Новыя вобразы, сустрэчы з моладдзю і ўвага да гісторыі. Чым сёння жыве беларуская літаратура
Добавить в основные
источники Google

«Вячэрні Мінск» разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі пачынае праект «Сталіца адкрытых старонак. Маладыя аўтары — вялікія гісторыі», прысвечаны сучаснай беларускай літаратуры. На старонках газеты будуць публікавацца інтэрв’ю і ўрыўкі з твораў. Чым сёння жыве наша літаратура, карэспандэнтам агенцтва «Мінск-Навіны» расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч.

Шчырыя размовы
— Якія задачы стаяць перад Саюзам пісьменнікаў Беларусі на бліжэйшыя некалькі гадоў?
— Гэтае пытанне патрабуе разваг над планаваннем амаль што вытворчых задач. Адразу ўспамінаю, калі мы абмяркоўвалі планы выхаду на новыя абсягі. Можна прапісаць колькасць выдадзеных кніг, яшчэ прасцей — падлічыць розныя імпрэзы, сустрэчы, аўтограф-сесіі, адным словам, сфармуляваць задачы і выбудаваць перспектывы. Але ці задаволіць гэта чытача, асабліва прадстаўніка маладога пакалення? Ці так для яго важныя статыстыка, пералік адзнак і прэмій, якія атрымліваюць пісьменнікі?
Задача перад творчай грамадскасцю, якая выбрала свой літаратурны шлях, простая — пісаць, ствараць, знаходзіць у прозе, паэзіі, публіцыстыцы, драматургіі новыя вобразы, новыя мастацкія сімвалы, якія былі б сугучныя развагам, перажыванням, трывогам нашага сучасніка.
Калі яна вырашаецца, то пасля важнымі становяцца і планы, і сустрэчы з чытачамі, і мерапрыемствы. Нядаўна мы правялі пленумы праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаныя пытанням дзіцячай літаратуры, выхавання і тэме патрыятызму. Зараз рыхтуем пленум, дзе будзем весці размову пра адукацыю і літаратуру. Грамадства, як і патрабаванні да навацый у адукацыі, хутка мяняецца.
Ва ўсіх гэтых клопатах, развагах, асэнсаваннях рэчаіснасці і таго, што зроблена пісьменнікамі ў апошні час, таксама важнай з’яўляецца праца з моладдзю. Сёлета ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў I Форум маладых літаратараў Беларусі, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Агучана шмат важных праблем і пытанняў практычнага характару, якія патрабуюць вырашэння. Мяркую, што ўсе аўтары ўдзячныя за шчырую размову, сур’ёзнае абмеркаванне набалелых тэм. І разам з тым мае месца руплівасць літаратурнай моладзі адлюстроўваць у творах сапраўднае жыццё, выкладаць сваю пазіцыю з нагоды грамадскіх з’яў.
Вікторыя Кляўко, Андрэй Дарожкін, Яўгенія Пракапчук, Паліна Дваранская, Паліна Корнева, Настасся Нарэйка, Ксенія Зарэцкая, Ягор Жукоўскі, Вольга Бялова, Мацвей Лішын — у літаратуру ідзе новае пакаленне. Іх творы трэба і варта чытаць!

