распавёў карэспандантам агенцтва “Мінск-Навіны” пра гісторыю хіпстэрскай вуліцы Кастрычніцкай.

Крок першы

Сустракаемся ля трамвайнага кола на вул. Кастрычніцкай — цэнтральнай магістралі Ляхаўкі, якая захавала трасіроўку з даўніх часоў. Сваю назву вуліца атрымала ў 1961 годзе. Да гэтага часу насіла імя Варашылава, Ніжне-Ляхаўскай. Трамвайнае кола існуе з 1930-х. Тут праходзіў маршрут “Завод імя Варашылава – Выстаўка”. Трамвай ехаў праз вул. Кастрычніцкую, Ульянаўскую, Энгельса і па пр. Незалежнасці падымаўся да Батанічнага саду.

— Ляхаўка абмежавана вул. Леніна, Свярдлова і Ульянаўскай. Падзяляецца на Ніжнюю Ляхаўку з вул. Кастрычніцкай і Верхнюю з вул. Беларускай. Раён упершыню ўзгадваецца ў дакументах XVI стагоддзя як Ляхава Лука. Лука — заварот, выгіб ракі. Менавіта тут Свіслач робіць падвоеную дугу: першая агінае вул. Чырвонаармескую, а другая — Кастрычніцкую. Мінчукі называлі мясцовых жыхароў, якія былі каталікамі, ляхамі, — распавядае П. Мезаўцоў. — Да сярэдзіны XIX стагоддзя Ляхаўка знаходілася па-за межамі  горада, але дзякуючы з’яўленню чыгункі ў 1870-я гады ўвайшла ў яго склад і стала індустрыяльным цэнтрам.

Значную частку раёна займаюць карпусы станкабудаўнічага завода. Яго гісторыя пачалася ў 1908 годзе з невялічкага прадпрыемства “Гігант”. 

— У драўляным збудаванні рабілі дробныя сельскагаспадарчыя прылады. Праз 4 гады завод рэканструявалі ў чыгуналіцейны і пераіменавалі ў “Энэргію”. Выпуск станкоў наладжаны з 1927 года, першымі былі такарныя і свідравальныя. Сучасны корпус з чырвонай цэглы пабудаваны ў 1920-я гады і з’яўляецца помнікам архітэктуры. Фасад упрыгожаны лапаткамі, пінаклямі, сандрыкамі, — паказвае экскурсавод. — У 1931 годзе заводу нададзена імя Варашылава. Падчас акупацыі немцы тут рамантавалі свае танкі і самаходныя гарматы, таму актыўна дзейнічала падполле. Пра гэта сведчыць і мемарыяльная дошка ля ўваходу на прадпрыемства. Падполле выкрыта напрыканцы 1943-га. Палова ўдзельнікаў прысуджана да смяротнага пакарання, другія сасланы у канцэнтрацыйны лагер. У пасляваенны час на заводзе распрацоўвалі і выраблялі новыя мадэлі станкоў. Прадпрыемства актыўна развівалася. У 1961 годзе яго назвалі ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сёння завод зазнаў цяжкія часы, таму старэйшы корпус прадалi “Белгазпрамбанку”. Зараз тут культурны хаб “ОК16” — адукацыйная, творчая прастора. Гэты будынак можна пабачыць у фільме “Стылягі”.

Крок другі

Гід звяртае ўвагу на муралы, што намаляваны на супрацьлеглым збудаванні.

— Раз на год з 2014-га Кастрычніцкая ператвараецца у вуліцу Бразіл. У жніўні праходзіць фестываль стрыт-арту, — адзначае Павел Васільевіч. — Вось, напрыклад, работа беларускага мастака Ігара Стахіевіча “Апошняя чароўная краіна”. Чорна-белая кампазіцыя створана бразільцам Паўлам Сэзарам Сіўва. На гэтых графіці адлюстраваны розныя гісторыі. Адна з іх распавядае пра канфлікт паміж мужчынскім і жаночым светам, недарэчнасць дыскрымінацыі жанчын. 

Знаходзіцца на Кастрычніцкай і адно з самых вялікіх у свеце пано з выявамі беларускіх жывел і птушак працы Рамона Марцінса.

Прыцягвае ўвагу сцяна, распісаная Яўгенам Мацютай у 2014–2016 гадах. На ёй адлюстраваны сюжэты з беларускай культуры, міфалогіі. Недалёка намаляваны і партрэт графа Чапскага.

Крок трэці

Падыходзім да скульптурнай кампазіцыі “Пацалунак”. Яна з’явілася вясной 2019-га. Аўтар — Канстанцін Селіханаў.

