Настаўнiца беларускай мовы: «На ўроках важна не «загнацца» самой i не «загнаць» сваiх вучняў у правiлы i схемы»

Як урок зрабіць творам мастацтва, чаму можна навучыцца ў лiтаратурных герояў i сучасных вучняў — аб гэтым i не толькi карэспандэнт агенцтва «Мiнск-Навiны» пагаварыла з настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры гiмназii № 1 імя Ф. Скарыны г. Мiнска Святланай Дзяшук.

— Маё знаёмства з беларускай мовай пачалося ў дзяцiнстве з кнiжкi казак. Потым былі розныя творы… Адны з любімых — «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча і «Людзі на балоце» Івана Мележа. Дарэчы, спектакль па апошнім рамане з захапленнем глядзела ў Купалаўскім тэатры. Святлана Анатольеўна, а што паўплывала на ваш выбар прафесіі?

— Стаць настаўнiкам — мая дзіцячая мара. Выбар менавiта беларускай мовы i лiтаратуры склаўся значна пазней. У школе ўсе прадметы падабалiся, але асаблiва любiмымi былi мовы: руская, беларуская, iспанская. Школу скончыла з сярэбраным медалём. У атэстаце адна чацвёрка — па беларускай мове (тады была яшчэ пяцiбальная сiстэма). Такiм чынам, прадмет выбiрала ад адваротнага. Спачатку было педагагiчнае вучылiшча, потым БДПУ iмя М. Танка. 1990-я гады — якраз уздым беларусiзацыi, тады многае ў краiне было на беларускай мове. Студэнцкiя гады самыя светлыя i шчырыя. Памятаю нашых цудоўных выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры Марыю Цiмафееўну Кавалёву і Аляксандра Iванавiча Лугоўскага (ён працаваў дэканам).

— Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць сучасны настаўнік? Якія свае прафесійныя дасягненні вы лічыце самымі значнымі?

— Доўга разважала над пытаннем, хто такi настаўнiк. І прыйшла да такой высновы: гэта той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае iм сваю душу, узбагачае сваiмi духоўным вопытам i маральнымi каштоўнасцямi. Таму ўсё, чаму вучыць настаўнiк, павiнна быць у iм самiм. Розум выхоўваецца розумам, высакароднасць — асабiстай высакароднасцю, перакананасць — перакананасцю. Можна бясконца пералiчваць усе станоўчыя якасцi, што павiнен мець сучасны педагог, а можна ўсё пералiчанае вызначыць толькi адным — прыкладам, якiм ён павiнен быць для тых, каго настаўляе. Прыкладам ва ўсiм — у адзеннi, знешнiм выглядзе, культуры маўлення, дзеяннях i справах.

Калi толькi пачынала працаваць, то арыентавалася на калег, якiя былi побач са мною, i любiмых лiтаратурных герояў — коласаўскага Андрэя Лабановiча i быкаўскага Алеся Iванавiча Мароза. Памятаеце, Лабановiч не заклiкаў вучняў любiць прыроду, а разам з iмi саджаў дрэўцы, не абураўся непарадкам, а наводзiў парадак. Мароз не скардзiўся на абставiны, як iншыя, а ўплываў на iх. Разам з вучнямi пiлаваў дровы, i ў школе заўсёды было цёпла. Не хапала кнiг — па пояс у вадзе перанёс закiнутую ў панскiм маёнтку бiблiятэку і па ўласнай праграме далучаў вучняў да сусветных скарбаў. Таму цяжка не пагадзiцца са словамі: «Каб даць некаму, трэба мець самому. Толькi духоўна багатая асоба здольная ўзбагацiць iншых».

