Новость для фанатов Гарри Поттера: вторая часть бестселлера выйдет на белорусском языке

Чаму Гары Потэр не есць дранікаў і навошта перакладчыку перамагаць свой эгаізм? Аб гэтым карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» пагутарыла з Аленай Пятровіч, дзякуючы якой першая кніга Джоан Роўлінг пра хлопчыка-чарадзея з’явілася на беларускай мове.

— Алена, чаму ўзяліся за пераклад славутага фэнтэзі?

— Гісторыя з «Гары Потэрам» даволі забаўная. Прачытала яго ў параўнальна сталым узросце, гадоў у 25–27. Чытала як кнігу для дарослых. Вырашыла, што яна абдзелена ўвагай людзей майго пакалення, якія па аб’ектыўных прычынах не маглі яе мець у дзяцінстве. Уявіла, што, калі б зноў стала дзіцем, захацела б прачытаць яе па-беларуску. Так з’явілася ідэя перакласці твор. Напісала ліст з прапановай выдаўцу Андрэю Янушкевічу, далучыўшы «тэставы кавалак» тэксту. Чакаць адказу не стала, працавала далей. У выдавецтве якраз збіраліся рабіць такую кнігу і маю кандыдатуру падтрымалі, далі згоду і праваўладальнікі твора.

— Давялося абеларусіць раман?

— Толькі ў межах прыстойнага. Як я ўжо казала ў адным інтэрв’ю, і гэта мой найлепшы афарызм: «Гары Потэр не будзе есці дранікі і бабку». Я паважаю аўтарку, і калі яна напісала брытанскі твор, ён павінен застацца такім. Мы жывем у адкрытым свеце, і нішто «не сваё» ўжо даўно не павінна пужаць людзей. Таму захавала арыгінальныя імёны, назвы факультэтаў.

— Працяг кнігі на беларускай мове будзе?

— Так, ужо гатовы тэкст перакладу другой часткі рамана «Гары Потэр і Таемная Зала». Яго неўзабаве атрымае рэдактар. Спадзяюся, у 2020-м надрукуюць.

— Над чым яшчэ працуеце?

— Для таго ж выдавецтва «Янушкевіч» мы з Марыяй Пушкінай перакладаем другі том польскага фэнтэзі Яраслава Гжэндовіча «Гаспадар Ледзянога Саду». Ён таксама хутка павінен з’явіцца. Першы том выйшаў летась.

— Чые творы пераклалі першымі?

— Вершы ўкраінскага паэта Грыцько Чубая. Першыя спробы зрабіла на літаратурна-мастацкім пленэры на возеры Дзевіна пад Оршай, дзе вядомы паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч зладзіў для маладых літаратараў невялікую перакладчыцкую майстэрню. Я тады вучылася на філфаку БДУ. Пасля вяртання ў Мінск з восені 2005 года наведвала Перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім калегіуме, і мяне гэта захапіла. Працягвала перакладаць творы Чубая. Спадзяюся, калісьці выйдзе і яго кніга. Амаль тады ж пераклала падборку вершаў Джыма Морысана. Потым былі апавяданні Артура Конана Дойля, Оскара Уайльда, Рышарда Капусьцінскага і іншых.

— Колькі замежных моў вы ведаеце?

— Вольна размаўляю толькі на англійскай і польскай, але галоўнае правіла мастацкага перакладу — ведаць мову, на якую перакладаеш. Зразумела, мова-крыніца павінна ў тваім наборы прысутнічаць, але заўжды можна зазірнуць у слоўнік ці пракансультавацца. Разумею добра ўкраінскую, бо шмат на ёй чытаю, але гаварыць ніколі не спрабавала. Таксама вывучала чэшскую і без праблем разумею яе. Як славістка наведвала канферэнцыі, дзе рабочымі мовамі былі ўсе славянскія, разумею і іх. І ўсё ж перакладаць не стану, пакуль не падцягну да пэўнага ўзроўню. Самастойна вывучала іспанскую, але мела ў ёй мала практыкі. Трохі вучыла нямецкую, аднак стасункі з ёй не склаліся. Зараз вучу французскую.

— Якія складанасці ўзнікаюць падчас перакладу?

