ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Запечанае мяса ад уладальніцы зусім не жаночага хобі

Адзіная ў Беларусі дзяўчына-матагоншчыца запрасіла да сябе на кухню.

– Якая ў цябе ў дзяцінстве была мара? – гэтае пытанне мне задала матагоншчыца Алёна Ратабыльская. Мы размаўлялі за кубкам кавы на яе ўтульнай кухні. У звычайным жыцці Алёна – маці, жонка, супрацоўніца турыстычнай кампаніі і проста неверагодна абаяльная жанчына. На мотатрэке яна – сур’ёзны канкурэнт любому мужчыне-спартсмену.

497A5180 копия copy

Перш чым адказаць, я моцна задумалася. Пасля запытвалася пра дзіцячую мару яшчэ ў многіх людзей. Самае цікавае, што часцей за ўсё гэта ўводзіла ў ступар. Аказалася, большасць з нас не памятае, пра што марылі ў дзяцінстве. Не дапамагаюць нават падказкі: магчыма, у космас паляцець… з парашутам скочыць… стаць ветэрынарам і лячыць бяздомных катоў… прадаваць марожанае… Не памятаюць? Альбо, калі ўзгадваюць, прызнаюцца, што мара так і засталася марай. Магчыма, з-за гэтага мы часта займаемся не тым і не там. Не ляцім зранку на працу, а пляцемся і чапляемся за бальнічны, як за ратавальны круг.

Алёна свае мары памятае вельмі добра. У трынаццаць гадоў яна «захварэла» на матацыкл, бо як раз тады ён з’явіўся ў старэйшага брата. Памятае, як на вёсцы падчас канікулаў у першы раз села за руль. Атрымалася адразу, бо разам з вопытам язды на веласіпедзе ў актыве былі заняткі конным спортам. Эмоцыі, адчуванне хуткасці, магутнай сілы… Адзінае, што было ў галаве: «Хачу яшчэ! Ехаць, ехаць, ехаць!»

Але «хуткасць» скончылася раней, чым лета. Даведаўшыся пра гэтую страсць дзяўчынкі, матацыкл пачалі запіраць і хаваць ключы. Пасля было не да матацыкла: матуля выхоўвала дзяцей адна, і першасныя патрэбы сям’і былі абсалютна іншымі.

Не да матацыкла было і пазней, калі вучылася ў медыцынскім вучылішчы, а пасля працавала па размеркаванні ў рэанімацыі чацвёртай бальніцы. Роўна праз два гады звольнілася. Зразумела – гэта не тое, пра што марыла. Пайшла вучыцца далей. Фактычна адначасова засвойвала дзве спецыяльнасці: рэабіліталогію ў акадэміі фізвыхавання і спорту і менеджара па турызме. У той жа час ўзяла шлюб, нарадзіла дзіця.

Мары так і засталіся марамі, бо з гэтага моманту яна была адказная не толькі за сябе, але і за дачку. Тым не менш рух, хуткасць, дарога – тое, што працягвала радаваць і прыемна казытаць нервы. Напэўна таму праца ў турыстычнай кампаніі, магчымасць шмат падарожнічаць прыйшліся да спадобы. Калі была магчымасць, у паездкі заўсёды брала з сабою дачку.

Пераломным стала для яе адно падарожжа. Мо паўгады збіралася ў Стамбул. За тыдзень да вылету ў сяброўкі, з якой павінны былі ехаць, памерла матуля. Безумоўна, патрэбна было ўсё адмяняць. Але сяброўка сказала так: «Ніколі не адкладвай на пасля свае мары». Гэтыя словы звінелі ў вушах, пакуль ляцела ў самалёце, з гэтымі словамі была ў Турцыі, з гэтымі словамі вярталася. Сваю самую вялікую мару, яшчэ тую, з дзяцінства, яна памятала… І вырашыла – самы час марам спраўджвацца, але ўсё павінна быць па-даросламу.

У першую чаргу запісалася на курсы кіравання матацыклам. Прадала люстраную камеру (на той момант захаплялася фатаграфіяй) і набыла неабходную экіпіроўку. Праз тры месяцы ў яе кішэні быў дазвол на кіраванне транспартным сродкам катэгорыі А. Наперадзе была яшчэ адна знакавая падзея – набыццё першага байка.

Муж захапленне Алёны не падтрымліваў. Больш за тое, ён адназначна даў зразумець, што гэта толькі яе рашэнне, а ён не будзе мець да яго ніякага дачынення. Таму збор грошай, выбар і набыццё матацыкла, далейшае яго тэхабслугоўванне – усё рабіла сама, сама несла і фінансавыя выдаткі. Кажа, было складана, часам жахліва, але не на хвіліну не сумнявалася, што ўсё робіць верна.

Ніхто не раіў, не дапамагаў у выбары матацыкла. Сама шукала сэрвіс, дзе спецыялісты прыводзілі «агрэгат» у нармальны тэхнічны стан. Кажа, адразу выйшла на выдатных хлопцаў-механікаў, якія з тых часоў паступова перайшлі ў катэгорыю сяброў. Паступова сама стала разбірацца ва ўнутранасцях матацыкла.

