ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тварожная запяканка ад актрысы тэатра і кіно Ганны Палупанавай

Ёсць людзі, якіх упершыню бачыш, а адчуванне такое, быццам усё жыццё знаёмыя. Пра іх складаней пісаць. Пастаянна хочацца нешта дадаць ад сябе, маўляў, я ж яго ведаю столькі гадоў, мне ўсё вядома… Хаця, магчыма, гэты эфект узнікае заўжды, калі перад табою акцёр. Ён грае ролі, а мы малюем у галаве нейкі вобраз, які, на наш погляд, адзіны верны.

Упершыню ўбачыла яе на сцэне тэатра беларускай драматургіі. Не ведаю, ці прынята падобнае зараз, але ў мяне там праходзіла спатканне з будучым мужам. Як аказалася, і знаёмства з будучай гераіняй…

Даведка

Ганна Палупанава – актрыса тэатра і кіно. Шмат гадоў служыла ў тэатры беларускай драматургіі. На Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» атрымала прыз за лепшую жаночую ролю ў спектаклі «Палёты з анёлам». Здымаецца ў кіно. Апошнія фільмы з яе ўдзелам: «Салодкае развітанне Веры», «Казкі мачыхі», «Мацнее лёсу», «Палова царства за каханне», «Другая сям’я», «Белыя росы. Вяртанне», «Зімовы вальс», «Ой, ма-мач-кі», «Ілюзія палявання». На VII Фестывалі беларускіх фільмаў атрымала прыз за лепшую жаночую ролю ў фільме «Трамвай у Парыж».

IMG_3597 copy

Фота з архіва Ганны Палупанавай (фатограф Ганна Рудая)

…Яна не любіць, калі ўрываюцца ў яе асабістую прастору. Нячаста дае інтэрв’ю. Калі пагаджаецца, размаўляе выключна пра работу. Да сябе дамоў журналістаў увогуле ніколі не запрашала. Гэтаму яе рашэнню – запрасіць мяне – здзівіўся нават муж. І не на шутку перапалохаўся, калі даведаўся, што мы не проста пасядзім за кубкам араматнай гарбаты, а яшчэ і што-небудзь прыгатуем.

Кухарства любіць не вельмі. Пра гэтую яе асаблівасць ведаюць усе сябры і знаёмыя. Але не скажы яна пра гэта, я б не паверыла – кухня цёплая і ўтульная, з мільёнам скрыначак і слоікаў з рознай экзотыкай. Я адразу закахалася ў паліцу над плітой. Там яе «трафеі» з падарожжаў: чырвоны перац чылі з В’етнама, сванская соль – легендарная грузінская прыправа – і шмат чаго яшчэ.

Калі па чарзе здымае накрыўкі са слоікаў, я пачынаю распазнаваць водары, што адчуваюцца ў кватэры. Да іх, праўда, далучаецца ледзь заўважны пах араматычных палачак – гэта яшчэ адна любоў. Хаця сёння іх не запальвала, бо не ведала, ці падабаюцца яны гасцям, якіх будзе прымаць.

497A1872 копия copy

Спецыі і араматычныя палачкі – адзінае, што прывозіць са шматлікіх падарожжаў. Не робіць нават фотаздымкаў. Лічыць, што чалавек, які ў новай краіне шмат фатаграфуе, пазбаўляе сябе магчымасці ўспрымаць і ўпітваць экзотыку, у якую патрапіў. Тлумачыць: «Калі фатаграфуеш – адцягваеш увагу ад моманту, які больш не паўторыцца». Увогуле, падарожжы – тое, што любіць больш за ўсё, безумоўна, пасля кіно. Кажа, ёсць дзве рэчы, куды сапраўды варта ўкладваць грошы, – падарожжы і вучоба. І першае, і другое прыносіць не толькі новыя веды, але і новыя эмоцыі, а часам прыемныя сюрпрызы. Гэты камень – смайлік, прывезены з далёкіх берагоў, узнімае настрой у пахмурнае надвор’е.