— У XIX стагоддзі тут размяшчаліся як мінімум чатыры гарбарныя прадпрыемствы. І невыпадкова. Блізасць да ракі забяспечвала тэхналагічны працэс вадой, неабходнай для вырабу скуры. Блізасць чыгункі спрыяла хуткаму падвозу сыравіны і вывазу гатовай прадукцыі. Важна, што дрэнныя пахі, дзякуючы паветраным масам, выносіліся па-за межы горада, — распавядае суразмоўца. — З цягам часу гарбарныя прадпрыемствы зніклі з карты Ляхаўкі. Захаваўся толькі двухпавярховы мураваны будынак завода “Бальшавік”. Напрыканцы XIX ст. тут месціўся гарбарны завод Суціна, які абанкруціўся ў 1904 годзе. Праз два гады прадпрыемства аднавіла сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам новага ўладальніка — Сальмана. Яшчэ да Першай сусветнай вайны завод пазнаў мадэрнізацыю і лічыўся адным з самых буйных у Мінску. У 1927 годзе прадпрыемства было рэканструявана і пераназвана бальшавікамі ў свой гонар. У 1988-м завод сасланы ў пасёлак Гатава, дзе знаходзіцца i сёння, але ўжо пад іншай назвай. А ў гістарычным будынку размяшчаюцца офісы.

Крок чацвёрты

Ідзем да дражджавога камбіната. Яго заснавалі браты Янкель і Зэльман Ракаўшчыкі ў 1890-х. На заводзе выраблялі спірт і дрожджы. Напярэдадні Першай сусветнай вайны гэта было адно з буйнейшых прадпрыемстваў, дзе працавалі каля 150 чалавек.

Каля прахадной усталявана мемарыльная дошка з выявамі Кірыла Труса, Марыі Брускінай і Уладлена Шчарбацэвіча. Яны былі павешаны на гэтым месцы 26 кастрычніка 1941 года. Немцы зладзілі першае публічнае пакаранне, каб застрашыць мiнчукоў ад супрацоўніцтва з падпольшчыкамі і партызанамі.

— З мiнскай турмы вывелі 12 чалавек: 8 мужчын і 4 жанчыны. Іх правялі па цэнтральных вуліцах горада. Пакаранні адбываліся на прахадной дражджавого камбіната, у Аляксандраўскім скверы, на Камароўскай плошчы і рагу вуліц Камсамольскай і Маркса, — гаворыць гід. — Кірыла Трус – працоўны вагонарамонтнага завода імя Мяснікова , Уладлен Шчарбацэвіч — 15-гадовы юнак. У той дзень пакаралі і яго маці ў Аляксандраўскім скверы. Марыя Брускіна – 17-гадовая стрыечная пляменніца скульптара Заіра Азгура. Помнік ім устанавілі ў 1976 годзе, але доўгі час імя Брускінай значылася на шыльдзе як невядомае. На самой справе, яно было вядома, але пасля Шасцідзённай вайны на Бліжім Усходзе ў 1967 годзе афіцыйная савецкая ідэалогія Марыю не прызнала, бо яна яўрэйскага паходжання, а адносіны паміж Ізраілем і СССР на той момант былі напружаныя. Толькі ў 2009 годзе яе імя з’явілася на мемарыяльнай дошцы.

Крок пяты

Яшчэ адзін помнік індустрыяльнай архітэктуры канца XIX стагоддзя — корпус завода па вырабу алкагольнай прадукцыі. Ён пабудаваны па тыпавому праекту казённага віннага склада, дзе выраблялі і захоўвалі гарэлку.

— У 1895-м міністр фінансаў Расійскай імперыі запусціў рэформу, якая прадугледжвала зацверджанне стандарта вырабу гарэлачнай прадукцыі і ўвядзенне віннай манаполіі. Мэта — павялічыць даходы ў бюджэт і павысіць якасць прадукцыі і культуру піцця. Казённае віно прадавалася ў спецыяльных крамах. У 1914 годзе ўвялі сухі закон, і манаполія скончылася. Але завод па сённяшні дзень захоўвае сваё функцыянальнае прызначэнне, — распавядае Мезаўцоў і накіроўваецца наперад.

— З левага боку месціліся паўсаматужныя піваварні, справа — жылая драўляная забудова. Людзі жылі ў жудасных умовах: брудна, сыра, цесна. Сюды ішоў вялікі натоўп народу дзеля працы, — працягвае ён. — У 1960–1970-х з’яўляецца студэнцкі гарадок БДУ, Дом палітасветы. Ён створаны Камуністычнай партыяй для прапаганды ідэй. Сёння гэта канцэртная зала “Мінск”.

Крок шосты

Пераходзім Свіслач праз былы Ляхаўскі мост і ідзем да плошчы Аб’яднаных Нацый. Гэта невялікі гаёк з правага боку ад дарогі.

— Плошча атрымала назву ў 1995 годзе, калі святкаваўся 50-гадовы юбілей Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заснавальнікам якой з’яўляецца і Беларусь. У 2010 годзе на гэтым месцы ўсталявалі валун з памятнай шыльдай. Адбыўся урачысты мітынг, чыноўнікі саджалі дрэвы. Планавалася ўстанавіць і помнік ААН, але гэтага не адбылося. Шыльду з валуна вандалы даўно знішчылі, — адзначанае экскурсавод і вядзе ў Ляхаўскі сквер, што раскінуўся па суседству.

Гэта ўлюбёнае месца адпачынку моладзі: тут усталявана сцяна памяцi легенды савецкай рок-музыкі Віктара Цоя.

Яна з’явілася ў 1990-х на Кастрычніцкай плошчы, але ў 2010-м яе перавезлі ў Ляхаўскі сквер. Дзякуючы яго назве, якую прысвоілі ў 2009-м, у тапаніміцы горада захоўваецца памяць пра былое прадмесце.

Фота Паўла Русака

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