Набыццё байка адразу нешта змяніла ў расстаноўцы каштоўнасцяў. Па-першае, зразумела: бяспека ўласная і тых, хто побач, – не проста словы. Калі хочаш убачыць вечарам дачку, варта прытрымлівацца правілаў і хуткаснага рэжыму. Па-другое, ахоўная экіпіроўка – абавязковая! І ўрэшце, калі некаму на абочыне патрэбная дапамога – спыніся. Гэтыя тры нягласныя правілы сталі абавязковымі.

І яшчэ адно: ніякіх «пантоў», бо гэта тое, з-за чаго адбываецца большасць няшчасных выпадкаў на дарогах, асабліва пасля першага года кіравання матацыклам.

Узгадвае, як упершыню прыехала на матацыкле ў офіс. Дзяўчаты-супрацоўніцы адразу выскачылі на фотасесію. У яе самой на той момант не было ніводнага фотаздымка на матацыкле. Нейкія іншыя былі прыярытэты.

Яе расклад дня быў такім: зранку збірала і адвозіла ў школу дачку. Вяртался дамоў, пераапраналася, брала матацыкл і ехала на працу. Там у шафе заўсёды два офісных камплекта адзення, туфлі. Неабходна некуды ехаць – зноў перапранулася ў мотаэкіпіроўку – і да кліентаў. Цяжкасцяў не адчувала, бо хацелася ездзіць і ездзіць, як тады, у трынаццаць.

Дарэчы, у працэсе нашай размовы прашу паказаць што-небудзь з байкерскага жыцця. Як аказалася, дома пра яе хобі нагадвае толькі матацыкл на кухоннай выцяжцы. Усе астатнія атрыбуты ў гаражы. Дом павінны заставацца домам.

497A5033 copy

Між іншым выпадковых прадметаў на гэтай выцяжцы няма. Туркі – іх тры на выбар. У кожнай атрымліваецца напой са сваім смакам. Каву гатуе выключна ў іх, чым адразу пакарыла маё сэрца. Прыемна, што гэтае майстэрства захоўваецца і канчаткова не знікла са з’яўленнем кавамашын.

Другая страсць пасля байкаў – каты. Супадзенне альбо выпадковасць, але ў Алёны іх таксама тры, як статуэтак на фота. Вялікі пушысты рыжы старажыл па мянушцы Джагер. Абсалютна чорная, нечым падобная на пантэру, Боні і маленькая Сімба. Дарэчы, Сімба з’явілася ўсяго некалькі тыдняў таму, але адразу адчула сябе ў кватэры паўнапраўнай гаспадыняй.

497A5085 копия copy

Дарэчы, у працэсе гатоўкі яна ўдзельнічала таксама. Далучылася ў той момант, калі на стале з’явілася сырое мяса – вісела на кухонных ручках альбо джынсах Алёны…

497A5161 копия copy

Шмат жанчын ездзіць на байках, асабліва ў Еўропе. У нас аматараў гэтага віду транспарту таксама хапае. А вось у мотаспорт ідуць адзінкі, нават сярод мужчын. Як туды патрапіла Алёна?

Прызнаецца, паступова з’явілася адчуванне, што горада не хапае. Яе пазіцыя была і застаецца нязменнай – ганяць па вуліцах нельга, няправільна, небяспечна, ды і проста дурны густ. Гэта сваеасаблівая этыка, якая ёсць у кожнай прафесіі. Згодная, што апошнім часам людзі на матацыклах сябе дыскрэдытавалі, але перакананая: да сапраўдных спартсменаў яны не маюць ніякага дачынення. Як правіла, ліхачы – тыя, хто ездзіць на матацыкле год-два, і ў іх жаданне толькі адно – выхваліцца.

Адначасова даведалася, што на картадроме на Баравой трэніруюцца мотагоншчыкі. Аднойчы сабралася з духам, прыехала. Паглядзела што ды як, пачала займацца. Паступова стала паказваць нядрэнныя вынікі, і праз паўгады прыйшлося рабіць выбар – звычайны байк і язда па горадзе альбо спартыўны матацыкл, трэк і абсалютна іншыя ўмовы.

Выбар яна зрабіла на карысць трэка. Памяняла матацыкл, адаптавала яго да спартыўнай езды. Паралельна зразумела, што лішнія грошы больш не зможа аддаць на новыя туфлі ці сумачку, калі для матацыкла патрэбныя новыя шыны. А аўтамабіль можа быць і 1997 года выпуску – не гэта галоўнае.

0505-0106R1-006_505 copy

Фота з архіва Алёны Ратабыльскай

– Напэўна, гэта вельмі дарагое хобі? Якія дывідэнты яно прыносіць? – запытваюся і чакаю пачуць пра спаборніцтвы, прызы, узнагароды.