Настаўнiчаю 25 гадоў. Адным з найвялiкшых прафесійных дасягненняў лiчу перамогі сваiх вучняў на розных этапах рэспублiканскай алiмпiяды па беларускай мове i лiтаратуры: за сем гадоў 21 дыплом на гарадскiм узроўнi i чатыры — на заключным этапе. Вучнi сярэднiх класаў, удзельнiчаючы ў гарадской iнтэрнэт-алiмпiядзе, заваявалi 20 узнагарод. У 2016 годзе за работу з адоранымi дзецьмi я атрымала прэмiю Мiнгарвыканкама.

Таксама адно з дасягненняў — выхад у свет маiх дапаможнiкаў «Трэнажор па арфаграфii беларускай мовы» для 5-га i 6-га класаў. Рыхтуецца да друку і выданне для 7-га класа. Некаторыя мае вучнi абiраюць прафесiю настаўнiка-фiлолага, значыць, ёсць працяг маёй справы. Але гэта колькасныя паказчыкi. На маю думку, больш важныя ўзаемаадносiны памiж настаўнiкам i вучнямі, настаўнiкам i бацькамi. Яны вельмi шчырыя, цёплыя. Былыя вучнi прыходзяць у школу, тэлефануюць, запрашаюць на сустрэчы з выпускнiкамi. Мне не сорамна глядзець iм у вочы, не сорамна за тое, што я раблю на ўроках. У гэтым годзе ў мяне 5-ы, 8-я i 10-я класы. Я таксама класны кiраўнiк 8 «Б». Дарэчы, вельмi добра працуе самакiраванне: рабяты з 5-га класа прывучаны да самастойнасцi. Самi арганізоўваюць калектыўныя творчыя справы пры маёй падтрымцы.

— Чым вы зацікаўліваеце вучняў на сваіх уроках, каб іх вочы гарэлі? Ці заўсёды атрымліваецца знайсці агульную мову з юным пакаленнем?

— Чым зацiкавiць дзяцей? Тым, што цiкавiць iх па-за ўрокамi. У першую чаргу разнастайнымі гаджэтамі. Імкнуся ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваць iнфармацыйныя тэхналогii. Напрыклад, у сярэднiх класах пры вывучэннi тэмы «Лексiка» гэта вiзуальны электронны руска-беларускi слоўнiчак, які распрацавала мая вучанiца пры падтрымцы сваёй бабулi. Дарэчы, ён заваяваў першае месца на конкурсе даследчых работ у Ленiнскiм раёне. Аналагаў у Беларусi няма.

У старэйшых класах выкарыстоўваю магчымасцi Google-дыска: ён дазваляе выконваць групавыя заданнi ў выглядзе дакументаў для сумеснага выкарыстання, ствараць розныя вiды тэстаў. Але тут вельмi важна пачуццё меры. Інфармацыйныя тэхналогii неабходна выкарыстоўваць толькi тады, калi яны непазбежна патрэбныя. Да таго часу, пакуль яны з`яўляюцца iнструментам, а не становяцца самамэтаю.

Асноўным на занятках павiнна заставацца ўзаемадзеянне памiж настаўнiкам i вучнем, бо цуды ствараюць не камп`ютары, а педагогi. Менавiта яны робяць свае заняткi цiкавымi, а вучняў — зацiкаўленымi. Таму на ўроках мовы настаўнiк павінен пастаянна гаварыць, што граматны чалавек паспяховы, што мова — гэта сiстэма, авалодаўшы якою можна дасягнуць поспехаў абсалютна ва ўсiх сферах жыцця. А што датычыцца лiтаратуры, то зацiкавiць вучняў можна iнфармацыяй пра тое, што апавяданне, раман — гэта не проста тэкст, якi трэба прачытаць, а твор мастацтва, праз якi мы можам спазнаць самiх сябе, людзей, якiя жывуць вакол, а таксама акаляючы свет.

Самая вялiкая складанасць на ўроках мовы i лiтаратуры асабiста для мяне — недахоп часу. Заўсёды хочацца крышачку выйсцi за рамкi праграмы, штосьцi абмеркаваць, паспрачацца… На ўроках мовы важна не «загнацца» самой i не «загнаць» сваiх вучняў у правiлы, схемы, а паказаць прыгажосць беларускай мовы, яе мiлагучнасць, цеплыню i пяшчоту.

