ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Азіяцкая гарачая салата, альбо Моцная слабая жанчына, якая збіраецца стаць шкіперам

Вялікія шэрыя вочы становяцца то блакітнымі, то амаль зялёнымі ў залежнасці ад настрою і шырыні ўсмешкі. А здаецца, раптам абрынуцца патокам слёз, як толькі становіцца сур’ёзнай. Сур’ёзная і смяшлівая, хуткая і задуменная – розная, як усе мы, жанчыны.

Я сустракаюся з рознымі людзьмі, але менавіта пасля размовы з Вольгай Агібалавай у мяне ўзнікла гэтае азначэнне: «Моцная слабая жанчына»… Гэта пра кожную з нас, але ў кожнай за гэтымі словамі свая гісторыя. Нехта гэтыя гісторыі хавае, маўляў, я не такая. Яна не адмаўляецца ні ад уласных дасягненняў, ні ад уласных памылак. Стараецца нікога ні ў чым не вінаваціць, а наадварот – зразумець, навошта дадзена тая ці іншая сітуацыя.

Безумоўна, такой «прагрэсіўнай» у адносінах да жыцця і людзей яна стала не адразу. Спачатку прыйшлося шмат перажыць, асэнсаваць і толькі пасля з’явілася цяперашняе разуменне рэальнасці…

497A4080 копия copy

Прафесію яна абрала, як і ў бацькі, – архітэктар-дызайнер. Вельмі добра памятае, як яшчэ ў дзяцінстве ўбачыла ў сне незвычайны будынак са шкла – гэта была бальніца, якую сама праектавала. На той момант дамоў са шкла ў свядомасці нашага чалавека проста не існавала, не будавалі ў нас такія. З тых часоў пытання, кім быць, у яе не ўзнікала.

Ад бацькі перайшла і любоў да паходаў. З ім абыйшлі ледзь не палову Беларусі: палатка, вогнішча, прырода. Жывая, жвавая, цікаўная да ўсяго, што навокал, адкрытая свету. Але такой яна была не заўсёды…

Быў перыяд, і даволі доўгі, калі актыўным жыццё было толькі ўнутры сям’і. Яна выхоўвала дзяцей, пагрузілась у іх праблемы з галавой, займалася домам і працавала. Жыла толькі гэтым. Зарабляла грошы, але не ведала нават, на што іх патраціць акрамя прадуктаў, лекаў, адзення для дзяцей. Здзіўлялася: «На сябе? У мяне і так усяго хапае…» – і выдаляла «дзіўную» думку з галавы. Усяго баялася, асабліва лятаць самалётам – кожны палёт успрымала як апошні. А на мора ляталі рэгулярна. Адпачывалі ціха ў дарагіх атэлях: мора, пляж, вячэра. Але настаў час – і нешта змянілася…

Яна сама стала ініцыятарам разводу. Дзеці таксама зрабілі свой выбар – засталіся з бацькам, нечакана для яе. А яна – адна ў пустой кватэры. Сям’і не стала, працу запусціла – навокал пустэча. Свой крызіс перажывала цяжка, але на нейкім этапе хапіла сіл сказаць сабе: «Калі стану ад усяго адмаўляцца – загіну». І з гэтага моманту на ўсе прапановы, што дасылала жыццё, стала пагаджацца.

Апошняй кроплей стала кніга, на якую патрапіла аднойчы на кніжнай выставе. Гэта быў расповед пра людзей, якім за 60 і якія, нягледзячы на ўзрост, працягваюць Жыць, а не запіраюцца ў чатырох сцянах у чаканні апошняга дня. Яны займаюцца тым, што падабаецца, не азіраючыся на ўзрост: скокаюць з парашутам, апускаюцца глыбока пад ваду з аквалангам, танцуюць і садзяцца на шпагат. Многія з іх адны, у многіх праблемы са здароўем, але гэта іх не спыняе.