497A1902 копия copy

Самай разнастайнай лічыць в’етнамскую кухню, такога багацця выбару ў меню больш ніколі нідзе не бачыла. Усім гурманам раіць наведаць гэтую краіну абавязкова. Азія ўвогуле асабліва блізкая яе сэрцу. Туды ездзіць за спакоем, дзеля гарманізацыі.

Для разгрузкі займаецца ёгай і рознымі медытатыўнымі тэхнікамі. Бярэ з розных культур і розных сфер жыцця тое, што падыходзіць непасрэдна ёй, прычым у канкрэтны перыяд жыцця. Абыходзіцца без фанатызму і поўнага пагружэння ў нешта адно. Лічыць, што інакш чалавек пазбаўляе сябе багацця эмоцый ад усяго астатняга.

Перакананая, што кожны чалавек мае права жыць так, як яму зручна, так, як падыходзіць толькі яму. Гэтае «мне падыходзіць» вылілася ў сваесаблівую філасофію жыцця. Ёй карыстаецца сама, яе прымяняе да ўсіх навакольных. Калі некаму нешта падыходзіць – яго выбар.

Тэлевізара дома няма, кіно глядзіць у кінатэатры. Любіць лазню. Раз на тыдзень – гэта традыцыйнае месца сустрэчы з сяброўкамі.

На ўсе сучасныя дзявочыя захапленні (пэчворк, лялькі Цільды, маляванне) глядзіць здалёк – не яе. Жаданне нешта рабіць рукамі прачыналася, толькі калі чакала з’яўлення на свет дачок. Прачыналася зранку, брала іголку, ніткі і вышывала. За дзевяць месяцаў паспявала запоўніць вышыўкай усё, што было ў доме. Напэўна, гэта дзеці так уплывалі. Старэйшая дачка – таленавітая мастачка, малодшая займаецца музыкай. Абедзве гралі ў тэатры. Але Ганна лічыць, што акцёрская прафесія не для яе дзяцей. Гэта хутчэй хобі. І тлумачыць: каб быць паспяховым акцёрам, неабходна мець талент і ўдачу. Толькі спалучэнне гэтых двух складнікаў і прывядзе да прызнання. У адваротным выпадку жыццё чалавека можа стаць вельмі складаным.

Калі сама ішла ў прафесію, не пітала асаблівых ілюзій. Проста не ўяўляла сябе без сцэны. З маленства займалася музыкай, грала на домры, а самае галоўнае – мела выдатныя вакальныя здольнасці. Бачыла сябе на сцэне ў Вялікім тэатры. Але мары пра кар’еру опернай спявачкі рухнулі ў адзін момант – траўма галасавых звязак… З тых часоў практычна не спявае – невялікім стаў дыяпазон, застаўся жах зноў пазбавіцца голасу. Напявае што-небудзь любімае толькі для сябе.

Яшчэ адзін талент, які схаваны ў скрыначку з надпісам «для сябе», – вершы. Ёсць людзі, якія заўсёды да месца могуць уціснуць добры анекдот. У Ганны так з паэзіяй. Піша сама, але гэта толькі для самых блізкіх. Яе мара – паэтычная антрэпрыза ў тэатры.

Амаль два гады таму выйшла са складу пастаяннай трупы тэатра беларускай драматургіі, дзе служыла шмат гадоў. Прызнаецца, прыняць рашэнне звольніцца было вельмі складана, але здымкі патрабавалі ўсё больш часу. Апошнія гады жыла фактычна на дзве краіны: Беларусь, дзе сям’я, і Расію, дзе кіно. Зараз заканчвае здымкі ў міжнародным праекце ў Літве, рыхтуецца да выхаду на экраны фільм «Будучае здзейсненае» з яе ўдзелам.

Верыць, што аднойчы будзе стаяць с запаветнай Канскай галінкай у руках – гэта мара. Але, калі будзе Оскар, адмаўляцца не стане. Прызы не самамэта, гэта хутчэй сваесаблівы паказчык таго, што дасягнута ў прафесіі.

