«Нават мядовы месяц бацькі правялі ў экспедыцыі». Археолаг — пра каханне да навукі, якая «не дае розуму заржавець»

Археолаг — досыць рэдкая прафесія, асабліва ў нашай краіне. Двое вядомых «дэтэктываў мінулага» — кандыдатаў навук на адну сям’ю — выпадак і зусім выключны. Як і чаму Максім Чарняўскі працягвае справу свайго бацькі — у матэрыяле карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

Крэдыт даверу

Вядомы беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік Міхась Чарняўскі 45 гадоў адпрацаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэмii навук Беларусі, больш за 10 гадоў загадваў аддзелам археалогіі каменнага і бронзавага вякоў. Яго не стала 6 гадоў таму. Але ў калектыве па-ранейшаму ёсць супрацоўнік з такімі жа прозвішчам і ініцыяламі: Максім Чарняўскі — кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара неаліту і бронзавага веку аддзела археалогіі першабытнага грамадства.

— Я ніколі не мучыўся пытаннем, кім стаць, не стаяў перад выбарам, хоць магчымасці абраць іншы лёс таксама былі, — прызнаецца Максім Чарняўскі. — У першую экспедыцыю бацька ўзяў мяне ў 3 гады. З той пары палову лета штогод праводзіў у вёсцы ў бабулі і дзядулі на Мядзельшчыне, а палову — з бацькам у «палях». Палаткі, заплечнік, раскопкі здаваліся абсалютна натуральным, хоць і не пазбаўленым рамантыкі атрыбутам дзяцінства і юнацтва. Паступова пачалі даваць нескладаныя даручэнні — так я стаў сваім сярод археолагаў.

Пасля заканчэння гістфака БДУ Максім Чарняўскі паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі і ўжо выдатна ўяўляў, чым будзе займацца.

— Сам факт таго, што я сын Міхася Чарняўскага, забяспечыў мне салідны крэдыт даверу. Прозвішча, безумоўна, напачатку дапамагала, — расказвае Максім.  Аднак я не выязджаў на ім, а працаваў і даказваў, што трапіў у навуку па прызванню, а не па пратэкцыі. Цешу сябе надзеяй, што крэдыт даверу апраўдаў.

Міхаіл Міхайлавіч вельмі радаваўся, калі сын абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ён быў не з тых, хто заклапочаны прасоўваннем па службе, кар’ерай, але навуковую ступень лічыў важным этапам на шляху развіцця навукоўца. Бацька падтрымліваў сына. Але і шмат патрабаваў, здаралася, крытыкаваў. Асноўны ўрок, за які Максім назаўжды застаўся яму ўдзячны, — нічога само ў жыцці не падае з неба, любы поспех здабываецца працай. Бацька любіў паўтараць: «Каб зямля табе аддзячыла, ёй трэба не адзін раз пакланіцца».

Археолаг Міхась Чарняўскі лічыцца адным з вядучых спецыялістаў краіны па матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Заходняй і Паўночнай Беларусі. Вывучаў першабытныя стаянкі на Крывінскім тарфяніку на Віцебшчыне, помнікі ў Панямонні і Падзвінні. Назапашаныя ім матэрыялы выкарыстоўваюць у сваіх працах маладыя калегі. Максім Чарняўскі працягвае даследаванні бацькі, якія датычацца Паазер’я. З 2000-га ён актыўна займаецца раскопкамі на Крывінскім тарфяніку. За гэтыя гады там знойдзены дзесяткі ўнікальных старажытных артэфактаў, якія пашырылі навуковыя ўяўленні пра падзеі даўно мінулых дзён.

— Планую апублікаваць бацькавы і свае матэрыялы, якія тычацца Крывінскага тарфяніка, — дзеліцца Максім Чарняўскі. — А яшчэ мару сабраць міжнародную каманду для вывучэння гэтага ўнікальнага археалагічнага мікрарэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Сучасную археалогію нельга ўявіць без узаемадзеяння вучоных самых розных навуковых галін. У нашай краіне, на жаль, няма магчымасці як след вывучыць знойдзеныя артэфакты, атрымаць з іх максімум інфармацыі з-за адсутнасці неабходнага сучаснага абсталявання і шэрагу профільных спецыялістаў.

Асавец, Крывінскі тарфянік (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). З валанцёрамі і студэнтамі, удзельнікамі экспедыцыі, 2011 год

Сваю вечную любоў да прафесіі Максім тлумачыць проста: археалогія — вельмі разнастайная і шматгаліновая навука, яна не дае розуму заржавець.

Археалогiя выконвае функцыю і верыфікацыі гісторыі. Невыпадкова кажуць, што гісторыю пішуць пераможцы: ей лёгка маніпуляваць. А артэфакты, якія знаходзяць дэтэктывы мінулага ў зямлі, не залежаць ад сучасных жаданняў і перакананняў, і менавіта яны ствараюць сапраўдную карціну жыцця нашых продкаў.

Сямейны праект

Вучоны, археолаг Міхась Чарняўскі быў чалавекам шырокіх прафесійных інтарэсаў і шматлікіх талентаў. Ён з дзяцінства і да апошніх дзён як святыні пакланяўся кнігам, сябраваў з пісьменнікамі, сам папулярызаваў гістарычныя веды ў мастацкіх творах для дзяцей. Аповесці «Страла Расамахі» і «Вогнепаклоннікі» першымі пачулі жонка Святлана, дачка Алеся і сын Максім яшчэ ў рукапісным варыянце. Міхаіл Міхайлавіч на іх правяраў, наколькі захапляльным і зразумелым атрымліваўся твор. Хацеў, каб не толькі яго дзеці, але і ўсе маладыя беларусы ведалі, якая ў нас багатая гісторыя.

З бацькам, 1985 год

Міхаіл Чарняўскі пераканаў і натхніў многіх да напісання мемуараў. А вось свае ўласныя скончыць не паспеў. Сёння Максім разам з мамай Святланай Сяргееўнай i сястрой Алесяй працуюць над тым, каб выдаць кнігу з успамінамі Міхаіла Міхайлавіча і пра яго.

Жаночая палова ў гэтай сям’і таксама памалу далучалася да археалогіі. Міхаіл Міхайлавіч мядовы месяц правёў з жонкай у экспедыцыі на Крывінскім тарфяніку. Максім не аднойчы браў сваю жонку Алесю «у поле». Іх дачка Данута 5 гадоў запар з задавальненнем працуе валанцёрам на раскопках. Дачка Міхаіла Міхайлавіча выйшла замуж за археолага, дацэнта гістфака БДУ Вадзіма Беляўца, тым самым умацавала прафесійнае лобі ў сям’і.

— Бацька для мяне заўсёды быў эталонам сапраўднага вучонага і грамадзяніна, — кажа Максім Чарняўскі. — Я не спрабаваў пры яго жыцці і не стаўлю мэтай сёння канкураваць з ім. Але адчуваю сябе яго прамым спадчыннікам і ў прафесіі, і ў жыцці, таму што ёсць тое, што нас аб’ядноўвае: любоў да Беларусі, цікавасць да яе гісторыі.

Фота Тамары Хаміцэвіч і з архіва Максіма Чарняўскага

ТОП-3 О МИНСКЕ