Насіце сваё неба з сабою

Светлана Фроленкова
Автор материала:
Светлана
Фроленкова

Макушка лета — самы час вандраваць. Вось толькі геаграфія адпачынку значна звузілася, і не толькі па прычыне пандэміі каранавiруса. Але нязведаная зямля — побач.

Год таму «Вячорка» пачала праект «Каб любiць Беларусь нашу мiлую». Акурат у гэтыя ліпеньскія дні мы адправіліся ў закінуты балотны свет Ельнi, а перад гэтым любаваліся захадам і світанкам на Блакітных азёрах, пра што мне нядаўна нагадаў Фэйсбук. Гартаю сённяшнюю стужку ў розных сацсетках і бачу, як падарожнічаюць сябры і знаёмыя па нашых маршрутах або падказваюць новыя. Адны вывучаюць маляўнічыя ланд­шафты, гістарычныя і архітэктурныя славутасці роднай зямлі, іншыя рэлаксуюць ў аграсядзібах ці на аўтэнтычных хутарах удалечыні ад цывілізацыі.

Нават на мора можна паехаць! Сапраўднага — салёнага — у нас няма, але i Мiнскае вельмi каларытнае: яно вабіць змучаных спякотай гараджан. А якія тут неверагодныя захады! Сама ў мінулую суботу назiрала, як стомленае сонца ласкава развітвалася з морам…

Шмат у Ciнявокай таксама прыгожых азёр, апраўленых высокімі хвоямі і духмянымі травамі. Дарэчы, нашы лугі не менш маляўнічыя, чым альпійскія. У іх дыван уплецены рамонкі і васількі, званочкі і цімафееўка, канюшына і мядунка, скрыпень і беларуская лаванда — чабор. Адчуваеце яго тонкi водар? Нездарма чабор апеў у сваім вершы Пятрусь Броўка:

Хіба на вечар той можна забыцца?

…Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор,

Пахне чабор…

Памятаю, як мая бабуля збiрала чабор і iншыя травы і гатавала смачную лекавую гарбату. Калі будзеце на тэрыторыі нацыянальнага парку «Нарачанскі», наведайце абавязкова «Аптэкарскі сад». Вырашыце адправіцца на Брэстчыну — зазірніце ў «Дом траўніка». Знаходзіцца ён у вёсцы Стрэльна Іванаўскага раёна. А ў вёсцы Хвоенск, што пад Туравам, гаспадыня этнасядзібы праводзіць майстар-класы па травазнаўству і выпечцы хлеба.

У апошнi час мы сталі больш шана­ваць сваю самабытнасць, вывучаць традыцыі продкаў, часцей размаўляць на матчынай мове, адчуваючы яе смак i пяшчоту, чытаць творы беларускiх літаратараў. Дарэчы, можна адправіцца ў падарожжа і па пісьменніцкiх месцах. Паехаць, напрыклад, у Вязынку. Менавіта тут нарадзіўся Ясь Луцэвіч — будучы народны паэт Бела­русі Янка Купала. Адшукайце там валуны з высечанымі на іх радкамі з купалаускiх твораў. Адпачніце ў халадку дубровы, пасаджанай беларускімі творцамі да 100-годдзя з дня нараджэння Песняра, палюбуйцеся узгорыстымi і лясістымi ваколіцамi, што яго натхнялі.

Падкажу яшчэ адно цікавае месца. Гэта Орша, дзе нарадзiўся Уладзі­мір Караткевіч. Для гэтага пісьменнiка беларус­касць была найвышэйшай малітвай, а народнасць — найвышэйшай пробай. Музей, прысвечаны жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, знахо­дзiцца ў будынку-помніку грама­дзянскай архітэктуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Тут з 1925 года размяшчаўся ра­дзільны дом, у якім 26 лістапада 1930 года і з’явіўся на свет будучы пісьмен­нік. З Мінска ў Оршу некалькі разоў на дзень хо­дзяць цягнiкі. А каб прабавіць час падчас паездкі, захапіце з сабой яго раман ці аповесць, напрыклад, «Каласы пад сярпом тваiм» цi «Ла­ддзю роспачы». І памятайце словы Караткевiча: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабою».

Фото БелТА

Читайте и подписывайтесь на нас:

Читайте нас в Google News

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

Самое читаемое