Пастырскае слова. Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў вернікаў з Пасхай

«Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам, бо асвяціў цябе промень спрадвечнага Валадара. Цэлы свет няхай адчуе, што вызваліўся ад цемры».(З пасхальнага гімну Exsultet)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Гэтымі словамі велічнага пасхальнага гімну Exsultet («Узрадуйцеся») Касцёл у вігілію Пасхі абвяшчае свету радасць гэтай адзінай у гісторыі чалавецтва ночы, якая «была годнаю ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых».

Праўда ўваскрасення, будучы найбольш каштоўным Божым дарам, адначасова з’яўляецца і заданнем. Святы апостал Павел вучыць: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное».

Чаго ж трэба шукаць «у вышынях»? Адказ дае той самы апостал Павел: міласэрнасці, лагоднасці, пакоры, далікатнасці, доўгацярплівасці, цярплівасці адзін да аднаго, узаемнага прабачэння і любові, якія з’яўляюцца повяззю дасканаласці.

Гэта не што іншае, як духоўная праца над самім сабой.

Праўда ўваскрасення прадстаўляе шырокую перспектыву чалавечага жыцця. Яна ўводзіць у подых вечнасці, пераадольвае страх сучаснага чалавека перад будучыняй, дапамагае перажыць складанасці жыцця, умацоўвае надзею і, паводле вучэння св. апостала Паўла, заклікае жыць не для сябе, але для Хрыста.

Акрамя нашага асабістага ўваскрасення неабходна таксама і грамадскае. Сацыяльна-палітычныя перамены 90-х гадоў мінулага стагоддзя далі новыя магчымасці. Да гэтага благаслаўлёнага часу наша краіна ішла шляхам цярпенняў за веру і адначасова шляхамі яе мужнага вызнання і малітвы.

Але ці мы належным чынам выкарыстоўваем дадзеныя Божым Провідам магчымасці? Ці будуем мы наша асабістае і грамадскае жыццё з Богам? Ці на дзяржаўным і асабістым узроўні сапраўды хочам захаваць нашы сем’і ад крызісу, які нясе біч разводаў, «свабодных саюзаў» мужчыны і жанчыны без касцёльнага благаслаўлення, патрабавання супярэчных Божаму праву аднаполых саюзаў і прапаганды гендарнай ідэалогіі? Ці належным чынам клапоцімся аб захаванні найбольш каштоўнага Божага дару жыцця і пераадолення яго крызісу, які вядзе да генацыду нашага народу, у выніку чаго Беларусь апынулася ў «дэмаграфічнай яме»? Ці нашыя СМІ і культура чуваюць над маральным выхаваннем нашага народа на хрысціянскіх каштоўнасцях?

Асаблівай увагі патрабуе моладзь, якая паддадзена ўздзеянню амаральнага свету праз рэкламу, сродкі камунікацыі, стыль жыцця, забавы і задавальненні. Імкненне да амаральнага бізнесу і прыбытку вядзе да незваротных зменаў у моладзевай псіхіцы і маральнасці.

На нашых вачах беларускаму народу прышчэпліваецца нігілістычная ідэалогія, якая клапоціцца не пра пошук Божай праўды, а пра яе знішчэнне.

Таму сёння нам неабходна паглядзець на нашы справы з перспектывы ўваскрасення. У шматлікіх сферах нашага асабістага і грамадскага жыцця мы бачым дыктат практычнага матэрыялізму. Прапагандуецца стыль жыцця, у якім няма месца Богу. Яго замяняе чалавек, вартасць якога часта вымяраецца фізічнай і гаспадарчай эфектыўнасцю, рахункам у банку і забеспячэннем прыемнасцяў. Усяму гэтаму неабходна супрацьпаставіць праўду пра святасць чалавека, які створаны па вобразу і падабенству Божаму і збаўлены каштоўнаю крывёю Хрыста.

Браты і сёстры!

Сардэчна віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам уваскрасення Хрыста! Віншую тых хрысціянаў, якія сёння таксама святкуюць гэтае свята святаў! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз тыдзень будуць святкаваць Пасху!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Дзялюся з усімі вамі радасцю ўваскрасення Хрыста. Веру, што ўваскрослы Хрыстус дапаможа нам годна адказаць на выклікі часу. Гэта Ён сёння нам кажа: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет».

Ад пустой магілы Хрыста з надзеяй і адвагай пойдзем у будучыню, бо з намі ўваскрослы Езус. А калі Ён з намі, то хто супраць нас?

Гэтыя свае велікодныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амэн.

З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча,

Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Вялікдзень 2019 года

Читайте и подписывайтесь на нас:

Самое читаемое