Падручнікі з QR-кодам і новыя творы па літаратуры: настаўніца беларускай мовы аб зменах у школьнай праграме

Якія творы беларускай літаратуры зніклі са школьнай праграмы і навошта ў падручніках па роднай мове сталі друкаваць QR-коды, высвятляла карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Колькі гадоў працую ў рэдакцыі, але напісаць на роднай мове артыкул не выпадала. Менавіта сёння ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Напярэдадні адбылася мая сустрэча з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Алесяй Зяневіч, якая працуе ў сярэдняй школе № 43. Мая суразмоўца кажа: «Калі, як не зараз, напісаць па-беларуску?!» З ёю пагаджаюся. Алеся Мікалаеўна выкладае свой прадмет вельмі цікава. З лёгкай рукі настаўніцы ў школе з’явіўся тэатр «Батлейка», яна дапамагае выдаваць школьную газету «Музыка» на роднай мове, а да яе вучняў прыходзяць пісьменнікі і навукоўцы. Яна расказала пра змены ў школьнай праграме і пра тое, як зацікавіць падлеткаў вывучаць родную мову.

Выбар мовы прадвызначыла эпоха. Маё жаданне займацца педагагічнай дзейнасцю з дзяцінства. Але прафесійны лёс прадвызначыў перыяд, у які давялося выбіраць прадмет для выкладання. Паступала ў педагагічны каледж, пасля ў педагагічны ўніверсітэт. Гэта быў час нацыянальнага адраджэння. Тым больш беларуская мова мне падабалася. Скажу шчыра: ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. Маё пакаленне часцей наведвала вёску, мы чулі мову ў яе жывым асяроддзі. Дзесьці яна была дыялектнай. Але гучала! Лічу, у гэты перыяд родная мова была ў выдатным стане. Прадпрымаліся ў тым ліку і дзяржаўныя меры, каб матуліна слова было ў актыўным ужытку ў афіцыйнай сферы. Мае знаёмыя, якія раней не ведалі беларускую мову, імкнуліся яе вывучаць, пісалі дыктанты. На сёння стан роднага слова ў грамадстве не такі.

Знаёмыя просяць, каб паразмаўляла з імі па-беларуску. І чакаюць, каб я прачытала верш ці пажаданне на роднай мове. Ім прыемна чуць беларускае слова, падабаецца яго гучанне. Па-за межамі школы магу размаўляць па-руску, але ўвесь час лаўлю сябе на думцы, што ёсць такія словы, якія на матулінай мове гучаць больш трапна. І яны раз ад разу выскокваюць у галаве. Класічны прыклад — прыметнік «памяркоўны».

Настаўнік павінен глыбока ведаць свой прадмет. Шчыра, з душой ставіцца да вучняў. Дзеці не прабачаюць хлусні, фальшу і непрафесійнасці. Настаўнік пачынаецца з даверу вучняў. На занятках даводзіцца распавядаць не толькі пра прадмет, але і пра тое, што адбываецца ў жыцці, пра што не скажуць бацькі. Іншы раз задаешся пытаннем: «Ты рабіў і тое, і гэтае… А якую ацэнку дае тваёй дзейнасці вучань, скончыўшы школу ці вышэйшую навучальную ўстанову?» Такіх настаўнікаў памятаюць.

Дзеці лічаць, што беларуская мова не спатрэбіцца ў жыцці. Калі стасункі з прадметам абмежаваны ўрокам, то для некаторых прадмет становіцца нецікавым. Сустрэчы з пісьменнікамі, паходы ў музеі ці ўстановы мастацтва, удзел у інтэлектуальных і творчых конкурсах заахвочваюць вучняў, падштурхоўваюць да дадатковага вывучэння мовы і літаратуры. Нельга адчуць асалоду мовы, калі не паглыбляешся ў яе. Дзеці, якія трапляюць на сустрэчы з пісьменнікамі, маюць магчымасць з імі пагутарыць, па-іншаму адчуваюць сябе, адзначаюць нейкую жыццёвую сілу. Запрашалі многіх, напрыклад Аляксея Дударава, Уладзіміра Карызну, з маладых — Яну Явіч, Таццяну Купрыянец… А пасля наш бібліятэкар увесь дзень працуе вельмі напружана, бо стаіць чарга за творамі пісьменніка.

Праграма па беларускай літаратуры змяняецца. Былі ўлічаны тыя цяжкасці, якія перажывалі з вучнямі падчас вывучэння некаторых тэм. У ідэале кожны настаўнік жадае, каб дзеці прачыталі і ўзоры класічнай літаратуры, і сучасныя творы. Аднак трэба разумець: вучань у школе амаль да трох гадзін, пасля трэба адпачыць, знайсці час на хобі, падрыхтаваць урокі. Таму карэкціроўка вучэбнай праграмы па літаратуры праходзіла ў тым ліку для таго, каб замяніць вялікія творы на меншыя, але каб яны адлюстроўвалі стылёвыя асаблівасці пісьменніка, ідэйныя накірункі таго часу. Сёння імкнуцца дабавіць у праграму больш сучаснай літаратуры. Наогул, зараз у нас даволі многа таленавітых пісьменнікаў, пра якіх дзеці нават не ведаюць. У 10-м класе раней вывучалі раман Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні». У ім прагледжваецца моцная маральна-этычная, антываенная тэматыка. Але твор вялікі, у ім распавядаецца пра час, далёкі ад сучасных падлеткаў. Таму, каб спасцігнуць сакрэты майстэрства Кузьмы Чорнага, творчасці якога характэрны глыбокі псіхалагізм, прапанавалі для вывучэння апавяданне «Макаркавых Волька». Яго адолее кожны вучань, знойдзе для сябе шмат цікавага: як трэба любіць жыццё, вытрымліваць перашкоды, захоўваць у сабе дабрыню. Змяніліся не толькі праграма, але і падручнікі па літаратуры. У адноўленай лінейцы з 5-га па 8-мы клас ёсць QR-коды — спасылкі на медыякантэнт. Імі актыўна карыстаюцца вучні. З’явілася шмат ілюстрацый, яны дапамагаюць развіваць уяўленне аб прадмеце гутаркі. Гэта паглыбляе яго разуменне, бо апошнім часам заўважаю: дзеці імкнуцца павярхоўна спасцігнуць твор.

Фота Сяргея Пажогі

Самое читаемое