Историк — про фотоальбом «Минск: из руин к процветанию»: «Гэта захапляльнае падарожжа ў часе і прасторы»

На кніжных паліцах з’явіўся шыкоўны фотаальбом гісторыка, экскурсавода і выкладчыка БДЭУ Івана Сацукевіча «Минск: из руин к процветанию». Ён распавёў, наколькі горад змяніўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, як развівалася будаўніцтва і што цікавіць турыстаў. Карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» пагутарыла з таленатавітым аўтарам.

— Іван Іванавіч, што вас натхніла на стварэнне фотаальбома?

— Пра Мінск вельмі мала даследаванняў, кніг. За апошнія 15–20 год значна больш літаратуры выдадзена пра Гродна, Магілёў. Парадокс у тым, што ў сталіцы знаходзяцца буйныя навуковыя цэнтры, шмат гісторыкаў, спецыялістаў. Чаму так? У савецкія часы краязнаўства было не ў пашане. У постсавецкі час тэндэнцыя пачала мяняцца, але вучоныя ў асноўным заняты агульнадзяржаўнымі праектамі, а лакальная гісторыя іх не цікавіць. Гэта няправільная сітуацыя. Я наколькі магу спрабую яе змяніць, шмат пішу пра малую радзіму. Самая вядомая кніга «Гісторыя Мінска» выдадзена ў 2006-м. Даўно хацеў напісаць пра пасляваенны перыяд. І напрыканцы мінулага года да мяне звярнулася выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» з прапановай паўдзельнічаць у стварэнні фотаальбома па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакуметаў. Мая задача як вучонага — падабраць эксклюзіўныя фотаздымкі з багатай калекцыі архіва, сістэматызаваць іх і падрыхтаваць гістарычныя даведкі, тэксты. У кнізе 12 частак, якія распавядаюць пра знакавыя аб’екты і раёны. Фактычна «Минск: из руин к процветанию» — мікст паміж фотаальбомам і навукова-папулярнай кнігай. Гэта захапляльнае падарожжа ў часе і прасторы. Гартаючы старонкі, можна прайсціся па сталіцы БССР 1940–1970-х, адчуць савецкую эпоху, паглядзець, як горад быў разбураны пасля вайны, як аднаўляўся і змяняўся, параўнаць з сучаснасцю. Цікавостка кнігі ў тым, што мы скарысталіся метадам паралельнага выстаўлення гістрачнай і сучаснай фатаграфіі. А дзякуючы QR-кодам чытачы змогуць убачыць відэаздымку пасляваеннага Мінска.

— Па якім прынцыпе выбіралі фатаграфіі, хто іх аўтары?

— У кнізе амаль 200 здымкаў 1944–1979 гадоў. Яны захоўваюцца ў дзяржархіве, зроблены прафесіяналамі і аматарамі. Асноўныя аўтары — фотакарэспандэнт БелТА Уладзімір Лупейка, фатограф інстытута «Белпраект» Яфім Ліўшыц і заслужаны доктар Беларусі Васіль Каляда, які цікавіўся гісторыяй сталіцы і фіксаваў на камеру ўсё, што бачыў у 1950–1960-я. Сучасныя здымкі рабіў Анатоль Дрыбас. Я стараўся падбіраць малавядомыя кадры, якія раней не публікаваліся. Магчыма, з пункту гледжання фотамастацтва яны не самыя якасныя, але мне хацелася паказаць працэс будаўніцтва, развіцця, перадаць рытміку жыцця.

— Раскажыце, як Мінск паўстаў з попелу.

