«Мой першы крытык — сын». Пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая расказала, як стварае свае казкі

Дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая распавяла карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны», як зацікавіць малых чытаннем і ў чым сакрэт папулярнасці яе кніг.

— Кацярына, вы па адукацыі настаўнік пачатковых класаў і працуеце ў школе. Празаікам як сталi?

— З дзяцінства прыдумвала гісторыі і расказвала іх сябрам. У школе любіла пісаць сачыненні на вольныя тэмы, пазней пачала друкавацца ў часопісах, газетах. Дарэчы, першую кнігу напісала для дарослых, дзіцячыя гісторыі, казкі стала запісваць пазней. Іх стварала для свайго сына. Ён штовечар прасіў працяг. Мне падумалася: калі яму цікава, то, можа, і іншым дзецям спадабаецца?.. Казкі запісала, рукапіс адправіла ў выдавецтва. Яго надрукавалі ў 2008 годзе. Гэта была кніга «Падарожжы ў Чароўны лес», яна натхніла мяне працягваць творчасць у гэтым накірунку.

— Адкуль казачныя сюжэты?

— Мне здаецца, што героі стукаюцца ў маё ўяўленне. Застаецца только пазнаёміцца з імі і занатаваць усё тое, што адбываецца ў жыцці новых персанажаў. У маіх кнігах многа касмічнай тэмы, бо мяне гэта цікавіць. Я вельмі люблю назіраць за зоркамі, глядзець тэлеперадачы пра галактыкі, сусвет.

— Каму першаму паказваеце рукапіс?

— Сыну Станіславу. Ён мой першы крытык, дарадчык і памочнік. І хоць яму хутка 15 гадоў і ён ужо чытае не зусім дзіцячую літаратуру, з маімі рукапісамі заўсёды знаёміцца з цікавасцю і задавальненнем. Стасік, дарэчы, з’яўляецца галоўным героем некалькіх кніг.

— Што робіце, каб данесці сваю творчасць да чытачоў? Сёння ж вельмі шмат літаратуры для дзяцей…

— Так, у нас шмат выдатных аўтараў, якія пішуць цудоўныя дзіцячыя кнігі. Але мы не з’яўляемся канкурэнтамі. Мы разам ствараем сучасную беларускую дзіцячую літаратуру. І для юных аматараў чытання нават гэтых выданняў недастаткова. Мае кнігі выходзяць тыражамі 1 500–2 000 экзэмпляраў. Распаўсюджваюцца па бібліятэках, паступаюць у продаж. Каб яны дайшлі да чытачоў, старанна працуюць маркетолагі выдавецтваў. Вельмі важная частка працы — сустрэчы, прэзентацыі, творчыя імпрэзы. Аўтар лепей за ўсіх раскажа юным чытачам пра свае творы. Ды і дзецям цікава асабіста пазнаёміцца з пісьменнікам. Я прыдумала, як звярнуць увагу дзяцей да маёй творчасці. На сустрэчы прыходжу ў вобразе феі з чароўнай палачкай, і мяне суправаджае Вухуцік — цацка ў выглядзе персанажа аднайменнай казкі. Ладжу інтэрактыўныя мерапрыемствы. А ў сваіх новых кнігах прадугледжваю цікавыя заданні і гульні. Дзецям гэта падабаецца.

— Вашы казкі і аповесці неаднаразова ўваходзілі ў рэйтынг «Пяцёрка лепшых», складзены мінскімі бібліятэкамі. У чым сакрэт?

— Дадаю ў творы некалькі дробак чарадзейства, бязмерны кубачак дабрыні, шчодрую жменю цікавостак, яркае дражэ весялосці, зярняткі духоўных каштоўнасцяў і загадкавы, непрадказальны на смак кампанент — для вастрыні сюжэта.

— Не баіцеся, што хтосьці скарыстаецца вашым рэцэптам?

— Калі некалькі чалавек гатуюць па адным рэцэпце, у кожнага атрымліваецца свой выраб з унікальным смакам.

— Як усё ж такi прывіць дзецям любоў да чытання?

— Бацькі павінны кожны дзень чытаць ім, пачынаючы з немаўляцкага ўзросту. І няхай малое не будзе разумець сэнс, яно ўспрымае выразнасць эмоцый. З часам прыйдуць разуменне, цікавасць і нават звычка. Дзіця будзе хацець слухаць, а потым навучыцца чытаць самастойна. Канешне, перад іх вачыма павінен быць прыклад дарослых, якія часта трымаюць кнігу ў руках. Гэты вобраз усвядоміцца і будзе ўспрымацца як нешта важнае, добрае.

— Ці павінны бацькі сачыць, што чытае іх сын ці дачка?

— Безумоўна, так. На жаль, сёння хапае кніг, аўтары якіх не ставяць мэтай вучыць юных чытачоў чамусьці добраму і карыснаму. Асноўная ж мэта дзіцячай кнігі — выхаванне, фарміраванне духоўных і маральных каштоўнасцяў, арыенціраў. Толькі твор не павінен адкрыта вучыць. Ён павінен быць займальным, яго героі могуць паводзіць сябе па-рознаму. І роля пісьменніка — непрыкметна накіраваць дзіця да правільнай высновы.

Даведка

У Кацярыны Хадасевіч-Лісавой выйшлі 10 кніг. Казкі і аповесці цікавы дзецям ад 6 да 12 гадоў, зборнік твораў «Код геніяльнасці» разлічаны на чытачоў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

Фота Ірыны Маліноўскай

Читайте и подписывайтесь на нас:

Самое читаемое