Яна ўсміхаецца і папраўляе:

– Не хобі, а стыль жыцця! А дывідэнты – гэта эмоцыі і драйв, якія застаюцца пасля трэніроўкі і спаборніцтваў. У астатнім спартсмен толькі ўкладвае: сілы, энергію, грошы. У Амерыцы і ў Еўропе, дзе мотагонкі – прафесія, гэта добры заробак. У нас – жаданне і энтузіазм самога чалавека. Там спартсмен толькі трэніруецца – гэта асноўны занятак. У нас – трэніроўка пасля асноўнай работы і хатніх абавязкаў, у вольны час. Паездзіць на картадроме, калі добрае надвор’е, атрымліваецца два разы на тыдзень. Спаборніцтвы – асобны артыкул выдаткаў: трэніроўкі не ў нас, а на «дарослых» трэках, хаця б у той жа Маскве, тэхнічная падрыхтоўка байка, транспарціроўка, харчаванне і пражыванне на месцы… Не падумайце, гэта не скаргі, я свой выбар зрабіла.

0505-0109R1-007_505 copy

Фота з архіва Алёны Ратабыльскай

Слухаю Алёну і ў чарговы раз думаю: а на што я гатова дзеля сваёй дзіцячай мары?.. Напэўна, у мяне гэта і не мара зусім.

Спрабую ўявіць сябе на месцы яе хатніх. Як да яе захаплення ставяцца родныя? Аказалася, год таму матацыкл з’явіўся і ў мужа. Смяецца… Падсадзіла.

Дачка крыху іншая па характары – асцярожная, дзесяць разоў падумае, перш чым нешта зрабіць. Тым не менш катаецца на скейце, лыжах, плавае, але да матацыклаў асаблівай любові не адчувае. За матулю хвалюецца і перажывае. Але калі папросіць навучыць ездзіць – Алёна не супраць. Сама стане першым настаўнікам.

Пагаджаецца: тое, чым займаецца, – небяспечна, падзенні ёсць у кожнага, але… Без матацыкла ніяк і ў сорак, і ў шэсцьдзесят, і далей. А Лэдзі можна заставацца, нават маючы зусім не жаночае хобі.

497A5151 копия copy

Запечанае мяса

Так гатаваць мяса Алёну навучыў знаёмы серб. Рэцэпт спадабаўся за прастату і смак. Хатнія яго таксама ацанілі, і зараз гэта адзін з варыянтаў традыцыйнай вячэры.

Інгрэдыенты:

1,5 кг свінініны (шыя);

1 галоўка часныка;

соль;

спецыі;

аліўкавы алей;

кіпень.

497A5044 копия copy

Мяса націраецца соллю і спецыямі. Алёна выкарыстоўвае азербайджанскую прыправу для мяса, якую шмат гадоў набывае ў аднаго і таго ж гандляра на Камароўскім рынку.

497A5047 копия copy

Калі ўласна я апробвала гэты рэцэпт, такой прыправы ў мяне не знайшлося. Таму выкарыстоўвала толькі марскую соль і сумесь перцаў – па смаку вельмі нагадвала першакрыніцу.

Чысцім часнык і разразаем кожную галоўку яшчэ на 2–3 часткі ў залежнасці ад памеру.

Нажом робім адтуліны ў мясе і глыбока ўстаўляем кавалачкі часныку. Алёна шпігуе мяса даволі шчыльна. Адлегласці паміж адтулінамі складаюць прыкладна сантыметр.

497A5064 копия copy

Для смажання мяса спатрэбіцца форма з высокімі бакамі. Кладзем у яе мяса і паліваем яго аліўкавым алеем першага халоднага адціскання. Абмазваем мяса.

497A5068 копия copy

Апошні крок – заліваем у форму кіпень так, каб мяса фактычна цалкам апынулася ў вадзе. Алёна патлумачыла, што ў канцы смажання гэтай вады практычна не застанецца, яна выпарыцца.

497A5073 копия copy

Адпраўляем мяса ў духавую шафу на паўтары гадзіны. Тэмпература 180–200 градусаў.

Праз кожныя хвілін 15–20 мяса неабходна вымаць з духоўкі і паліваць вадкасцю, у якой яно смажыцца.

497A5168 копия copy

Ну а такім яно будзе праз паўтары гадзіны смажання ў духоўцы. Падаваць на стол можна ў гэтай жа форме.

497A5203 копия copy

Мяса атрымліваецца сакавітым, неперасушаным і далікатным.

Скажу па праўдзе: я не аматар часныка. І першапачаткова яго колькасць мяне крыху засмуціла. Але часнык сапраўды абсалютна неадчувальны. Нават калі яго з’есці, едкага водару, як ад свежага, не застаецца. Таму смела можаце выкарыстоўваць яго ў пазначанай колькасці.

У сям’і Ратабыльскіх мяса, прыгатаванае па гэтым рэцэпце, ужываюць са свежай гароднінай альбо салатай.

497A5221 копия copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фота аўтара

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Пірог з журавінамі ад кампазітара і музыканта Дзмітрыя Фрыгі

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Калі мужчына адзін» – каларыйны сняданак ад псіхолага

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Сырны суп, альбо Голас, якім размаўляе мінскае метро

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Квасок з зёлак ад спадчыннай шаптухі загадчыцы музея «Дом траўніка» Галіны Вайцяшчук

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тварожная запяканка ад актрысы тэатра і кіно Ганны Палупанавай

 

Самое читаемое