IMG_3607 copy

Фота з архіва Ганны Палупанавай (фатограф Ганна Рудая)

Увогуле, наконт прафесіі разважае шмат. Быць акцёрам – цудоўна, але толькі калі ты здымаешся. Калі не – тваё жыццё лёгка ператвараецца ў Ад. Самыя жудасныя акцёрскія жахі: нерэалізаванасць, узрост, паняцце «адпрацаваны матэрыял» і рытарычнае пытанне: «А што далей?» Неабходна мець жалезную сілу волі, каб не перастаць шукаць і верыць, не апусціць рукі.

Яшчэ адзін жах – незапатрабаванасць. Сёння ты шчаслівы, бо ў цябе ёсць ролі, заўтра іх няма і ты чалавек з паламаным лёсам. Кажа, на гэтыя «прывіды» акцёрскай прафесіі час ад часу пакутуюць усе, нават самыя паспяховыя акцёры, але далёка не кожны ў гэтым прызнаецца. З-за гэтага не жадае, каб дачкі ішлі па яе стапах.

У прафесіі самым галоўным лічыць не сядзець на месцы, а пастаянна рухацца наперад, развівацца, знаёміцца з новымі людзьмі і, хаця б часова, пераходзіць у зону дыскамфорту – выходзіць з-за ўтульных сцен, дзе цябе некалі далі прытулак і стварылі ўмоўны «домік». Калі жадаеш ісці наперад, трэба вылезці з гэтага доміка і паспрабаваць паглядзець на свет, які звычайна толькі там і пачынаецца – за прыступкамі твайго сховішча.

Усё, што распавядае, перажыла сама. Тым не менш называе сябе абсалютна шчаслівым чалавекам… Зразумела гэта аднойчы, калі прыйшла на дыхальную ёгу. Зіма. Эканамічны крызіс у самым разгары. Прайшоўся ён і па кінаіндустрыі. Ганна, як і большасць людзей яе прафесіі, чакала лепшых часоў – сядзела без працы. Майстар дыхальнай ёгі перад пачаткам заняткаў запытаўся ў кожнага, з якой мэтай чалавек прыйшоў. Усе як адзін адказалі: для зняцця працоўнага стрэсу. Ганна была адзіная, хто прыйшоў, каб зняць стрэс з-за адсутнасці працы.

Перакананая: чалавек павінны любіць тое, чаму сябе прысвяціў, інакш навошта прыходзіць у прафесію? Не толькі ў акцёрскую, у любую.

IMG_3596 copy

Фота з архіва Ганны Палупанавай (фатограф Ганна Рудая)

Паралельна з кар’ерай актрысы займаецца іншымі праектамі. Не так даўно як рэжысёр зняла фільм. Наступны, калі бог дасць, таксама будзе. Ужо вызначылася з яго тэмай – дыскрымінацыя. Большасць гэтае слова асацыіруе з цветам скуры: чорны – белы. Яна ж глядзіць шырэй: чорнае – белае, мужчына – жанчына, узроставы цэнз, сэксуальная дыскрымінацыя. Па нейкай прычыне ты лічыш, што найлепшы. Чаму? Гэтаму і будзе прысвечана стужка.

Разумее, любая мішура пагражае гардыняй. А гардыня – духоўная смерць. Сама схільная да гардыні, гэта разумее і прызнае. Таму стараецца выкарыстоўваць прымаўку: «Зрабі дабро і кінь яго ў ваду». У сілу дабра верыць. Дапамогу некаму разглядае як магчымасць выказаць удзячнасць Свету за тое, што даў магчымасці, а ў некага такіх магчымасцяў няма. Калі можаш – дапамажы фінансава, не можаш матэрыяльна – прысутнасцю, увагай, ідэямі, любымі дробязямі, і гэта можа вырасці ў вялікую справу.

Прыйшла да адной цікавай высновы: калі дапамагаеш некаму, неабавязкова, каб гэты чалавек у адказ дапамагаў табе. Ён працягне руку іншаму, той – яшчэ аднаму… Ланцужок пачынае павялічвацца і часам вяртаецца да цябе. Але пра гэта думаць не трэба. Ізноў: «Зрабі дабро і кінь яго ў ваду…»

Называе сябе непублічным чалавекам. «Публічнасць» замяняе на іншую характарыстыку –  больш блізкую ёй. Кажа так: «Я чалавек, які шукае свой шлях». Так характэрызуе сябе.