Задумалася… Сапраўды, а навошта жыць, калі ты нікому не патрэбны, калі цябе нічога не цікавіць? І не важна, колькі цябе гадоў – дваццаць, сорак альбо шэсцьдзясят. Перасіліўшы сябе, пайшла ў першы паход на байдарках з абсалютна незнаёмымі людзьмі. Паступова зноў пачала адчуваць сябе і жыццё навокал – узгадвала сябе, забытую.

10999084_703489013094345_2075315913395818571_o copy

Фота з архіва Вольгі Агібалавай

Па працы шмат кантактуе з людзьмі розных прафесій. Ствараючы ім будучы дом альбо камфортнае асяроддзе ва ўжо існуючых апартаментах, хочаш не хочаш, але даведваешся пра іх звычкі, інтарэсы, хобі. Так, адны заказчыкі пастаянна з захапленнем распавядалі пра свой варыянт адпачынку і рэлаксу – дайвінг. На нейкім этапе яна злавіла сябе на думцы: «А чым я горш?» Запыталася, а ці можна навучыцца гэтаму ў нас. Ёй параілі інструктара, далі каардынаты.

Экстрэмальны спорт ёй, чалавеку эмацыянальнаму, прыйшоўся даспадобы. Але прывабліваў зусім не адрэналінам ад вялізарнай рыбіны побач. Падабалася іншае: самадысцыпліна, кантроль над сабой, сваімі эмоцыямі, а разам з тым поўнае расслабленне, фактычна медытацыя. Без усяго гэтага пагружэння на глыбіню проста не атрымаецца, альбо атрымаецца, але скончыцца не зусім добра.

З гэтага часу неяк сам сабою з’явіўся новы для яе прынцып жыцця: «Свет навокал адкрыты для новага. Усё ў нашых руках!». І, калі сяброўка запрасіла на яхцінг (зусім не жаночы і, на першы погляд, абсалютна не характэрны для нашых шырот занятак), спачатку адмовілася, а пасля падумала і пагадзілася, але толькі паспрабаваць. Вырашыла, што круціць носам стане толькі пасля таго, калі хаця б раз пройдзе пад ветразем. Першы паход на яхце ў якасці матроса быў як у тумане: круціла галавой у розныя бакі і перабягала з месца на месца, каб не перашкаджаць астатнім. Але эмоцый засталося шмат. Сяброўка пасля таго разу пра яхцінг забылася, а Вольга вырашыла працягваць і пайшла на курсы шкіпераў. Вучобу сумяшчае з трэніроўкамі, пакуль надвор’е дазваляе – удзельнічае ў рэгатах матросам. Кажа, з гэтага моманту стала разумець рыбакоў. Ты нечым напаўняешся і знаходзішся ў адзінстве з тым, што навокал, – так апісвае працэс. Наперадзе атрыманне правоў на кіраванне яхтай: спачатку ўнутраныя, а пасля міжнародныя. Узімку запланавала ўдзел у рэгаце на Карыбскіх астравах – гэта ўжо будзе рэальная практыка.

12046821_767025626740683_280648015344247565_n copy

Фота з архіва Вольгі Агібалавай

Наколькі яхцінг складаны для далікатнай жанчыны?… Зусім не складаны. Асноўнымі тэарэтычнымі ведамі я валодаю, а астатняе – практыка. І не ўсё адразу атрымліваецца. Дакладней, спачатку ніколі нічога не атрымліваецца. У мяне так было і з кіраваннем аўтамабілем, і з дайвінгам, і з яхцінгам. Але тут пытанне ў тым, наколькі ты зможаш узяць сябе ў рукі, спыніць паніку, супакоіцца і пачаць слухаць сябе. Для мяне гэта і рэлакс, і поўны самакантроль, і магчымасць зведаць нязведанае… – задумалася. – А адзінота – залежыць ад таго, як яе разглядаць. На яе можна глядзець як на адзіноту і пакутаваць, а можна – як на магчымасць думаць над тым, што ты робіш у жыцці, над сваімі ўчынкамі, унутранымі патрэбамі. Трэба працягваць жыць!

