О ВРЕМЕНИ. О СТРАНЕ. О СЕБЕ. Директор издательства «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак
Директор издательства «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак рассказал корреспонденту агентства «Минск-Новости» о подготовке к Дню белорусской письменности, книжных тиражах и коллекции авторучек.
О времени
У кожным самабытным творы прысутнічае эфект навізны для свайго часу. Старэйшыя калегі расказвалі: калі ў «Полымі» з’явіўся раман Мележа «Людзі на балоце», знайсці гэтыя нумары было немагчыма. Тыраж хутка раскупілі. Беларусы, якія жылі ў Маскве, нават у Мінск ехалі, каб набыць часопіс. А колькі тумакоў за сваю творчасць атрымаў Караткевіч! Для свайго часу яго проза была нечаканай, смелай – так пра беларускую гісторыю яшчэ не пісалі. Узгадваюць, які ён быў няпросты ў працы з рэдактарамі. Мог пасварыцца з любым аўтарытэтам, забраць рукапіс, калі не пагаджаўся з праўкамі. Але з іншым характарам Караткевіч, напэўна, застаўся б у гісторыі беларускай літаратуры іншым пісьменнікам.
Дарэчы, калі гаварыць пра асобы беларускіх пісьменнікаў, вельмі шкада, што ў Беларусі мала выходзіць кніг успамінаў. У ідэале трэба было б сабраць такую кніжную серыю. Мы сёлета выдаём кнігу пра Кузьму Чорнага. Укладальніца Галіна Шаблінская па крупіцах збірала ўспаміны пра яго.
Апошнім часам літаратурныя часопісы пачалі выкладваць архіўныя нумары ў Сеціва. Гэта вельмі зручна. Сёння беларуская літаратура наогул няблага прысутнічае ў Інтэрнэце. Часта сустракаюцца сканы рарытэтных кніг, што выходзілі ў савецкі час: іх папяровыя версіі калі і можна цяпер знайсці, то хіба толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Я шмат скачваю ў сваю калекцыю электронных кніг. У ёй ужо каля ста тысяч назваў. Вядома, гэта не толькі беларуская і не толькі мастацкая літаратура, але і навуковыя выданні, кнігі па гісторыі, слоўнікі, энцыклапедыі. Напрыклад, на кніжным рынку з’яўляецца новае для мяне імя, якое дужа расхвальваюць выдаўцы і крытыка, тады пачынаю чытаць твор у электронным варыянце. Калі адчуваю, што пасля яшчэ не раз захочацца перачытаць, набываю папяровую версію. Таму мая дамашняя бібліятэка таксама несупынна большыцца.
О стране
Сёння маладых аўтараў вельмі шмат, непараўнальна больш, чым гадоў 30 таму. Да XXII Дня беларускага пісьменства выйдзе зборнік «Мой дзень пачынаецца». У ім больш за 40 прозвішчаў паэтаў і празаікаў. Імкнуліся, каб змест і форма кніжкі былі на ўзроўні. Плануем выдаваць такія зборнікі штогод, фарміруючы чытацкае ўяўлянне пра сучасную беларускую маладую літаратуру.
Таксама да Дня беларускага пісьменства выходзіць кніга «Шчучыншчына літаратурная». У зборнік увайшлі творы аўтараў, якія нарадзіліся, працавалі ў гэтым рэгіёне, а таксама творы пра слынных землякоў. Распачынае кнігу артыкул пра гісторыю і культуру раёна. На днях мне давялося пабываць у Шчучыне. Горад актыўна рыхтуецца да свята. Вельмі ўражвае палац Друцкіх-Любецкіх, там цудоўная аўра. Утульна выглядаюць новая кнігарня, абноўленыя Дом культуры і бібліятэка імя Цёткі. Напэўна, ніхто сёння так актыўна не займаецца выданнем збораў твораў класікаў беларускай літаратуры, як выдавецтва «Мастацкая літаратура». Завяршылі выданне 23-томніка Івана Шамякіна. У працэсе – зборы твораў Уладзіміра Караткевіча і Івана Навуменкі. Па-мойму, цікавая і патрэбная для нацыянальнай культуры серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры». Выйшлi ўжо дзевяць тамоў – ад XI стагоддзя да Купалы. Усяго ж мяркуем выдаць пяцьдзясят.
Калі казаць пра тыраж, то 1,5-2 тысячы экзэмпляраў для мастацкай кнігі на беларускім кніжным рынку – гэта вельмі добра. Вядома, ёсць выключэнні. Кнігі серыі «Школьная бібліятэка», да прыкладу, выдаюцца значна большым тыражом – і 20 тысяч, і 30 тысяч экзэмпляраў, але ў іх свой, адрасны чытач.
О себе
Калі была надрукавана аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», многія з тых, хто ведае мяне, палічылі яе цалкам аўтабіяграфічнай. Але, зразумела, гэта не так. Гадоў пяць ішоў да яе напісання. Разважаў, як сумясціць той час, калі вучыўся ў школе, і сучаснасць. Сённяшнія школьнікі больш разняволеныя за нас. Але насамрэч іх душэўныя праблемы мала чым адрозніваюцца ад тых, што былі ў падлеткаў пачатку 1980-х. Доўга шукаў першую фразу, якая б задала аповесці рытмічны ход, накірунак. Неяк зусім выпадкова склаліся ў адзін сказ чатыры словы: «Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі». Многія, хто прачытаў аповесць, пачалі дарыць ручкі. Так нечакана стаў калекцыянерам, сёння ў мяне іх не менш за пяцьсот. Ведаў бы – пачаў бы аповесць фразай «Я збіраю залатыя манеты».
Читайте также:
- Гістарычны дакумент, напісаны пэндзлем. У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная мастаку Аракчэеву
- Выстава, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу, адкрылася ў Мінску
- “Увайшоў у літаратуру хутка і проста”. Юбілейны вечар, прысвечаны Івану Шамякіну, адбыўся ў Мінску
- Кіно па-беларуску: анлайн-кінатэатр VOKA ад А1 выпусціў пяць знакамітых стужак у новай агучцы
- Выстава «Рыцар чалавечага духу», прысвечаная 95-годдзю Уладзіміра Караткевіча, адкрылася ў Мінску

























