Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў веруючых з каталіцкай Пасхай

Пастырскае слова. «Праўда ўваскрасення Хрыста азначае, што смерць — гэта не канец, што яна не мае апошняга слова, што гэта толькі дзверы ў будучыню».

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, суайчыннікі, людзі добрай волі!

Сардэчна віншую вас са святам Вялікадня — святам нашай веры і надзеі на вечнае жыццё. Гэтая праўда з’яўляецца галоўным пасланнем свята Уваскрасення Хрыста. Пра яе мы, хрысціяне, павінны заўсёды памятаць і ёю жыць. Яе актуальнасць падкрэслівае таксама і выкліканая пандэміяй каранавірусу сітуацыя, у якой уваскрасенне Хрыста з’яўляецца промнем надзеі…

Як Езус выйшаў жывым з цёмнай магілы, гэтак і мы верым, што дзякуючы Богу, намаганням лекараў і адказных за грамадскі парадак, якім мы бязмерна ўдзячныя за іх ахвярнае служэнне, таксама зможам паспяхова выйсці з цемры эпідэміі, што ахінула зямлю, у святло жыцця.

Сёння мы павінны засяродзіць нашую ўвагу на тым, што адбылося ў Пасхальную ноч. Праўда ўваскрасення Хрыста азначае, што смерць — гэта не канец, што яна не мае апошняга слова, што гэта толькі дзверы ў будучыню.

Пасха заклікае да пытанняў, на якія неабходна даць адказ. Які сэнс жыцця? Якая яго мэта? Дзе знаходзяцца сэрца і думкі чалавека падчас яго зямнога жыцця? Часовае жыццё на зямлі — гэта падрыхтоўка да вечнасці. Калі мы не імкнемся да гэтага, то становімся падобнымі да карабля, які сеў на мель. Карабель ёсць, але не можа плысці…

Падчас малітвы аб вызваленні ад эпідэміі каранавірусу 21 сакавіка на пустой плошчы Святога Пятра ў Рыме Папа Францішак звярнуўся да свету з наступнымі пранікнёнымі словамі: «У нашым свеце мы рухаліся наперад на поўнай хуткасці, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі на ўсё. Прагныя да заробку, мы дазволілі, каб нас паглынулі рэчы і каб мітусня звяла нас. Мы не спыніліся перад Божымі заклікамі, не абудзіліся перад абліччам сусветных войнаў і несправядлівасці, не паслухалі крык бедных і нашай цяжкахворай планеты. Абыякавыя, мы пайшлі далей, думаючы, што заўсёды застанемся здаровыя ў хворым свеце. Цяпер, калі мы знаходзімся на ўзбураным пандэміяй каранавірусу моры, мы просім Цябе, Пане: дапамажы!».

Евангельскія аповеды пра ўваскрасенне Езуса сведчаць пра тое, што камень ад магілы быў адсунуты. Гэтая акалічнасць дазволіла жанчынам, якія прыйшлі намасціць Яго, зазірнуць у грабніцу і ўбачыць, што яна пустая. Гэта таксама дазволіла апосталу Яну ўвайсці ў сярэдзіну яе і паверыць ва ўваскрасенне Хрыста.

А як з грахоўным камянем, які блакуе дарогу Езусу да нашых сэрцаў? Ці мы дазваляем, каб ён станавіўся ўсё большым, ці імкнемся яго адсунуць? Мы павінны ад яго пазбавіцца, інакш Езус не ўвойдзе ў нашыя сэрцы і не ўваскрасіць да жыцця ў Божай ласцы, якая патрэбная для збаўлення.

Дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую ўсіх вас са святам Уваскрасення Хрыста!

Віншую католікаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае свята святаў!

Віншую праваслаўных, якія будуць адзначаць Пасху Хрыстову праз тыдзень.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Няхай уваскрослы Езус адорыць нас надзеяй перад выклікам эпідэміі каранавірусу.

Яна паказвае, што мікраскапічны, нябачны вірус здольны перавярнуць сучасны, моцна адукаваны, высокатэхналагічны і ўзброены да зубоў свет з ног на галаву. Чалавек, які ўяўляе сябе «богам», яшчэ раз убачыў, што такім не з’яўляецца. Таму наша адзіная надзея ў Божай міласэрнасці, якая найбольш дасканала праявілася ў пасхальнай таямніцы.

Няхай Езус — Пераможца злога духа, граху і смерці — падтрымлівае намаганні лекараў і службаў грамадскага парадку, каб мы маглі выйсці пераможцамі з гэтай складанай сітуацыі.

Няхай Ён знішчыць непаразуменні, якія існуюць у нашым грамадстве, адорыць пасхальнай радасцю, любоўю, супакоем і патрэбнымі ласкамі, каб мы маглі будаваць нашу будучыню на падмурку евангельскіх каштоўнасцяў!

Благаслаўлёных і поўных надзеі велікодных святаў усім вам!

Гэтыя свае віншаванні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча,

мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Вялікдзень 2020 года

Фото БелТА

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