497A4095 копия copy

З вышыні перажытага і перадуманага раіць усім уважліва глядзець на таго, хто побач. Ідэальны варыянт, каб муж і жонка падзялялі інтарэсы адно аднаго альбо проста прымалі зацікаўленасці другой палавінкі. Калі мужчына не падтрымлівае, а жанчына падпарадкоўваецца, падаўляючы ўласнае «я», забываючыся пра свае інтарэсы, гэта тое, што разбурыць адносіны пары. Не важна, адбудзецца гэта праз 10–15 гадоў альбо праз два месяцы. Людзі павінны жыць разам, але разумець: у таго, хто побач, ёсць свае інтарэсы: курсы шыцця альбо прыжкі з парашутам, паходы альбо замежная мова. У чалавека павінна быць месца, дзе ён застаецца адзін, сам насам са сваімі думкамі. Трэба ўсвядоміць, што калі муж не разумее тваіх інтарэсаў, нічога не зменіцца ні праз год, ні праз два. Жыць у спадзяванні, што стане лепей? Лічыць, што лепей не стане, гэта апраўданні, а на рэальныя ўчынкі жанчына проста заплюшчвае вочы. Так упэўнена кажа таму, што сама прайшла праз падобнае, сама перажыла, асэнсавала і знайшла выйсце.

Адна з яе мараў – арганізаваць заняткі для жанчын у разводзе. Дапамагаць на іх будуць такія ж, як яны самі, але ўжо перажыўшыя самы складаны перыяд. Псіхолаг – гэта цудоўна, але той, хто на практыцы перажыў страту сям’і, вырваўся з дэпрэсіі і стаў лепей, – рэальны прыклад, які можа надаць сілаў іншым.

Яшчэ адзін праект, якім плануе заняцца, – сайт дапамогі для адзінокіх людзей. Ён не пра каханне, але, калі з’явяцца тыя, хто знойдуць адно аднаго ў амаль двухмільённым горадзе, – гэта будзе ўдачай. Ну а калі сур’ёзна, лічыць, што цікавым было б зрабіць сайт, дзе адзінокія маглі б сустракаць аднадумцаў, знаёміцца, размаўляць і дамаўляцца, напрыклад, разам выгуляць сабаку альбо пайсці ў кіно ці басейн, папрасіць дапамогі, калі захварэў, альбо самому прапанаваць дапамогу таму, каму яна патрэбная.

Шмат была за мяжой і прыемна здзіўлялася таму, што жанчыны-пенсіянеркі актыўна сустракаюцца, ходзяць у кавярні, кантактуюць у сацыяльных сетках. У нас такія жанчыны па-ранейшаму сядзяць ля пад’ездаў, і кожная ля свайго. Распавяла пра знаёмага, які сабраў у адным з раёнаў горада пяцьдзясят адзінокіх пажылых людзей на свята. Без усялякай падставы, проста пазнаёміць. Дваццаць шэсць чалавек, удзельнікаў таго свята, дагэтуль падтрымліваюць адносіны паміж сабою. Магчыма, некалі і ў яе так атрымаецца.

Увогуле, мараў і планаў шмат, але за імі яна не паспявае. У гэтым прызнаецца і бачыць тут свой недахоп. Але верыць, што калі нашыя жаданні вядуць для нашага духоўнага росту – яны абавязкова спраўдзяцца, калі да дэградацыі – нічога не атрымаецца, як бы ні стараўся.

Раіць шукаць вялікую радасць у маленькіх дробязях, бо жыццё такое, якім ты яго бачыш. Дабрыня і спачуванне, злоба і зайздрасць – стандартны набор якасцяў, якія ёсць у кожнага, але нездарма кажуць: «Якога сабаку корміш унутры, той і брэша».

Лічыць, што не бывае выпадковых падзей у жыцці чалавека: не можа быць так, каб цябе проста пакінуў муж ці проста пакрыўдзілі ў магазіне. Глядзі на сябе, што сам робіш у жыцці, тое і атрымліваеш. Калі хочаш кахання, праяўляй яго да іншых і пачынай першым. Тады яно і з’явіцца ў тваім жыцці.