— Горад вельмі моцна разбураны ў вайну толькі ў дзвюх лакацыях: прывакзальны раён разам з плошчай Леніна і сучасны праспект Незалежнасці ад Галоўпаштамта да плошчы Якуба Коласа працягласцю 4 км. Немцы хацелі знішчыць чыгуначную інфраструктуру і паралізаваць эвакуацыю, праезд па цэнтральнай вуліцы. Не магу сказаць, што Мінск поўнасцю быў разбураны. Перыферыйныя раёны не пацярпелі. Але пасля вайны савецкая ўлада хацела бачыць новы горад не з вузкімі вуліцамі і маленькімі драўлянымі дамамі, якія паўсюль стаялі, а з высокімі будынкамі і шырокімі праспектамі. У першую чаргу аднаўляліся важнейшыя аб’екты: чыгуначны вакзал, ваколіцы Дома ўраду, галоўны праспект, тэатр оперы і балета, гістарычны цэнтр. На фатаграфіях можна ўбачыць, што не вайна многае знішчыла, а пасляваенная рэканструкцыя. Напрыклад, каля плошчы Леніна цэлыя кварталы старажытных дамоў знесены ў 1963–1964 гадах — і з’явілася пустая плошча Незалежнасці. Сёння яны б атрымалі статус помнікаў архітэктуры, а тады іх не лічылі каштоўнасцю. У розныя часы разбураны некаторыя карпусы ўніверсітэцкага гарадка. Зніклі з карты цэлыя прадмесці: Раманаўская Слабада, Камароўка. Траецкае значна пацярпела. Знесены ў 1951-м выбітны дамініканскі касцёл, які не падпадаў пад каноны сацыялістычнага горада. Будаваўся новы Мінск, не без памылак, безумоўна, але мы атрымалі ў спадчыну шыкоўную савецкую архітэктуру. Можна спрачацца, наколькі добрымі аказаліся хрушчоўскія раёны 1960-х, але пасляваенная забудова мне вельмі падабаецца. Шэдэўр — ансамбль будынкаў 1944–1957 гадоў у стылі неакласіцызма на праспекце Незалежнасці. Такога больш нідзе няма. Украінскі Крэшчацік? Гэта 800 м, а наш праспект — 6 км ад плошчы Незалежнасці да парка Чалюскінцаў. Такое маглі пабудаваць толькі ў савецкі час, бо фінансавала дзяржава, архітэктары імкнуліся зрабіць усё ідэальна з пункту гледжання эстэтыкі, функцыянальнага прызначэння, камфорту для людзей. Сёння ўласнікі будынкаў думаюць толькі пра тое, каб атрымаць прыбытак. А якія цудоўныя рабочыя пасёлкі будаваліся! Пасля вайны мінчанам не было дзе жыць. Каля кожнага вялікага прадпрыемства выдзялялася тэрыторыя для дамоў. Прайдзіцеся па вуліцы Алега Кашавога — вось дзе аўтэнтыка! Узводзіліся і тыпавыя мікрараёны. Першыя з’явіліся на вуліцах Ванеева, Валгаградскай, бульвары Талбухіна, Пушкінскай плошчы, шматпавярховікі — на Усходзе. Усё гэта адлюстравана ў кнізе.

— Ці ёсць у вас любімыя месцы, куды водзіце экскурсіі?

— Увесь Мінск любімы, магу расказаць пра кожны раён. Безумоўна, гістарычны квартал больш насычаны і цікавы помнікамі архітэктуры, падзеямі, якія адбываліся, славутымі жыхарамі. Гэта праспект Незалежнасці, вуліцы Карла Маркса, Кірава, Камсамольская, Герцэна, Траецкая гара, Старажоўка з Пярэспай, Ракаўскае прадмесце з Нямігай. Шмат цікавага ў раёне парка Чалюскінцаў і бульвара Талбухіна. На вуліцы Кузьмы Чорнага з’явіўся шыкоўны мурал з выявай літаратара. Гэта сучасны прыклад таго, як можна ажывіць мегаполіс, ачалавечыць яго. Мы павінны збліжаць горад і жыхароў з дапамогай архітэктуры, назваў вуліц, помнікаў, скульптурных кампазіцый, муралаў, мемарыльных шыльд. На жаль, частка мінчан — людзі, якія проста тут жывуць, прыехалі працаваць. Для іх Мінск чужы. А калі 2 млн чалавек зразумеюць, у гонар каго названы вуліцы, каму стаяць помнікі, яны палюбяць горад, будуць удзельнічаць у вырашэнні яго лёсу, зменіцца іх якасць жыцця.

— Што магло б стаць брэндам сталіцы, і як павялічыць яе турыстычны патэнцыял?

— У нас ёсць цудоўны герб — узвышэнне Дзевы Марыі на нябёсы. Ён прыгожы, мае легендарную аснову, яго ведаюць. Можа, і не трэба нічога новага шукаць? Калі разважаць пра нейкі лагатып, пазнавальны вобраз, то гэта «Брама Мінска» — дамы на Прывакзальнай плошчы ўжо сталі сімвалам горада. Безумоўна, у нас ёсць гістарычны цэнтр, але ён так знявечаны ў ХХ стагоддзі, што наўрад ці зацікавіць палякаў, літоўцаў, немцаў. Мы павінны развіваць патэнцыял пасляваеннага Мінска як горада ўнікальнага, непаўторнага, дзе будзе цікава і беларусам, і расіянам, і еўрапейцам. Чаго не хапае турыстам? Добрага міжнароднага піару і музея сусветнага ўзроўню. Упэўнены, калі мастацкі музей дабудуе свой квартал, наведвальнікаў стане значна больш. Патрэбны новы будынак і для гістарычнага музея. Наша краіна маладая, але ў нас тысячагадовая гісторыя дзяржаўнасці. Мы не можам адмовіцца ад Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Дзе гэта паглядзець? Нармальнай экспазіцыі няма, хаця ёсць што паказаць. Лічу, гістарычны музей павінен быць у гістарычным будынку ў цэнтры горада. Пра беларусаў мала ведаюць у свеце, і таму мы цікавыя для замежных гасцей. Будзем самі любіць свой край і ведаць пра яго, даведаюцца і за мяжой.

Смотрите также:

Подписаться

Подписывайтесь на канал MINSKNEWS в YouTube
Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