«Неабходна адчыніць дзверы Хрысту». Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў вернікаў з Калядамі

Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!

«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся».

Гэтымі словамі мы абвяшчаем радасць свята Божага Нараджэння, якое найперш павінна насіць духоўны характар, бо Бог у вобразе чалавека ўвайшоў у нашае жыццё.

Аднак у апошнія часы ўсё часцей праяўляецца тэндэнцыя вонкавай падрыхтоўкі да яго і святкавання паводле воклічу старажытных рымлянаў: «Хлеба і відовішчаў». Вірус спажывальніцтва і задавальненняў разбурае наша маральнае жыццё і хрысціянскія традыцыі.

У той жа час Бог прапануе значна большую перспектыву, чым супермаркет, матэрыяльныя каштоўнасці ці задавальненні. А менавіта вечнасць, да якой нас вядзе Езус, чыё нараджэнне святкуем.

Нягледзячы на працэсы секулярызацыі, чалавецтва адзначае свята Божага Нараджэння. Сведчаць пра гэта летазлічэнне, якое бярэ свой пачатак ад нараджэння Езуса, папулярныя калядныя канікулы і канцэрты, практыка святочных віншаванняў і да т. п.

Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей.

У наш час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем.

А іх шмат. Найперш гэта крызіс сям’і, якая з’яўляецца падмуркам грамадства. Большасць сем’яў знаходзяцца ў разводзе. Таму падмурак нашага грамадства нетрывалы, што не абяцае яму добрай будучыні, бо дзеці застаюцца без належнай апекі і выхавання абодвух бацькоў.

Завоблачныя лічбы падае статыстыка абортаў.

Амаральная сексуальная адукацыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі прасоўваецца ў навучальныя ўстановы і грамадства. Адкідваецца традыцыйная мадэль сям’і і прапагандуюцца аднаполыя саюзы.

Такая і падобная практыка сучаснага жыцця вядзе ў бездань. А свет без Бога з’яўляецца светам згубленага чалавецтва, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Таму мы павінны сказаць нашае рашучае «не» антыхрысціянскім тэндэнцыям!

У ноч Божага Нараджэння анёл сказаў пастушкам: «Не бойцеся!» Гэтыя словы адрасаваны таксама і людзям нашага часу, падобна як 20 стагоддзяў таму яны былі скіраваны да пастушкоў.

Мы атрымалі Збаўцу, які не пакідае нас адных і заўсёды бароніць. Гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем.

Езус кажа: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку». А калі Ён з намі, то і мы павінны быць з Ім… Калі Бог з намі, то хто супраць нас?

У сучасным свеце абарона праўды і барацьба за хрысціянскія каштоўнасці патрабуе надзвычайнага гераізму. Дзякуй Богу, у нас скончыўся час ганенняў на веру. Аднак наступае час ганенняў «у белых пальчатках». Дэмакратычным спосабам прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы, вера спіхваецца на перыферыю жыцця і высмейваецца, адбываюцца акты блюзнерства, прафанацыі і знішчэння рэлігійных сімвалаў. Чыніцца ўсё гэта найчасцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасць без маральнай адказнасці.

Прапагандаваць амаральныя справы становіцца нормай, а маральныя — праблемай. У выніку наступае сістэматычная маральная дэградацыя чалавека, сям’і і цэлых народаў.

У наш час супрацьстаяння Божай праўды з неаязычніцтвам мы становімся перад неабходнасцю радыкальнага этычна-рэлігійнага выбару: захаваць вернасць вучэнню Хрыста ці ігнараваць яго.

Праз служэнне Касцёла Хрыстус прыходзіць да нас, таксама як 20 стагоддзяў таму прыйшоў у Бэтлееме. Ён нічога не адбірае, а толькі ўзбагачае духам мудрасці і любові, міласэрнасці і трываласці, а таксама адорвае супакоем, радасцю, шчасцем і новай надзеяй.

Таму неабходна адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе, як заклікае святы Ян Павел II, якому прысвечаны наступны Пастырскі год у Касцёле на Беларусі.

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!

Віншую хрысціянаў, якія разам з намі яго адзначаюць!

Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам!

Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Нараджэнне Пана 2019 года

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