Фото magnific.com
— Раскажыце пра сумесныя праекты Саюза пісьменнікаў Беларусі з пісьменніцкімі арганізацыямі Расіі.
— Мы супрацоўнічаем з Саюзам пісьменнікаў Расіі і яго рэгіянальнымі аддзяленнямі ва ўсіх куточках бязмежнай прасторы Расіі. Гэта не фармалізаваныя праекты, а шчырая сяброўская атмасфера, якая склалася за доўгі час. Па-першае, існуе Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Па-другое, у шматлікіх расійскіх перыядычных літаратурна-мастацкіх выданнях друкуюцца беларускія аўтары. Нядаўна выйшла вялікая падборка твораў нашых паэтаў і празаікаў у часопісе «Подъем», створаная Анатолем Аўруціным. На працягу многіх гадоў выходзілі спецыяльныя беларускія нумары часопіса «Наш современник». Беларускіх аўтараў друкавалі і ў «Москве», «Урале», «Сибирских огнях», «Роман-газете», «Детской роман-газете», «Литературной газете»… У свой час у Выдавецкім доме «Звязда» мы рэалізавалі праект па выпуску альманаха «Созвучие». Спадзяюся, што гэтая практыка працягнецца.
Таксама выйшлі альманахі перакладной літаратуры «Далягляды». У чатырох вялікага фармата штогодніках беларускія перакладчыкі ў пераўвасабленні на мову Янкі Купалы і Якуба Коласа прадставілі паэтаў Чачэнскай Рэспублікі, Рэспублікі Дагестан, Рэспублікі Марый Эл, Калмыкіі, Удмуртыі, Башкартастана, Татарстана, Чувашыі, Якуціі.
Гучныя праекты
— Як вы ацэньваеце сітуацыю ў беларускім кнігавыдавецтве? Якіх тэм і жанраў не хапае?
— Кніг сёння выходзiць даволi шмат. Існуе шырокая дзяржаўная падтрымка айчыннага кнігавыдання і сеткі дзяржаўнага кніжнага гандлю. З апошніх навацый у кніжнай справе — серыя кніг лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Толькі што з’явілася серыя «Маладосць», у якой ужо ўбачылі свет кнігі маладых пісьменнікаў Андрэя Дарожкіна, Ксеніі Зарэцкай, Марыі Шабанец.
Калі гаварыць пра сучасную беларускую літаратуру, то, хутчэй за ўсё, не стае шырокай рэкламы кніжных навінак. Мы вельмі ўдзячныя тым медыя — электронным і папяровым, якія друкуюць рэцэнзіі, даюць кніжныя анатацыі, робяць агляды навінак, тым блогерам, якія чытаюць папяровыя кнігі і распавядаюць пра іх сваім падпісчыкам. Здараецца, выходзіць невялікім тыражом добрая кніга, а пра яе зусім не ведаюць. Пісьменнік сам па сабе, як чалавек-адзінка, не можа шмат зрабіць дзеля рэкламы сваёй працы. Тут патрэбна шырокая ўвага грамадства, павінен быць узаемны рух. Мне здаецца, што даволі дакладна, асабліва ў справе прапаганды, працуе сістэма айчыннай адукацыі. У кожнай з нашых пісьменніцкіх арганізацый у рэгіёнах краіны вельмі добрыя стасункі са школамі і з ВНУ.

Фото: «Настаўніцкая газета»
— На чым сёння выдавецтва «Беларусь» робіць акцэнт: на перавыданні праверанай класікі ці на пошуку новых імёнаў?
— Мы ў большай ступені выдавецтва, якое працуе ў галіне краіназнаўчай, грамадска-палітычнай літаратуры. Класіка, сённяшняя мастацкая літаратура — гэта клопат найперш выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое плённа працуе на ніве сучаснага прыгожага пісьменства.
Што датычыцца «Беларусі», то мы ў апошнія гады надаём асаблівую ўвагу выданню публіцыстычных кніг. Сярод аўтараў выдавецтва — вядомыя ў краіне журналісты, палітолагі, гісторыкі Андрэй Мукавозчык, Сяргей Мусіенка, Людміла Гладкая, Ігар Марзалюк, Мікалай Смірноў… У рэдакцыйным партфелі цікавая кніга доктара гістарычных навук Дзяніса Дукі.
Робім выразны акцэнт на супрацоўніцтве з Генеральнай пракуратурай Беларусі па выданнi серыі кніг, прысвечаных тэме генацыда беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты праект — крыніца тых ведаў, якія не забудуць многія пакаленні беларусаў. Вельмі цікава было працаваць над «Сімваламі суверэннай Беларусі» — творчым праектам, які ініцыіравала Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі. Кнігі пад такой назвай уручалі летась тым, хто ўпершыню прыйшоў галасаваць на выбарчыя ўчасткі. Таксама выдалі «Сімвалы суверэннай Беларусі» на англійскай і кітайскай мовах.
У традыцыях выдавецтва «Беларусь» заўжды была ўвага да гісторыі і сучаснасці Мінска. Нас і сёння цікавіць гэтая праблематыка. Мы выдаём мастацкія альбомы, гісторыка-краязнаўчыя кнігі, звязаныя з лёсам сталіцы. Нядаўняй падзеяй стала выданне вельмі цудоўнага альбома мінскага мастака Валянціна Губарава, вядомага ў Беларусі і за яе межамі.
У планах — выданне альбома знакамітага жывапісца і графіка Анатоля Александровіча. Працягнем выдаваць серыю невялікіх альбомаў з рэпрадукцыямі твораў мастакоў ранейшых пакаленняў. Рыхтуем новыя праекты да 140-годдзя славутага ўраджэнца беларускай зямлi Марка Шагала.
Зараз у выдавецтве «Беларусь» рыхтуецца да друку анталогія верша Янкі Купалы «Беларускім партызанам!» на мовах народаў свету.
Мы даражым творчым супрацоўніцтвам з пісьменнікамі, публіцыстамі Зіновіем Прыгодзічам, Алесем Марціновічам, Аленай Стэльмах, Леанідам Крываносам, Людмілай Рублеўскай, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Алесяй Кузняцовай, Наталляй Андрасюк, Кацярынай Цішкевіч, Віктарам Шніпам, якія даўно зарэкамендавалі сябе перад чытачом. З радасцю чакаем іх новыя рукапісы. І канешне, чакаем у выдавецтве новых аўтараў.