Ці заўсёды ўдаецца знайсці агульную мову з вучнямi? Не буду сціплай: заўсёды! Рэцэпт, з аднага боку, просты, з другога — складаны. «Пачынаецца ўсё з любвi, а iнакш i жыць немагчыма» — гэтыя словы Яўгенii Янiшчыц — маё жыццёвае крэда. Трэба любiць прадмет, што выкладаеш, тых, каго вучыш, бацькоў вучняў, калег, людзей, якiя побач з табой.

— Што чытаюць сучасныя дзеці па-за спiсам школьнай праграмы i лiтаратуры на лета?

— Абсалютна розных аўтараў i розныя жанры. Напрыклад, «Гiмназiя № 13», «Час заўсёды добры» i iншыя творы Андрэя Жвалеўскага i Яўгенii Пастэрнак. Таксама ад вучняў чула прозвiшча даволi юнай беларускай пiсьменнiцы Сафii Ворса і назву яе кнiгі «Дзесяць простых гiсторый». Вучнi адзначаюць: вельмi цiкава чытаць тое, што напiсалi равеснiкi. З беларускамоўных захапляюцца аповесцямі Андрэя Федарэнка «Шчарбаты талер» і «Афганская шкатулка». Чытаюць Людмiлу Рублеўскую, Раісу Баравікову.

Прывяду выпадак, якi мяне здзiвiў. Вучань 5-га класа прачытаў летам «Дзiкае паляванне караля Стаха» Караткевiча (па праграме яго вывучаюць у 9-м). Высветлілася: хлопчык вельмi цiкавiцца гiсторыяй, паўстаннем Калiноўскага. Зараз ён вучыцца ў 8-м класе, удзельнiчае ва ўсiх конкурсах і алiмпiядах па гiсторыi.

— Мы жывём у няпросты час. Кожны дзень даводзіцца шукаць адказы на складаныя пытанні, у тым лiку звяртаючыся да твораў класікаў і сучаснікаў. Ці ёсць такія аўтары і такія кнігі, што дапамагаюць вам захаваць душэўную раўнавагу і ўнутраную гармонію?

— Эрых Марыя Рэмарк, і асаблiва яго «Тры таварышы» — адзiн з самых прыгожых i трагiчных раманаў пра каханне, сяброўства, чалавечыя ўзаемаадносiны. Што да любiмай беларускай лiтаратуры, то гэта творы Васiля Быкава — глыбокатрагiчныя, але з жыццесцвярджальным пафасам i аптымiзмам самога пiсьменнiка, з яго глыбокай фiласофiяй: як у бесчалавечных абставiнах застацца чалавекам. Канешне, гэта мой любiмы Уладзiмiр Караткевiч, і асабліва яго раман «Каласы пад сярпом тваiм». Як не ўспомнiць яго цытаты: «Няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць. Кахаць — вось што было шчасце», «I пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца».

— Ці згодныя вы са сцвярджэннем: «Настаўнік вучыцца ўсё жыццё»?

— Сапраўды, яму трэба пастаянна ўдасканальвацца, быць у творчым, прафесiйным пошуку, каб адпавядаць патрабаванням часу, быць цiкавым для сваiх вучняў. Толькi той настаўнiк, якi вучыцца ўсё жыццё, становiцца сапраўдным майстрам, мастаком, калi хочаце, паэтам педагагiчнага працэсу, здольным ператварыць урок у твор мастацтва.

А ў сучасных вучняў таксама шмат чаму можна навучыцца. У першую чаргу мабiльнасцi, здольнасцi свабодна карыстацца лiчбавымi тэхналогiямi, а яшчэ, як сказаў класiк, «здзiўляцца i захапляцца жыццём».

Фото Сергея Лукашова

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