ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Калі мужчына адзін» – каларыйны сняданак ад псіхолага

Не так даўно канчаткова пераканалася – абсалютна ўсе мужчыны лукавяць, калі сцвярджаюць, што не ўмеюць гатаваць.

Не верце, але і не прыпірайце да сцяны, каб сазнаўся, склаў спіс і тут жа прыгатаваў усё, чаму навучыўся за гады арміі, «бульбы» і студэнцтва. Кулінарныя здольнасці асабліва ўпартых трэба выпускаць на волю мякка і далікатна, каб не спугнуць і не загнаць у самыя нетры назаўжды.

Дапамог зразумець гэтую асаблівасць знакаміты акцёр Аляксандр Шырвіндт. У сваёй кнізе «Склероз рассеяны па жыцці» ён напісаў, што кулінарныя таленты мужчыны раскрываюцца толькі тады, калі ўсе з’язджаюць з дому надоўга. На дачу, у адпачынак, камандзіроўку – не важна. Сутнасць у тым, што зусім няма каму і, галоўнае, з чаго прыгатаваць. У гэтым выпадку з халадзільніка збіраюцца ўсе рэшткі, падобныя і не вельмі на ежу, і… атрымліваецца кулінарны шэдэўр, якім пасля з гонарам частуюць хатніх, а часам і гасцей.

У кожнага мужчыны ёсць такая свая «сакрэтная страва», якую ён гатуе, калі побач няма жанчыны. Часцей за ўсё ў аснове – яйкі (яны дольш за ўсё захоўваюцца ў халадзільніку). Мой бацька, напрыклад, калі мы з матуляй некуды ад’язджалі, сам сабе рабіў «Яечню па-Карскі», а пасля абавязкова частаваў нас ёю. Было неверагодна смачна!

Аляксандр Шырвіндт свой рэцэпт халасцяцкай стравы падарыў рэстарану Цэнтральнага дома акцёра, і зараз ягоны «Амлет па-Шырвіндтаўскі» можа заказаць любы ахвочы.

У майго сёняшняга героя таксама ёсць падобная страва, якую ён назваў «Калі мужчына адзін». Гатуецца яна хутка, проста і выключна з ранку. З’явіўся гэты варыянт сняданку даўно і стаў першай стравай, якую Андрэй Варабей навучыўся гатаваць самастойна.

497A0186 копия copy

У эксперыментальную групу будучых наладчыкаў станкоў з праграмным забеспячэннем ПТВ № 9 пры МАЗе вучняў са школ адбіралі. Бралі толькі выдатнікаў, вучылі чатыры гады па нейкай асаблівай праграме. Але спецыяльная праграма, безумоўна, не выключала традыцыйныя ў тыя часы сельгасработы. Рассялілі па хатах. Адрэй і двое яго сяброў апынуліся ў старэнькай бабулі, якая дазваляла моладзі гаспадарыць на сваёй кухні. Там і пачалі эксперыментаваць. У аснове заўсёды была бульба. Астатнія інгрэдыенты мяняліся ў залежнасці ад наяўнасці грошаў і часу. Нязменным заставалася адно правіла: чым танчэй нарэзаць бульбу, тым смачней у выніку атрымаецца. Дарэчы, і прыгатуецца хутчэй. Увогуле, недахоп часу з ранку і прывёў да самай апошняй трансфармацыі сняданку і з’яўлення яго ў сучасным выглядзе пад такой назвай.

У аснове стравы, так арыгінальна названай «Калі мужчына адзін», – два інгрэдыенты: бульба і яйкі, астатняе – усё, што пад рукою. Але кожны кухар мае свае хітрыкі. Паверце, ёсць яны і тут.

Інгрэдыенты:

4 бульбіны сярэдняга памеру;

2 яйкі;

цыбуля;

зялёная цыбуля;

зубчык часныка;

соль;

алей.

497A0155 копия copy

Бульба тонка наразаецца. «Тонка» ва ўсіх па-рознаму, таму спецыяльна засняла буйным планам кавалачкі. Андрэй наразае вось так…

497A0159 копия copy

Бульба абавязкова прамываецца вадой.

497A0165 копия copy

Цыбулю наразаем і абсмажваем на алеі да залацістай скарыначкі. Дадаем бульбу, не забываемся яе пасаліць і смажым хвілін 10–15. Перыядычна памешваем, каб не прыпякалася да патэльні, а ў перапынках робім усе ранішнія справы.

497A0180 копия copy

Андрэй, калі гатуе, не выкарыстоўвае лыжку і лапатачаку. Карыстаецца толькі нажамі. Прычым абыходзіцца з імі яшчэ лепей, чым прафесійны кухар. Адкуль гэткая спрытнасць? Баявыя майстэрствы. Яго калекцыя баявых нажэй (калі дакладней, гэта не толькі нажы, але і мячы), адзначна багацей за набор кухара.

