Музыка, любоў і голас. Аб чым пішуць сучасныя беларускія творцы

«Вясёлкавы мост ад сэрца людскога да мары». Менавіта так называў паэзію народны паэт Беларусі Максім Танк. З нагоды Сусветнага дня паэзіі, што адзначаюць 21 сакавіка, мы запрасілі да размовы Таццяну Сівец — паэтку, перакладчыцу, старшыню Міжнароднага фонду Янкі Купалы, галоўнага рэдактара газеты «Медыцынскі веснік», каб даведацца пра яе ўласны вясёлкавы мост да мары. Падрабязней — у тэксце карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

— Гавораць, што паэт спіць у кожным, трэба толькі яго абудзіць. Але існуе і адваротная думка: паэтам трэба нарадзіцца. Якім быў ваш шлях у паэзію?

— Я хутчэй пагаджуся з думкай, што прыроджаную здольнасць да стварэння Паэзіі (так, з вялікай літары!) як высокага мастацтва маюць адсоткаў 5–10 прадстаўнікоў чалавецтва. Зрэшты, прыкладна столькі ж музыкаў валодаюць абсалютным слыхам. Але гэта не перашкаджае большасці з прыемнасцю слухаць музыку ці чытаць вершы. Для мяне ўсё пачалося са знаёмства з творамі Вольгі Куртаніч, Анатоля Сыса, надрукаванымі ў часопісе «Бярозка» ў 1993 годзе. Памятаю, як ад простых слоў, сплеценых у рыфмаваныя радкі, трапятала сэрца і з’явілася жаданне стварыць штосьці падобнае.

— А памятаеце тыя радкі?

— Так, натуральна… У Сыса гэта было «Мне на сэрцы золатам вышывалі краты, // кроў балюча капала на маю душу // з голкі дыяментавай аж у тры караты — // вось якое дзіва я ў грудзях нашу…» А ў Вольгі Куртаніч — «Сем белых галубоў, сем ветразяў надзеі, // раструшчыўшы — ушчэнт, ператварыўшы ў тло, // ля стомленай вады у жвір пусты пасею, // як зоймецца на ранне паднебнае святло…» Мне нават падаецца, тут няма чаго тлумачыць, варта прачытаць гэтыя творы цалкам, на адным дыханні.

— Паэзію тлумачыць наогул занятак марны, на мой погляд…

— Абсалютна згодная. Паэзію трэба чытаць! Адчуваць. Падбіраць да душы і настрою.

— Не стане горш, калі змрочнымі вершамі аздобіць змрочны дзень?

— А вясёлыя хіба захочацца чытаць, калі сэрца баліць? Насамрэч я маю на ўвазе не зусім тое, пра што вы сказалі. Гэта хутчэй псіхалагічны прыём, які рэальна працуе: калі я знаходжу ў творы думкі і пачуцці, сугучныя маім уласным, я адчуваю, што не адна! Неверагодна важна кожнаму чалавеку адчуць, што ён не адзінокі, што ёсць тыя, хто разважае і адчувае так, як ты, каму баліць гэтаксама, як і табе…

Фото носит иллюстративный характер, pixabay.com

— Вальтэр называў паэзію музыкай душы, Прышвін — формай любові, Анатоль Франс у складанні вершаў бачыў нешта падобнае да набажэнства. А што паэзія для вас?

— Для мяне гэта голас. Часам ціхі, які абуджае любоў, пяшчоту і спачуванне ў душы чалавека, а часам магутны — здольны выклікаць гнеў, узняць супраць несправядлівасці, аб’яднаць людзей у нацыю. Яркі прыклад — верш Купалы «Беларускім партызанам», менавіта яго перадрукоўвалі, агучвалі па радыё, ён фактычна стаў партызанскім гімнам і натхняў на змаганне з ворагам.

— Сапраўды, але наколькі, на ваш погляд, патрэбная паэзія чалавеку эпохі гаджэтаў?

— Мне здаецца, сёння, калі тыя самыя гаджэты сціраюць межы і адначасова аддаляюць людзей, паэзія патрэбная нам як ніколі. Жывая, беларуская…

— Беларускамоўная?

