КУПАЛАЎСКАМУ — 100. Тэатральныя гісторыі ва ўнікальных экспанатах музея Янкі Купалы

Сваякі — так народны артыст Беларусі Віктар Манаеў назваў Купалаўскі тэатр і музей Купалы. Абедзве ўстановы культуры беражліва захоўваюць памяць пра Песняра. Аб гэтым пойдзе размова ў матэрыяле карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

выстава «Сваякі»Містыка

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстава «Сваякі», прысвечаная 100-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Вядучы навуковы супрацоўнік Галіна Варонава звяртае ўвагу на фотаздымак хлопчыка — будучага класіка літаратуры — і адноўленыя схемы праекта Мінскага гарадскога тэатра, пабудаванага ў 1890-м. У гэты час сям’я Луцэвічаў жыла ў Мінску.

Ёсць успаміны, што маленькі Іванка пытаўся ў бацькі пра незвычайны будынак, адкуль даносілася музыка. Той распавёў пра тэатр, наведаць які ў іх не было грошай. Хто б мог падумаць, што менавіта на гэтай сцэне на поўную моц рэалізуецца талент Купалы-драматурга і тэатр стане насіць яго імя, — кажа Галіна Юр’еўна.

Цікава, што першая прэм’ера ў Мінскім гарадскім тэатры — спектакль «Сфінкс». Рэпліка афішы прадстаўлена ў экспазіцыі. Тут жа красуецца і прыгожы падсвечнік з выявай міфічнай істоты. Гэта адзіная рэч, якая захавалася ад сядзібы ў Акопах, дзе Янка Купала напісаў свае легендарныя п’есы. Магчыма, пры свячы ў падсвечніку са сфінксам і былі створаны «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», «Тутэйшыя».

выстава «Сваякі»Шчырае сяброўства

Сёння мала хто ведае імя Канстанціна Елісеева. Ён славуты карыкатурыст ХХ стагоддзя. У 1920-я працаваў мастаком у БДТ-1 і аформіў шэраг спектакляў. Сябраваў з Янкам Купалам. Яны разам працавалі над пастаноўкамі і бавілі вольны час. Пра гэта сведчаць аматарскія фотаздымкі Елісеева. На пажаўцелых ад часу фота можна ўбачыць, як Пясняр даглядае кветкі ў сваім садзе, адпачывае ў лесе з жонкай Уладзіславай Францаўнай і сям’ёй Канстанціна, сядзіць за святочным сталом разам з гасцямі…

Янка Купала сябраваў са многімі акцёрамі, рэжысёрамі і мастакамі тэатра. Яны прыходзілі да яго за парадамі, і пісьменнік прымаў удзел у стварэнні спектакляў, хадзіў на рэпетыцыі і прэм’еры. Многія артысты гасцілі ў доме Песняра, — расказвае Галіна Варонава. — Пасля смерці паэта Уладзіслава Францаўна працягвала супрацоўнічаць з тэатрам, які ў 1944 годзе атрымаў імя Янкі Купалы. Кіраўніцтва тэатра прымала ўдзел і ў адкрыцці нашага музея. Па сённяшні дзень сувязі паміж культурнымі ўстановамі моцныя. У фондах захоўваюцца асабістыя рэчы акцёраў, касцюмы, эскізы, макеты дэкарацый.

выстава «Сваякі»На выставе прадстаўлены толькі арыгінальныя эскізы сцэнаграфіі спектакля «Раскіданае гняздо». Гэта работы 1972 года Барыса Герлавана — галоўнага мастака Купалаўскага тэатра. Эскізы выкананы ў незвычайнай тэхніцы — рэльефная гіпсавая аснова і гуаш. Цэнтральнае месца на сцэне займаюць ікона Божай Маці і вобраз Хрыста. Пастаноўка Барыса Луцэнкі была прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння класіка і стала знакавай у гісторыі тэатра. Аднак першае сцэнічнае жыццё «Раскіданаму гнязду» даў заснавальнік БДТ Фларыян Ждановіч. Прэм’ера адбылася ў 1917-м. Янка Купала прымаў непасрэдны ўдзел. У рукапісе п’есы нават намалявана алоўкам схема сцэны.

У 1926 годзе ў тэатры з’явіліся і «Тутэйшыя». Пастаноўка Мікалая Папова стала адзінай пры жыцці Песняра. У хуткім часе яе забаранілі і знялі з рэпертуару. У 1982-м Магілёўскі абласны драмтэатр рызыкнуў і стварыў новы спектакль па п’есе, але адбылося ўсяго два паказы. Сапраўднае сцэнічнае жыццё драматычны твор атрымаў у 1990-м дзякуючы рэжысёру Мікалаю Пінігіну. Амаль 20 гадоў пастаноўка ішла ў Купалаўскім і сёлета вернецца ў рэпертуар у новым выглядзе. Прэм’еру зноў рыхтуе Пінігін.

 Нацыянальны скарб

Найбольшая каштоўнасць музея — арыгіналы рукапісаў «Паўлінкі» і «Прымакоў». Галіна Варонава вельмі асцярожна бярэ ў рукі сшытак і гартае старонкі. Каліграфічны почырк Купалы ўражвае.

— «Паўлінка» напісана ў 1912 годзе. Рукапіс прызначаўся для друку, але мы бачым, што праца над тэкстам і тут працягвалася, ёсць аўтарскія праўкі, — адзначае навуковы супрацоўнік. — Пасля выдання п’есы ў 1913-м рукапіс перададзены для захавання Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Пазней сшытак трапіў у музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, адтуль — да нас. Ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі.

Прыцягваюць увагу чорна-белыя здымкі прыгажуні Ядвігі Аблачымскай і яе бацькі Гіляра. Аказваецца, яны сталі прататыпамі Паўлінкі і Сцяпана Крыніцкага. Гэтыя людзі жылі на хутары Рубеж паблізу ад Акопаў, і Янка Купала пісаў вобразы персанажаў з мясцовых людзей. Дарэчы, многія потым глядзелі прэм’еру і пазналі сябе, некаторыя нават пакрыўдзіліся.

Ставіць «Паўлінку» пачалі з 1913-га, але самая славутая зроблена ў 1944-м Першым беларускім дзяржаўным тэатрам, які знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску. Рэжысёр Леў Літвінаў прадставіў публіцы «Вечар камедый Янкі Купалы», аб’яднаўшы «Паўлінку» і «Прымакоў». Пра гэта сведчыць афіша.

Ужо тады Паўлінку іграла Раіса Кашэльнікава. Ёй было 40 гадоў, і да 60 яна з лёгкасцю пераўвасаблялася ў 19-гадовую дзяўчыну. Невыпадкова яе лічаць самай лепшай выканаўцай гэтай ролі. На выставе — фотаздымкі і ўзнагароды народнай артысткі БССР.

выстава «Сваякі»Значную частку экспазіцыі займаюць праграмы і афішы «Паўлінкі» розных часоў. Прадстаўлены і касцюмы са спектакля. Таксама знайшлося месца сучасным фотаздымкам пастаноўкі, якая ў рэпертуары Купалаўская ўжо 76 гадоў. У 2019-м спектакль прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Фота Паўла Русака

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