Карэспандэнт на тыдзень адмовілася ад цукру і даведалася, ці лёгка пазбавіцца ад звычкі яго спажываць

Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе спажываць не больш за шэсць чайных лыжак цукру ў суткі.

Але мы ядзім у чатыры разы больш: амаль палову шклянкі цукровага пяску! Атрымліваецца, каля 70 кілаграмаў цукру ў год. Ці не зашмат? Карэспандэнт «Р» на сем дзён адмовілася ад цукру і даведалася, ці лёгка пазбавіцца ад звычкі есці салодкае.
 
Эксперымент доўжыўся тыдзень і паказаў: на нашых харчовых прылаўках практычна няма прадуктаў, якія не ўтрымліваюць цукар.

У суткі мы ў сярэднім спажываем 20 — 24 лыжкі цукру, які змяшчаецца ў нашай ежы і напоях. Адкуль такія велізарныя лічбы? Цукар у разуменні многіх — гэта белы пясок, які мы дадаём у гарбату або каву. Але гэта толькі малая частка таго, што мы спажываем. Закрываю цукарніцу і азіраюся на кухні: на стале ляжаць чыпсы, пячэнне, зефір і шакаладныя цукеркі. У гэтых прадуктах шмат цукру, і гэта вядома нават дзецям. На іх адназначна табу — пазбаўляюся ад усяго такога на цэлы тыдзень. Вырашыла харчавацца несалодкімі і адносна дыетычнымі прадуктамі, якія ёсць на прылаўках у кожным магазіне. У пачатку эксперымента я не чакала, што тыдзень выдасца такім пакутлівым, але вынік прыемна здзівіў. Раскажу пра ўсё па парадку.

Каша-хвілінка, якой я снедала раней, змяшчае 17 г цукру на 100 г прадукту. Жах! Натхняюся папулярным выразам «Жыццё — не цукар» і пакорліва іду снедаць аўсянай кашай на вадзе. Зрабіць страву смачней могуць дапамагчы гародніна і садавіна з так званым прыродным цукрам. У маім выпадку была курага. Тое ж можна прарабіць і з тварагом: замест салодкага напаўняльніка дабавіць у талерку кавалачкі банана, яблыкаў, сліў, вінаграду. Пасля такога сняданка цяга да шакаладу і цукерак адбіта мінімум на паўдня.

У абед спраўляцца стала больш складана: мяса з гарнірам зроблена на пары, вырашаю неяк страву зрабіць разнастайнай. Бяру, як мне раней здавалася, бяскрыўдны пакупны кетчуп. Чытаю пра яго: аказваецца, там шмат цукру! На кожную сталовую лыжку соусу прыходзіцца адна чайная лыжка цукру, а гэта 4 г. Пасля такой навіны дэсерт я нават не хачу.

У падвячорак я часта гатую мюслі або перакусваю злакавымі батончыкамі.

Такія прадукты часта ляжаць у магазіне на асобным прылаўку — з надпісам «здаровае харчаванне». Заўсёды ўпэўнена кідала іх у карзіну, але цяпер я ўпершыню прачытала склад. Аказваецца, у гэтых прадуктах змяшчаецца так шмат цукру, што па яго змесце яны могуць смела канкурыраваць з шакаладнымі цукеркамі. Вырашаю прыгатаваць перакус сама: бяру аўсяныя шматкі, натуральны мёд, жменьку арэхаў і трохі сухафруктаў — гатова!

Падчас эксперымента развеяла яшчэ адзін міф, які навязалі знаёмыя: прыхільнікі здаровага спосабу жыцця ў адзін голас сцвярджалі, што белы хлеб трэба замяніць на суцэльназерневы. Што ж, вывучаем склад: аказваецца, такі прадукт змяшчае 4 г цукру на 100 г прадукту. Як альтэрнатыва — хлябцы без дабавак.

Упадабаныя стравы тых, хто скідвае вагу, — абястлушчаныя прадукты. Здавалася б, што ў іх такога. Этыкеткі крычаць: дыетычны прадукт. Прыглядваюся і знаходжу ў складзе… шмат цукру! Напрыклад, абястлушчаны тварог. Каб ён быў смачным, вытворцы дадаюць цукар — часцей за ўсё ў складзе ён стаіць на ганаровым другім або трэцім месцы. Тое ж з ёгуртамі: у малочным аддзеле знаходжу толькі некалькі з надпісам «без цукру». А вось у бутэлечцы з фруктовымі сокамі цукру цэлых восем лыжак!

Да вячэры ўжо падыходжу адказна: з веданнем справы мэтанакіравана іду ў магазін. Разглядаю тавар у мясным аддзеле і дзіву даюся: у дзесяці відах каўбас і сасісак, якія я паспела вывучыць, у сярэднім знаходзіцца 20 чайных лыжак цукру на 1 кг прадукту! У шоку і ад складу запланаванага гарніру: я хацела купіць кансерваваную фасолю. Там, а таксама ў бляшанках з кукурузай, зялёным гарошкам, кабачкамі і капустай «закатана» шмат цукру.

На салодкую газіроўку нават не гляджу — усім вядома, што ў адным літры змяшчаецца 26 чайных лыжак цукру. Не варта паддавацца і на сучасны маркетынгавы ход: у складзе напояў з пазнакамі «без цукру» або «лайт» ёсць няякасны цукразамяшчальнік. Улічваючы ўсё гэта, рука цягнецца да натуральнага соку і нектару, якія прадаюцца ў пакеце. Але і яны расчароўваюць. Гадамі імі ласавалася, яшчэ і гасцей частавала: гэта ж добра, думала я, вітаміны. Але насамрэч у пакетаваных соках ёсць не толькі фарбавальнікі і кансерванты, але і цукар. У адной шклянцы — 5—7 чайных лыжак. Таму максімум карысці ад садавіны лепш атрымліваць з самаробных сокаў ці  калi есці плады цалкам.

Эксперымент доўжыўся тыдзень і паказаў: на нашых харчовых прылаўках практычна няма прадуктаў, якія не ўтрымліваюць цукар. Глазураваныя сыркі, сасіскі, хлеб, макарона, пельмені, кансервы, паўфабрыкаты — ён ёсць фактычна ўсюды. Ёсць і «схаваны» цукар, які змяшчаецца ў прадукце не толькі ў выглядзе цукрозы, але і ў выглядзе мальтозы, кукурузнага сіропу, цукру-сырцу, патакі і гэтак далей. У такіх інгрэдыентах мала пажыўнай каштоўнасці, але шмат лішніх калорый. Калі ўважліва вывучаць склад прадуктаў, можна прыкладна падлічыць аб’ём цукру ў сваім рацыёне. Вы здзівіцеся, але да эксперымента я штодня з’ядала каля 50 чайных лыжак цукру! З гэтых часоў буду купляць усе інгрэдыенты па частках і рыхтаваць стравы сама, а да гатовых прадуктаў звяртацца трохі радзей.

ТОП-3 О МИНСКЕ