497A0232 копия copy

Некалі пачынаў з вольнай барацьбы. Але атрымаў вельмі сур’ёзную траўму рукі (улетку на вёсцы скочыў з даху бабулінай хаты). Кісць была фактычна адарваная. Таму, калі яе ўрэшце сабралі, урач папярэдзіў – ні барцом, ні музыкай хлопчык стаць не зможа. На той момант Андрэй займаўся музыкай, барацьбой і марыў стаць касманаўтам. Усе дзіцячыя мары рухнулі: з выдатніка скаціўся да троечніка. Узгадвае, што стымулу працаваць не было і так працягвалася даволі доўга. Але лёс звёў з чалавекам, які пераканаў, што людзі і не з такімі траўмамі вяртаюцца ў спорт. Пачаў патроху трэніравацца, збіраць па часцінках інфармацыю, як трэніравацца правільна, як перамагаюць свае нядугі знакамітыя спартсмены.

Назапашаны вопыт і веды пачаў сістэматызаваць. Так з’явіўся спартыўны дзённік – пяць агульных сшыткаў, замацаваных разам. У гэтым талмудзе сабрана ўсё, што можна было знайсці ў 1980-х і 1990-х па адзінаборствах: выразкі з часопісаў, вытрымкі са спецыялізаванай літаратуры, замалёўкі таго, чаму вучылі на трэніроўках. Дзённік і зараз дапамагае – не толькі як крыніца інфармацыі, але і як прыклад для маладых спартсменаў. Калі падлетак бачыць гэты дзённік, звычайна без дадатковых тлумачэнняў пачынае весці свой – настаўнікі не могуць нарадавацца.

497A0197 копия copy

497A0208 copy

Праз год пасля таго, як зноў пачаў займацца спортам, цалкам аднавіўся. Смяецца: насуперак прагнозам урачоў. Як раз у гэты перыяд у яго жыццё прыйшло джыу-джытсу – японскае мастацтва рукапашнага бою. Адразу зразумеў – гэта тое, што шукаў: супаў характар барацьбы і ўнутраны стан, сутнасць і мэта.

Асноўны прынцып джыу-джытсу – не ісці на адкрытае супрацьстаянне, каб перамагчы, а саступаць націску суперніка, толькі накіроўваючы яго дзеянні ў патрэбны бок. Прынцып гэты звязаны з паданнем пра аднаго ўрача, які заўважыў, што галінкі вялікіх дрэў пад цяжарам снегу ламаюцца, а галінкі вярбы, паддаўшыся сіле, застаюцца цэлымі. Натхнёны гэтым назіраннем, лекар пазней заснаваў першую школу джыу-джытсу, даўшы ёй імя Ёсін-рю (школа вярбы).

Стрыманы і цярплівы, але мэтанакіраваны і незалежны – супярэчлівыя на першы погляд азначэнні характарызуюць гэтага чалавека, як, дарэчы і баявое мастацтва, якім займаецца. Узгадвае, што гэты ўнутраны спакой часам быў не вельмі да месца. Перад спаборніцтвамі трэнер нават лупіў па шчоках, каб раззлаваць і выклікаць агрэсію, неабходную для перамогі.

З Андрэем мы пазнаёміліся падчас паказальных баёў. З джыу-джытсу ён знаёміў дзяцей. Натхнёна, с захапленнем паказваў і распавядаў. Я зразумела, для чалавека – гэта жыццё.

DSC08080 копия copy

Агучыўшы сваё традыцыйнае пытанне «Хто вы?», чакала пачуць адназначны адказ: спартсмен. Але якім было маё здзіўленне, калі ў адказ пачула: «Я – псіхолаг. А джыу-джытсу – гэта хобі, без якога не ўяўляю жыцця!»

Што яшчэ хаваецца за спакойным і ўпэўненым поглядам гэтага чалавека?..

Бульба смажылася на патэльні і ўсім сваім выглядам паказвала, што хвілін 10 для спакойнай размовы ў нас яшчэ ёсць…

Вучылічша скончыў па настаянні бацькі, але атрыманая спецыяльнасць спадабалася, асабліва калі прыйшоў працаваць на завод. Вучыліся, а пасля працавалі разам з сябрам. Разам вырашылі, што ім трэба ў армію. Самі прыйшлі ў ваенкамат, дзе іх спачатку прынялі за вар’ятаў – хто ж сам прыходзіць здавацца? А ім хацелася ў войскі спецыяльнага прызначэння. Убачыўшы паслужны спіс навабранцаў, за іх нават змагаліся камандзіры некалькі часцей. У выніку апынуліся ў Віцебску.

Вяртанне з арміі было сумным – заводы стаялі, працы не было, прыйшлося займацца ўсім. Збіраў камп’ютары, працаваў у ахове завода, пасля перайшоў у аэрапорт, дзе ад простага супрацоўніка аховы дайшоў да начальніка змены службы авіяцыйнай бяспекі. Менавіта там прыйшла думка пра далейшую вучобу.

На той момант актыўна цікавіўся прафайлінгам – тэхналогіяй назірання і апытання пасажыраў для выяўлення патэнцыйна небяспечных асоб пры авіяпералёце. Гэтаму вучылі ізраільскія калегі, родапачынальнікі методыкі. З натоўпу людзей вылучаць небяспечную асобу з дапамогай мікрарухаў, мікравыразу твару. Заўважаць і ацэньваць, як чалавек падае дакументы, як і куды глядзіць. Уласна для Андрэя ўсё гэта стала працягам тых самых дзіцячых даследаванняў, занатаваных у таўсценным дзённіку – па глазах зразумець стан чалавека. Кажа, гэта ўмеў даўно, але не было практыкі прымянення – зараз гэта выйшла на іншы ўзровень. Адпаведна прыйшла думка вучыцца далей.