— Так, перадусім беларускамоўная. Кажу гэта з абсалютнай упэўненасцю як чалавек, які апошнія 10 гадоў перакладае паэтычныя творы на беларускую з самых розных моў свету — ад мовы Рэспублікі Комі да в’етнамскай. Беларуская мова настолькі багатая і мілагучная, што можа перадаць адметнасці абсалютна любой нацыянальнай паэзіі. Дарэчы, паэзія, паводле Бродскага, найвышэйшая форма існавання мовы. І я шчаслівая, калі сустракаю людзей, у тым ліку сярод медработнікаў, якія ўжо ў свядомым, сталым узросце звяртаюцца да роднай мовы ў пошуку сябе, свайго месца на зямлі, уласных каранёў.

— Так мы ад паэзіі незаўважна перайшлі да мовы.

— Гэта неаддзельныя пытанні для мяне. Нацыянальная паэзія ствараецца толькі на нацыянальнай мове. Гэта перакананне грунтуецца на асабістых спробах пісаць па-руску ў далёкім юнацтве.

— І як атрымлівалася?

— Штучна! Пры тым што беларускую мову чула ў дзяцінстве хіба ўлетку ад бабулі ў вёсцы, але чамусьці рускамоўным радкам бракавала галоўнага — шчырасці. Пазней кіраўнік майго першага літгуртка Артур Вітальевіч Вольскі распавёў мне падобную гісторыю пра тое, як яму, маладому боцману, што прынёс свае вершы класіку, Аляксандр Твардоўскі параіў: «Пішы на роднай мове, хлопец, ты ж беларус…»

Фото носит иллюстративный характер, pixabay.com

— А што б вы параілі аматарам паэзіі, у прыватнасці тым, хто толькі пачынае пісаць, і ўвогуле ўсім, хто шукае шляхоў паэтычнага асэнсавання рэчаіснасці?

— Усім адна галоўная парада: чытаць!

Маладым, каб бачыць далягляды паэзіі, каб не ўрывацца з разбегу ў даўно адчыненыя іншымі дзверы, а будаваць уласныя масты. А ўсім, хто лічыць паэзію нецікавай, знайсці сваіх паэтаў, чый голас адгукнецца ў сэрцы.

— А ў вас ёсць свае паэты?

— Канешне. Гэта золата Купалавых слоў і мужнасць Куляшова, агністая лірыка Тодара Кляшторнага і пяшчотная чуллівасць Леаніда Дранько-Майсюка, цнота Багдановіча і смеласць Танка, гарачая неўтаймоўнасць Караткевіча і ўтульнае святло Пісьмянкова… Паверце, я магу пералічваць вельмі доўга: у гэтым спісе будзе шмат нашых сучаснікаў, і я, шчыра кажучы, за тое, каб творцаў цанілі пры жыцці.

— А пра што пішуць сёння беларускія паэты?

— Пра тое, што баліць… І крыху пра каханне.

— Прачытаеце штосьці сваё?

— А вясна прыходзіць заўсёды поначы,

Як злачынца.

Зазірае ў вокны спачатку, пасля —

У вочы.

Адчыняй ёй — іначай

Яна і сама адчыніць…

Адчыніць і возьме ўсё, што яна захоча.

І ты будзеш стаяць перад ёю,

Бы горшы з вучняў,

І не ўспомніш імя свайго,

І нічога пасля не ўспомніш…

Бо заўсёды з вясною разам

Прыходзіць вусціш,

Як Вялікдзень прыходзіць па першай

Вясновай поўні.

І ты будзеш спяваць асанну,

Глядзець угору,

І аднойчы зусім

Перастанеш баяцца смерці…

Бо каханне з вясною ходзіць

Заўсёды поруч.

Зазірае ў вокны спачатку, пасля —

У сэрца.

— Калі вярнуцца да прыгожай метафары Максіма Танка, ці атрымалася ў вас збудаваць уласны вясёлкавы мост да мары? Што з’яўляецца ў ім апорамі?

— Спадзяюся, аднойчы атрымаецца… А апірышча ў ім — любоў, шчырасць, вера ў лепшае. І так, яшчэ крыху кахання.

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