Хто і навошта ў Мінску рыхтуецца да міжнародных водных марафонаў

Прабегчы паўмарафон ці марафон па цэнтры Мінска, атрымаць медаль удзельніка, выставіць фота ў Instagram: «Так, я змог!» — гэта зараз модная тэндэнцыя.

Адрэналін, энергія, хваляванні і эмоцыі… Але і гэтага становіцца мала. Што можна зрабіць яшчэ? Напрыклад, пераплысці цераз Басфор — з Азіі ў Еўропу. Яшчэ і грошы за гэта заплаціць. Карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на трэніроўцы з тымі, хто рыхтуецца да такога заплыву. Яны адкажуць, навошта ім гэта.

80 працэнтаў ведаў — тэхніка плавання: як сачыць за дыханнем, як рухаць рукамі, нагамі і ўвогуле ўсім целам. Потым вывучаюць сілавы і аэробны блок. І, канешне, псіхалагічна падтрымліваюць: «Ты зможаш». 

У басейне на праспекце Пераможцаў сярод мокравалосых дзяцей і бацькоў, якія іх сустракаюць, хапае і дарослых, што прыйшлі на заняткі па плаванні. Са студзеня яны займаюцца тут двойчы на тыдзень. Трэніроўкі скончаць летам, перад стартамі заплываў: першы — з замка Iф да берагоў Марсэля, другі — цераз праліў Басфор. Акрамя заняткаў з трэнерам, яны яшчэ два разы павінны займацца самастойна, таму што адкрытае мора, праліў і вялікая колькасць кіламетраў, дзе ў дапамогу толькі твае рукі і ногі, — гэта не жартачкі. Так, бахілы на ногі — іду глядзець, хто, чаму і як навучаецца.

Вучні збіраюцца каля Ульяны Зарубінай – трэнера па плаванні. Атрымаўшы заданні, скідваюць тапкі, надзяваюць акуляры і акунаюцца ў блакітны басейн глыбінёй 3 метры, даўжынёй — 50. Хтосьці ў ластах, хтосьці са спецыяльнай дошкай. Заплывы, у якіх яны мараць паўдзельнічаць, будуць вельмі хутка — рыхтавацца цяпер трэба з усіх сіл. Ужо нельга, як студэнты і дзеці на суседніх дарожках, ручкамі і ножкамі дрыгаць у вадзе. Адразу адзначу: заплыў ад замка Iф да Марсэля — адно з самых складаных і пры гэтым відовішчных спаборніцтваў. Можна выбраць дыстанцыю 5, 2,5 і 1 кіламетр. Нягледзячы на тое што праводзіцца яно будзе 22—24 чэрвеня, вада будзе халоднай, з хвалямі. Праплысці цераз праліў Басфор (6,5 км) крыху лягчэй — там куды больш камфортная па тэмпературы вада. Старт гэтага мерапрыемства — 22 ліпеня. Удзельнічаць у ім будуць 1900 чалавек з усяго свету.

Пакуль вучняў не накрыла хваля заняткаў, я – баязліўка па жыцці — пытаюся, чаго ім не хапае, навошта ў ваду з усімі лезці? Дама ў блакітным купальніку — 32-гадовая Яўгенія Цюленева, мадэль — прызнаецца, што і сама б раней не паверыла, што ўвяжацца ў такую авантуру:

— У лістападзе 2017 года я стала віцэ-міс конкурсу «Міс свету Plus Size». Прачытала каментарыі суайчын­нікаў да гэтай навіны… Некаторыя лічылі, што трэба быць проста «тоўстай прыгажуняй», а больш нічога рабіць і не патрабуецца. Я вырашыла паказаць, што са спортам сябрую і вялікая вага — гэта не перашкода.

Першыя яе поспехі былі сумніўнымі: 25 метраў — і пачынала задыхацца. Ужо цяпер яна можа без перапынку плыць кіламетр. На заплыў да замка Iф яна купіла слот (месца ўдзельніка) на 5 кіламетраў. Упэўненая, што здужыць.

У яе аднакашніка па басейне — 38-гадовага Яўгена Шатохіна, уладальніка кампаніі па продажы касметыкі, — увогуле раней была боязь вады:

— Нават у душы не заліваў твар — была паніка. Вядома, не ўмеў плаваць. Усё думаў: такі від спорту менш траўматычны, але як мне навучыцца? Даведаўся пра заняткі, зразумеў, што пазл складзецца: буду вучыцца ў групе, змагу паўдзельнічаць у цікавым мерапрыемстве. У мяне з’явілася мэта. Родныя сказалі: «Задума — вар’яцтва! Гэта небяспечна!» Але калі я распавядаю падрабязнасці, усім становіцца вельмі цікава.

На занятках Яўген перастаў баяцца, навучыўся правільна плаваць і збіраецца заваяваць у Марсэлі дыстанцыю на 2,5 кіламетра.

Дарэчы, аб трэнерах «мараплаўцаў». Навучаюць іх тры кваліфікаваныя трэнеры ў двух басейнах — Аляксандр Кавалькоў, Юлія Антонава, Ульяна Зарубіна. Я трапіла на заняткі да апошняй. Яна яшчэ, дарэчы, і трэнер па трыятлоне. Вядома ж, сама прайшла нямала экстрэмальных спаборніцтваў. Кажа, што ў заходніх краінах людзі не тое што марафоны бегаюць, але і ўдзельнічаюць у куды больш складаных спаборніцтвах:

— Гэта зацягвае. Людзі займаюцца спортам, знаёмяцца, весяляцца, ставяць мэты. Я пяць разоў удзельнічала ў палове спаборніцтваў Ironman. Заплыў на 3,8 кіламетра, 180 кіламетраў на веласіпедзе, 42 кіламетры — забег. У першы раз, калі спрабавала, хацелася памерці. Потым ставіш мэту, трэніруешся, і наступныя спаборніцтвы табе паддаюцца — адчуванні не перадаць. Зараз гляджу на вучняў і ра­зумею: спачатку яны мяне ненавідзяць, а потым падзякуюць.

Як думаеце, колькі каштуе сябе так «мучыць»? 250 еўра ў сярэднім стартавы ўзнос на палову спаборніцтваў Ironman, на ўсе — ад 500 еўра. Трэба яшчэ плаціць трэнеру, таму што самастойна падрыхтавацца нерэальна, а яшчэ трэба купіць экіпіроўку… Ульяна Зарубіна разумее, да чаго я хілю:

— Так, такімі забаўкамі захапляюцца тыя, хто можа сабе гэта дазволіць, каму становіцца сумна — хочацца новага, незвычайнага. Але падрыхтавацца хутка нельга. Асабліва калі ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве спортам не займаўся. Намаганні, жаданне, час — толькі гэта дапаможа. Трэба разумець, што старт пачынаецца ўжо з вады, у адкрытым моры, сярод процьмы людзей.

Дарэчы, у басейне займаецца больш вучаніц. Праўда, не ўсе з іх паедуць на праліў Басфор: слоты туды раскупілі ў свеце за лічаныя хвіліны!

У Марсэль паедуць каля 20 чалавек, а на Басфор — 12. Каб праплысці з натоўпам людзей, яны заплацілі за старт ля замка Iф больш за 50 еўра, а за ўдзел на праліве Басфор — 120.

Час заняткаў прайшоў. Вучні вылазяць з басейна, збіраюцца зноў вакол трэнера. Атрымаўшы «хатняе заданне» і рэкамендацыі, разыходзяцца. Зусім хутка яны адправяцца ў незвычайнае падарожжа і спаборніцтва з самім сабой. А вы б так змаглі?

Самое читаемое