КУПАЛАЎСКАМУ — 100. «Акцёры плакалі, расказваючы пра сваё дзяцінства». Як стваралі спектакль «Першы»

Агенцтва «Мінск-Навіны» пачынае праект, прысвечаны першаму і старэйшаму беларускаму тэатру краіны. Мы раскажам пра прэм’еры і легендарныя спектаклі, сустрэнемся і пагутарым з акцёрамі і рэжысёрамі, наведаем вытворчыя цэхі, даведаемся, што робіцца за кулісамі і хто дапамагае ствараць цуд на сцэне. Адкрывайце Купалаўскі разам з намі.

Зусім нядаўна на Камернай сцэне адбылася прэм’ера спектакля «Першы». Рэжысёр Раман Падаляка распавёў пра стварэнне пастаноўкі.

— Як узнікла ідэя зрабіць дакументальную пастаноўку?

— Калісьці я быў у Германіі на майстар-класе, мы на працягу двух тыдняў стваралі невялікі спектакль. Спадабалася практыкаванне літоўскага рэжысёра: студэнты расказвалі ўласныя гісторыі, на аснове якіх і рабілі пастаноўку. Мяне зацікавіла тэма дакументальнага тэатра, і я вырашыў звярнуцца да яго зараз. Але мы вельмі вольна выкарыстоўваем метадалогію вербаціма. Гэта эксперыментальная работа. Мы працавалі больш з тэкстам, чым з рэальнай асобай.

— Чаму ў цэнтры — першыя ўражанні пра навакольны свет?

— У дзяцінстве кожны дзень быццам бы першы. Кожная падзея ўспрымаецца вельмі блізка, усё новае. Гэтае адчуванне навізны і хацелася паказаць, а таксама тое, як у дзяцінстве закладваецца матрыца таго, што потым адбываецца ў дарослым жыцці. Гэта і характар, і комплексы, і матывацыі ўчынкаў.

— Чые гісторыі ляглі ў аснову п’есы?

— Калі пачыналі працу над спектаклем, не было падрыхтаванага тэксту. П’еса стваралася на рэпетыцыях. Акцёры прыносілі свае аповеды, успаміны з дзяцінства, а мы з Мішам Зуем як мантажоры збіралі іх, рабілі сцэнар. Многа дасылалі мне на электронную пошту, а пасля заметкі ў раённай газеце прыходзілі лісты ў тэатр. У асноўным гэта былі кранальныя аповеды ад бабулек і дзядулек, якія пачыналіся фразай: «Мне 80-85 гадоў, я хачу расказаць пра вайну». Такія ўспаміны мы не ўключалі ў спектакль. Было многа складаных гісторый пра смерць блізкіх, вайну. Мы не выкарыстоўвалі іх цалкам, бралі для драматургічнага тэксту только тыя моманты, якія падыходзілі па ідэі, структуры. Гэта мікс таго, калі з бацькамі едзеш на мора і калі цябе пакідаюць у дзіцячым доме. Некаторыя аповеды, што гучаць у спектаклі, складзены з успамінаў розных людзей.

— Як ішла праца над спектаклем? Наколькі акцёры былі гатовы дзяліцца ўспамінамі?

— Умовы складаныя: раніцай рэпеціравалі «Караля Ліра», днём — нашу пастаноўку, увечары выступалі на сцэне. І ў такім рэжыме жылі 3,5 месяцы. У нас сабралася класная каманда. На рэпетыцыях «Першага» некаторыя акцёры плакалі, расказваючы пра сваё дзяцінства. Таму іх гісторыі я аддаваў другім, каб захаваць дыстанцыю да тэксту, да падзей. Стараўся ствараць для артыстаў такія ўмовы, каб яны добра раскрыліся. Для іх гэта важная праца, бо яны пакідаюць у спектаклі частку свайго жыцця.

Фота Ірыны Маліноўскай

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