Лічыць, што чалавек павінны быць галодным у плане творчасці, калі крышачку неда… Гэта і нараджае новыя ідэі і смак да жыцця.

«Ну а смаку да жыцця няма без апетыту» – пра гэта аднойчы пачула ад адной вядомай актрысы і фактычна апрабавала на сабе, калі вырашыла адмовіцца ад мяса, рыбы і яшчэ вялікай колькасці прадуктаў. Узгадвае, што ў той перыяд у яе, звычайна эмацыянальнай, эмоцыі нібы зніклі, прыходзілася сябе разварушваць. Да мяса не вярнулася, а ў астатнім уважліва слухае сябе і робіць так, як падказвае ёй арганізм. Напрыклад, ёсць перыяды, калі есці ўвогуле не хочацца, тады садзіцца на сыраедзенне – усё павінна быць гарманічным.

Сыр, рыба і салата – традыцыйны пачастунак для гасцей. А яшчэ тварожная запяканка, якую гатуе ў мульціварцы – вельмі дэлікатная і лёгкая страва – замест дэсерту. Знаёмыя гэты рэцэпт вельмі любяць, асабліва дзяўчаты. Мукі ў запяканцы няма, цукру мала, адпаведна, і на кілаграмы яна асабліва не ўплывае. Яе сёння і гатуем.

Запяканка

Інгрэдыенты:

500 г тварага;

5 яек;

250 г кефіру;

125 г манкі;

150 г цукру;

ванільны цукар;

1 чайная лыжка разрыхляльніка.

497A1813 копия copy

Замачваем манку ў кефіры. Добра перамешваем і пакідаем пастаяць, каб набрыняла, на 30 хвілін.

497A1816 копия copy

Жаўткі аддзяляем ад бялкоў. Расціраем тварог, жаўткі, ванільны цукар і разрыхляльнік у аднародную масу.

497A1821 копия copy

Узбіваем бялкі ў пену. І паступова дадаем цукар, працягваючы ўзбіваць. Можна і павялічыць колькасць цукру – яшчэ на грамаў 50. Але тут галоўнае не перасаладзіць, інакш запяканка згубіць лёгкасць і тонкасць смаку.

497A1834 копия copy

У тварог дадаем замочаную ў кефіры манку. Добра перамешваем, а пасля акуратна, фактычна па лыжачцы, уводзім у сумесь бялкі.

497A1851 копия copy

Даводзім сумесь да аднароднай масы. Чашу мульціваркі мажам маслам і выліваем туды цеста. Ганна ставіць запяканку ў мульціварку на 40 хвілін у рэжыме «Выпяканне», а пасля яшчэ на 50 хвілін у рэжыме «Падагрэў». Адразу папярэджу: калі не прызнаяце цудаў сучаснай тэхнікі, запяканку можна гатаваць у звычайнай духоўцы. Смак будзе адрознівацца, але не пакіне раўнадушным нікога.

Праз паўтары гадзіны запяканку можна вымаць.

497A1955 копия copy

Вельмі далікатная, у меру салодкая, больш падобная на торт-суфле, чым на звычайную запяканку. Са смятанай, з мёдам альбо проста з чаем. Я, дарэчы, так і каштавала.

497A1972 копия copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фота аўтара

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Палескія галушкі, альбо Жыццё як песня

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Пірог з журавінамі ад кампазітара і музыканта Дзмітрыя Фрыгі

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Калі мужчына адзін» – каларыйны сняданак ад псіхолага

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Сырны суп, альбо Голас, якім размаўляе мінскае метро

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Квасок з зёлак ад спадчыннай шаптухі загадчыцы музея «Дом траўніка» Галіны Вайцяшчук

Самое читаемое

1 КОММЕНТАРИЙ

  1. Вкусненько! Люблю творожные запеканки. А как вкусно написано! Попробую приготовить. Спасибо, Елена!

Комментарии закрыты