ГЛЫБІНКА. Чым ганарыцца і прываблівае гасцей Давыд-Гарадок
У Беларусі шмат мястэчак, пра якія, не ў прыклад вялікім гарадам, мала што вядома. Як жывуць там нашы суайчыннікі, да чаго імкнуцца, у што вераць і чым ганарацца — аб гэтым новы праект газеты «Вячэрні Мінск» «Глыбінка».
Давыд-Гарадок Столінскага раёна размясціўся на беразе ракі Гарыні — прытока Прыпяці. Лічыцца, што заснаваў яго прыкладна ў 1100 годзе князь Давыд Ігаравіч — унук Яраслава Мудрага. У XVI стагоддзі гэты населены пункт стаў гандлёвым цэнтрам Валына-Падольскага рэгіёна. Па Гарыні, Прыпяці і Дняпры смалу, дзёгаць, хлеб везлі ў Кіеў, а праз канал Агінскага — у Балтыку. Ніколі ў мястэчку раней не была, таму з цікавасцю разглядала вузкія вулачкі з акуратнымі аднапавярховымі дамамі яшчэ мінулага стагоддзя. Адзін да аднаго не падобныя, але ёсць і агульныя рысы: на кожным — выява Сонца, выразаная або намаляваная на фасадзе пад дахам.
Песні Лады і Леля
— Сонечны дыск з промнямі, што адыходзяць ад яго, — старажытны славянскі сімвал, — тлумачыць мясцовы жыхар Аляксандр. — Гэта наш абярэг, людзі і сёння наносяць яго выяву на жыллё. Ёсць ён таксама на старадаўніх посудзе, ручніках, мэблі. А яшчэ гэты знак увасабляе імкненне чалавека да чыстых, светлых помыслаў на сваім крузе жыцця.
Жыхары Давыд-Гарадка горда называюць сябе гарадчукамі. З пакалення ў пакаленне тут перадаюцца арыгінальныя традыцыі і звычаі продкаў. Напрыклад, жаночы галаўны ўбор — намітка. На Палессі яго спрадвеку насілі ўсе жанчыны, хаця доўгі вузкі ручнік з вышытымі на канцах узорамі закруціць і сабраць кругом галавы без навыку складана. Давыд-гарадоцкія наміткі ад іншых адрозніваліся: былі нашмат даўжэйшыя і завязваліся так, што тырчалі на галаве, як рогі, а канцы звешваліся ледзь не да пояса. Але прыгажосць беларускіх жанчын гэта не псавала.
— У царкву хадзілі амаль усе, аднак гэта не перашкаджала людзям прытрымлівацца і старажытных славянскіх звычаяў, — гаворыць гід. — Апявалі Ладу і Леля, ладзілі народныя гулянні на берагах азёр і рэк, скакалі праз вогнішча, лячылі травой і змовамі.
Салдат і кампанія
Фішка Давыд-Гарадка — народны абрад «Конікі», які штогод праводзіцца ў Шчодры вечар (у ноч з 13 на 14 студзеня). У снежні 2019 года ўнікальны рытуал быў прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі.
— Святу больш за 100 гадоў, такога няма больш нідзе, — адзначае Аляксандр. — У аснове — вобраз Каня, а не Казы, як прынята на Каляды.
— Адкуль пайшла традыцыя? — пытаюся я.
— Старажылы распавядалі, што нібыта падчас Першай сусветнай вайны неяк перад Новым годам у Давыд-Гарадку стаяў эскадрон казакоў, а лінія фронту была далёка. Адзін салдат ад няма чаго рабіць змайстраваў імітацыю каня з двух кошаў, якія мацаваліся да чалавека. А замест конскай галавы ўзяў валёнак. Зверху ўсё накрывалася папонай, і атрымліваўся калядны персанаж. Прыбралі таксама Салдата, Дзеда, Бабу, Мядзведзя, Барана, Смерць і нават Чорта. І пайшлі казакі мясцовы народ забаўляць. Ім і чарку налівалі, і грошай давалі. Свята так усім спадабалася, што прыжылася назаўжды. Гарадчукі дагэтуль беражліва захоўваюць аўтэнтычнасць «конікаў». Рыхтуюцца загадзя: сваімі рукамі робяць маскі, шыюць касцюмы, запрашаюць гасцей. А пасля выканання абраду ладзяць вялікі святочны баль. Тады паўсюль чуваць шчадроўныя песні.