Адзначаць лепшых
— Якія мерапрыемствы запланаваныя да Дня беларускага пісьменства?
— Праграма традыцыйнага свята, заснавальнікам і галоўным арганізатарам якога выступае Міністэрства інфармацыі краіны, а сёлета — Магілёўскі аблвыканкам і Касцюковіцкі райвыканкам, як заўсёды, насычаная. Гэтага патрабуе невыпадковае месца яго правядзення: Касцюковіцкі край — радзіма многіх цікавых літаратараў. Найперш гэта народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, чыё імя носіць Касцюковіцкая раённая цэнтральная бібліятэка. Нагадаем, імя Аркадзя Куляшова носіць старэйшая ВНУ Беларусі — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Упэўнены: на свяце будзе шмат студэнцкай моладзі. Каму, як не ёй, захоўваць, развіваць традыцыі пісьменства, ісці ў заўтрашні дзень са святлом новых мастацкіх ідэй? З універсітэтам звязаны многія літаратурныя імёны нашых папярэднікаў і пісьменнікаў-сучаснікаў, якія і вучыліся, і выкладалі ў ім: Марына Барсток, Кузьма Хромчанка, Алена Белая, Дзмітрый Бугаёў, Міхась Кенька, Алесь Макарэвіч, Уладзімір Бутрамееў, Якуб Ермаловіч, Браніслаў Зубкоўскі, Аляксандр Радзькоў, Анатоль Канапелька, Алег Ждан, Мікола Падабед, Віктар Ракаў, Алег Салтук, Уладзімір Цанунін, Георгій Юрчанка… І гэта ж не ўсе!
Пісьменніцкая супольнасць краіны распачала свята крышачку раней.
Ад Саюза пісьменнікаў Беларусі Касцюкоўшчыне падарылі бібліятэку з кніжных навінак колькасцю да 1 000 экзэмпляраў. На Дні беларускага пісьменства лепшым літаратарам краіны ўручаць дыпломы лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі.
Мы вельмі ўдзячныя ўраду, Міністэрству інфармацыі, якія падтрымліваюць саму ідэю правядзення такога творчага спаборніцтва.
Традыцыйна сярод адзначаных — прадстаўнікі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. І гэта зразумела: у сэрцы нашай дзяржавы працуе найболей таленавітая каманда паэтаў, празаікаў, публіцыстаў. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Міхась Пазнякоў, Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, Віктар Праўдзін, Віктар Шніп. Алесь Бадак, Аляксандр Радзькоў, Андрэй Мукавозчык, Алеся Кузняцова.
На Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах згадаюць імёны народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца, народнага паэта Беларусі Уладзіміра Карызны, якія нядаўна пайшлі з жыцця. Адбудуцца асобныя мерапрыемствы, звязаныя з ушанаваннем іх творчасці.
На свяце будуць прысутнічаць пісьменніцкія дэлегацыі з усёй краіны. Самая вялікая творчая грамада прыедзе з Мінска. Аўтары выступяць на розных пляцоўках: зачытаюць свае творы і выканаюць песні на словы сучасных паэтаў.
Даведка
Дзень беларускага пісьменства (пачатковая назва — Дзень беларускага пісьменства і друку) — дзяржаўнае свята ў Беларусі, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Штогод свята ладзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Задума з’явілася ў Міністэрстве культуры і друку Беларусі пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Пасля ўзгаднення з Саветам Міністраў і Вярхоўным Саветам Беларусі 25 мая 1994 года была прынята пастанова аб заснаванні свята — Дня беларускага пісьменства.
Пачаткова дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі — 6 жніўня 1517 года. З 1998-га свята адзначаюць у першую нядзелю верасня.
Фота Лізаветы Давідоўскай




















