Называе сябе жанчынай, маці, творчай асобай, якая дагэтуль вучыцца ў жыцця і месцамі шукае сябе. Так атрымалася з дзецьмі, што яны зараз не побач, але спадзяецца, што ўсё яшчэ ўстане на свае месцы. На сваім месцы, яна верыць, будзе стаяць і той самы будынак са шкла – бальніца, пабудаваная па яе праекце.

497A4079 копия copy

Азіяцкая цёплая салата

200 г шкляной рысавай локшыны;

курыная грудка;

невялікі кабачок;

2 салодкія перцы;

цыбуліна;

зеляніна;

2 зубчыкі часныку;

аліўкавы алей;

соевы соўс;

спецыі: мускатны арэх, куркума.

497A4248 копия copy

Гэта мадэрнізаваны рэцэпт той стравы, якую Вольга каштавала ў Тайландзе. Уся гародніна для гэтай салаты праходзіць тэрмічную апрацоўку, але зусім невялічкую – да паўгатоўнасці. Ну а першапачаткова ўсё наразаецца.

Кабачок, а лепей за ўсё кабачок-цукіні, чысцім і наразаем.

497A4255 копия copy

Наразаем кубікамі курыную грудку, буйной саломкай – салодкі перац. Вольга брала чырвоны і зялёны для колеру. Здрабняем цыбулю і два зубчыкі часныку. Часнычніцай Вольга не карыстаецца, наразае нажом.

497A4278 копия copy

Далей па чарзе ўсё абсмажваем на аліўкавым алеі. Памятайце, галоўнае ў гэтай салаце не перасмажыць інгрэдыенты – усё павінна быць паўгатовым. На патэльні спачатку курыца. Яе солім і прыпраўляем кары альбо куркумой і мускатным арэхам.

Да залацістага колеру абсмажваем цыбулю. Усе інгрэдыенты праходзяць тэрмічную апрацоўку на асобных патэльнях, а далей складваюцца ў вялікую пасудзіну.

497A4297 копия copy

Апошнімі на патэльню трапляюць перац і кабачок.

497A4306 копия copy

Рысавую локшыну апусціце ў кіпень, пачакайце, пакуль вада зноў закіпіць, і варыце літаральна хвілінку. Адкіньце на друшляк і прамойце халоднай вадой. Стужкі локшыны доўгія, таму разрэжце іх на кавалкі па сантыметраў пяць-сем даўжынёй і дадайце ў салату.

497A4263 копия copy

Перамяшайце ўсе інгрэдыенты, дадайце нарэзаную зеляніну і запраўце соевым соусам. Калі вы аматар вострых страў, дадайце востры соус і яшчэ на этапе гатавання прыпраўце курыцу перцам чылі. Мы рабілі больш лагодны варыянт, таму абыйшліся толькі соевым. Ну а для падачы на стол Вольга раскладвае на шырокай талерцы зялёныя лісты салату і на іх выкладае гатовую страву.

497A4351 копия copy

Пры жаданні салату можна пасыпаць зернем кунжута. Лепей за ўсё есці гарачай, адразу як прыгатавалі. Атрымліваецца сытна і смачна. Асаблівы каларыт страве надае гародніна, яна і не свежая, і не смажаная – вельмі цікавы смак.

Хаця б аднойчы абавязкова прыгатуйце гэтую салату. Упэўнена – яна стане адной з вашых найлюбімейшых страў!

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фота аўтара

 

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Квасок з зёлак ад спадчыннай шаптухі загадчыцы музея «Дом траўніка» Галіны Вайцяшчук

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тварожная запяканка ад актрысы тэатра і кіно Ганны Палупанавай

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Запечанае мяса ад уладальніцы зусім не жаночага хобі

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Вясельны каравай ад стваральніцы музея, тэатра і фестывалю «Мотальскія прысмакі»

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Лазанья з сёмгай ад паспяховага эканаміста, якая ў вольны час стварае лялек

 

 

Самое читаемое