У Беларусі атрымаў адукацыю псіхолага, паступіў у Маскоўскі інстытут гештальт-тэрапіі. Перайшоў працаваць псіхолагам у Мінскую дзяржаўную абласную сярэднюю школу-вучылішча алімпійскага рэзерву, пасля – у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Пра сваіх выхаванцаў можа распавядаць гадзінамі. Памятае фактычна кожнага, усе кур’ёзныя і складаныя выпадкі, але прафесійная этыка не дазваляе паглыбляцца ў падрабязнасці. Тым не менш паказвае невялічкі аўтамабільчык. Самы дарагі падарунак, як водзіцца, ад самага складанага, але вельмі таленавітага падлетка-спартсмена, з якім урэшце ўдалося знасці агульную мову і вывесці да добрых рэзультатаў.

497A0253 копия copy

Называе сябе калекцыянерам. Заўсёды была мара збіраць старыя савецкія аўтамабілі ў натуральную велічыню. Іх было некалькі, ды і зараз ёсць, але рэстаўрацыя аднімае шмат і часу, і грошай. Таму пакуль спыніўся на паменшаных копіях.

497A0192 копия copy

Асобая любоў да самалётаў. Гэта, напэўна, з часоў службы ў Ваенна-паветраных войсках.

497A0222 копия copy

Прага да збіральніцтва і сістэмы ў яго ва ўсім. Кажа, што калі пачынае займацца нечым, стараецца ва ўсім разабрацца да дробязяў і рабіць усё максімальна дасканала.

Апошняе яго захапленне – камп’ютарныя гульні. У іх не іграе, а разбірае, каб зразумець сутнасць і стварыць сваю. Некалькі варыянтаў ужо ёсць, але імі пакуль не задаволены, таму паказваць адмовіўся.

Праца, хобі, веласіпедныя прагулкі і абавязковыя трэніроўкі. Спіртнога практычна не ўжывае. Дарэчы, гэтага прынцыпу прытрымліваецца з часоў тых самых сельгасработ, дзе ўпершыню праспрабаваў прыгатаваць бульбу з яйкамі. У адрозненні ад усяго таго, пра што распавядалі вышэй, «моцныя напоі» – не яго…

…Нажы ў патэльні рухаюцца хутчэй – бульба з цыбуляю пачалі прыпякацца, а гэта азначае, самы час пераходзіць да наступнага этапу. У цэнтры патэльні ў бульбе робім невялічкае паглыбленне і ўбіваем туды два яйкі. Крышачку солім.

497A0212 copy

Яйкі засыпаем бульбай, зялёнай цыбуляй і здробленым часныком. Павінна атрымацца вось такая горачка.

497A0216 копия copy

На патэльню кладзем накрыўку, выключаем агонь і пакідаем хвілінак на 5–10. Яйкі за кошт тэмпературы бульбы і патэльны дойдуць да гатоўнасці без агню. Калі ўсё зроблена правільна, жаўткі застануцца вадкімі, а бялкі прапякуцца.

Гэта тая самая, апошняя, трансфармацыя стравы, пра якую я распавядала. Андрэй прызнаўся, што на нейкім этапе проста не было часу з ранку смажыць асобна бульбу, асобна яйкі, мыць пасля ўсяго гэтага посуд. Таму нарадзілася такая ідэя – сумясціць усё на адной патэльні і даць магчымасць страве гатавацца самастойна.

Майце на ўвазе, пад накрыўкай вас чакае прыемны сюрпрыз. Пакуль страва будзе таміцца – араматы часныку, цыбулі і бульбы перамяшаюцца ў адзін. Якраз гэты водар і прымусіць вас забыць пра дыету, спартыўную залу і ўсе абяцанні, дадзеныя сабе ўчарашнім вечарам. Менавіта таму страву гэтую ўжываюць выключна раніцай, перад напружаным працоўным днём.

497A0274 copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

 

P.P.S. Андрэю Вараб’ю мне хочацца выказаць асобную ўдзячнасць за падтрымку праекта «Людзі і стравы». Менавіта ён стаў першым мужчынай-удзельнікам, які прыгатаваў сваю любімую страву і адкрыта распавёў пра жыццё і інтарэсы.

Фота аўтара.

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Прасяная каша з печы ад знакамітай ткачыхі, якая ўбачыла ў сне старажытную тэхніку вырабу андаракаў

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тайскі суп «Том кха», альбо Кожнай жанчыне патрэбна магчымасць быць рознай, тады яна і будзе сабой!

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Зялёны чай, альбо Чалавек, які ідзе чайнай дарогай

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Палескія галушкі, альбо Жыццё як песня

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Пірог з журавінамі ад кампазітара і музыканта Дзмітрыя Фрыгі

Самое читаемое