Гарадок багаты на таленты. Тут нарадзіўся і вырас беларускі пісьменнік, драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгій Марчук, намінаваны на Нобелеўскую прэмію. Па яго аўтабіяграфічнаму твору «Кветкі правінцыі» зняты аднайменны мастацкі фільм. Здымкі праходзілі ў Давыд-Гарадку. Гэта таксама радзіма пісьменнікаў Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзіміра Глушакова, Паўла Місько. Самабытны вобраз мястэчка прадстаўлены і ў творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Што пасееш
Прадпрыемстваў у гарадку няшмат, а насельніцтва — каля 6 000. Вось і арганізавалі жыхары свой бізнес — агародніцтва. Вырошчваюць гародніну-садавіну на продаж і займаюцца насенневодствам. Балазе зямля ў тых месцах урадлівая. Справа пайшла. Па пятніцах і выхадных на мясцовым рынку можна купіць гародніну, мяса, сала, рыбу, закаткі, мёд.
У нядзелю з’язджаюцца фермеры не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Закупляюць у надзейных, правераных часам аграрыяў насенне буракоў, морквы, агуркоў, зеляніны, бульбы, кветак — недарагое і якаснае. Яшчэ адзін від камерцыі — клейка фасовачнай упакоўкі. Займаюцца гэтым зімой. Кажуць, за дзень умелец здольны зрабіць каля тысячы пакецікаў. Афармляюць іх яркімі каляровымі малюнкамі адпаведных сельгаскультур. Ідзе гандаль і на вагу — з палатняных мяшэчкаў. Назіраю, як адна з прадаўшчыц спрытна адмярае насенне то чайнай лыжачкай, то шклянкамі рознай ёмістасці.
— Лепш шклянкамі браць, — даверліва шэпча мне сталая пакупніца. — У расфасоўку па 10–15 семак кладуць — атрымліваецца даражэй.
Ага, трэба запомніць! А яшчэ гарадчукі — заўзятыя рыбаловы. Рыбка ў Гарыні сапраўды ёсць, спрадвеку лавілі і для сябе, і на продаж. Салілі, вэндзілі, вялілі. Мясцовыя рамеснікі шылі на заказ выдатныя боты, краўцы — адзенне. Займаліся кавальскай справай, ткацтвам, выраблялі плеценае аздабленне для брычак, медны посуд, цяслярнічалі. Карацей кажучы, майстры на ўсе рукі. Такія і зараз тут ёсць!
Перад ад’ездам прайшлася па мястэчку. Убачыла помнік заснавальніку гарадка князю Давыду. А яшчэ паглядзела на старадаўнія будынкі, наведала Свята-Георгіеўскую царкву — старажытны помнік драўлянага дойлідства. Пакланілася мемарыялу героям Вялікай Айчыннай вайны, якіх у Давыд-Гарадку памятаюць і шануюць. Кажуць, у Дзень Перамогі туды ўсё яшчэ прыходзяць ветэраны. На жаль, усяго некалькі чалавек засталося… Паднялася яшчэ на Замкавую гару. Але нават слядоў паселішча там ужо няма. Ляжыць толькі вялікі камень з надпісам: «Адсюль ёсць пайшоў гарадок Давыда. ХІІ стагоддзе». І вакол чыстае ў літаральным сэнсе поле. Ніякага смецця. Берагуць гарадчукі сваю зямлю і гісторыю.
Фота аўтара і з інтэрнета