— Кожны раз свае. Калі перакладаеш з блізкіх моў, як украінская або польская, галоўнае — не трапіць у пастку вонкавага падабенства. Трэба добра адчуць рытм, сінтаксіс і зрабіць крута на сваёй мове. Калі ж пераклад з англійскай, то ўзнікаюць іншыя праблемы, асабліва ў паэзіі: трэба сказаць тое самае, але вельмі коратка. Словы ў англійскай мове карацейшыя за славянскія — даводзіцца моцна манеўраваць, каб не згубіць сэнс, прыгожы вобраз.

— Рускі пісьменнік XIX стагоддзя Васіль Жукоўскі гаварыў, што перакладчык у прозе — раб, у паэзіі — канкурэнт. Згодныя?

— Хацела б сказаць: «Згодная», але насамрэч не (смяецца). Ну, ёсць крыху такая праблема. Часам перакладаеш верш, і з’яўляюцца нейкая геніяльная рыфма ці вобраз, якія хочацца пакінуць сабе, а не «аддаваць» паэту, але крутыя перакладчыкі гэты свой эгаізм перамагаюць. Я, калі што, не крутая перакладчыца паэзіі. Нязгодная асабліва пра раба: каму ж захочацца назваць сябе так? Канешне, ты залежыш ад тэксту ў значнай ступені, але ж, па-першае, ты сам выбраў яго. Па-другое, заўжды ёсць абходныя шляхі выразіць сябе. Почырк перакладчыка ўсё адно будзе адчувацца праз словы, якія ён выбірае, праз сам лад мовы.

— Як лічыце, ці змогуць анлайн-перакладчыкі замяніць людзей у бліжэйшай будучынi? Ужо сёння мабільныя інтэрнэт-праграмы для перакладу карыстаюцца вялікім попытам.

— Што тычыцца мастацкага перакладу, то сумняюся, што гэта магчыма. Пераклад твору — гэта нашмат больш, чым пераклад слоў. З паэзіяй такое немагчыма ўвогуле, ды і мала сэнсу, бо дзе тады кайф ад працы? Анлайн-перакладчыкі — вельмі зручная штука для перакладу навін, тэхнічных дакументаў. Але на іх нельга цалкам спадзявацца. Давала студэнтам заданне перакласці любы тэкст праз Google Тranslate і знайсці ў ім памылкі. Дык вось, не трапілася ніводнага правільнага тэксту.

— Вы член рэдкалегіі часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Наколькі запатрабаваныя замежныя творы на беларускай мове? Ці мяняецца з гадамі цікавасць да іх з боку чытачоў і саміх перакладчыкаў?

— Наш «ПрайдзіСвет» акурат сабраўся ў той самай Перакладчыцкай майстэрні амаль 15 гадоў таму. Сёння часопіс стаіць на паўзе, бо кожны займаецца сваімі ўласнымі праектамі. Гэта заканамерны працэс, калі нешта функцыянуе некамерцыйна. Аднак часопіс праіснаваў доўгі час, значыць, попыт быў. Зараз займаемся перакладамі кніг настолькі, што проста не застаецца часу і сіл яшчэ і на часопіс. Перакладзеных кніг выходзіць усё больш, значыць, камусьці яны патрэбныя. Мне здаецца, што ў значнай ступені мы ўсё робім для сябе, таму што нам ад гэтага добра і з гэтым хочацца працаваць.

— Калі не сакрэт, самі пішаце вершы, прозу?

— Літаратурную дзейнасць пачынала з вершаў. Пісала і прозу, штосьці друкавалі, але больш за дзесяць гадоў нічога не стварала. Год назад зноў пачала — вершы выкладаю толькі ў «Фэйсбуку». Не ведаю, ці хопіць імпэту на кніжку, але летась з новымі тэкстамі трапіла ў «Анталогію сучаснага беларускага верлібра», якую склаў паэт Георгій Барташ. У гэты зборнік увайшлі творы 30 аўтараў.

Даведка

Алена Пятровіч — кандыдат філалагічных навук, выкладае на філфаку Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Перакладае з украінскай, польскай, англійскай і чэшскай моў на беларускую.

Фота Ірыны Маліноўскай

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