«Прыемна, калі выказваюць падзяку за прыгажосць, што мы ствараем». Пагутарылі з навуковым супрацоўнікам батанічнага саду

Маці траіх дзяцей, навуковы супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі, майстар лялек Святлана Цехановіч імкнецца распаўсюджваць вакол сябе святло, цеплыню і прыгажосць. Карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» пагутарыла з таленавітай мінчанкай.

Выбар хрызантэм

Святлана не сумняваецца: яе сустрэча з хрызантэмамі — гэта лёс. Па адукацыі яна біёлаг. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала ў лабараторыі мікалогіі Інстытута батанікі НАН Беларусі. Выйшла замуж, пайшла ў дэкрэтны, потым у другі, затым у трэці. Калі надышоў час вяртацца ў інстытут, даведалася, што ў батанічным садзе шукаюць спецыяліста, які б займаўся хрызантэмамі. Вырашыла прапанаваць сваю кандыдатуру. Так і апынулася ў лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін.

Хрызантэмы люблю з дзяцінства, — прызнаецца суразмоўца. — Нават дома ў вазонах вырошчвала. Заўсёды адчувала з гэтай культурай гармонію, мне з ёй лёгка, камфортна, нягледзячы на яе своеасаблівы гаркавы пах. Захапляюся разнастайнасцю форм і фарбаў гэтых кветак. Белыя, жоўтыя, аранжавыя, бардовыя, малінавыя, ружовыя, нават зялёныя — хрызантэмы ствараюць святочны настрой.

Народная казка «Удовiн сын-цмок»

Як усе дэкаратыўныя культуры, яны, зразумела, патрабуюць догляду. Але хрызантэмы непатрабавальныя і, па словах Святланы, удзячна адгукаюцца на клопат. Калі большасць кветак ужо адцвітае, яны пачынаюць распускацца і радуюць сваёй прыгажосцю да самых замаразкаў. Іх водар вельмі арганічна перагукаецца з пахам восені. Нездарма хрызантэму называюць каралевай гэтай пары года.

Сёння у батанічным садзе налічваецца больш за 200 гатункаў карэйскай хрызантэмы і больш за 100 індыйскай. Карэйскую высаджваюць у адкрыты грунт. Яна бывае буйна- і дробнакветкавай, махровай і паўмахровай, анемавіднай і пампоннай. Індыйскую хрызантэму ў Беларусі вырошчваюць толькі ў аранжарэях у спецыяльных вазонах: цвіце яна ў лістападзе і снежні.

Хрызантэма-мультыфлора — таксама гаршковая культура. Яна мае шаравідную форму, і ў яе столькі квецені, што амаль не відаць лісця. Мультыфлора не зімуе, і каб яе захаваць, неабходна восенню перад замаразкамі выкапаць куст і занесці яго ў халоднае памяшканне да вясны.

Народная казка «Сынок з кулачок»

Дзякуючы селекцыі за апошняе дзесяцігоддзе з’явіліся беларускія гатункі гэтай культуры — «спадчына», «свіцязянка», «ладдзя роспачы», «вязынская зорка», «знічка», «агеньчык», «дзівачка». Усе яны ўстойлівыя да нашых кліматычных умоў: выдатна зімуюць і не хварэюць.

За 7 гадоў я ніводнага разу не пашкадавала, што прыйшла сюды, бо кожны дзень прыносіць мне нешта новае, — гаворыць Святлана. — Вельмі прыемна, калі наведвальнікі батанічнага саду выказваюць падзяку за тую прыгажосць, што мы ствараем. Працуючы на прыродзе, цікава назіраць за зменамі, якія адбываюцца ў ёй. Асабліва люблю вясну, калі сыходзіць снег, на галінках дрэў набухаюць пупышкі, з’яўляюцца першацветы, зусім па-іншаму свеціць сонейка і ўсё абуджаецца.

Стварыць казку

Любоў да беларускіх казак у Святланы таксама з дзяцінства. Жыла ў Мінску, але звычайна лета праводзіла ў вёсцы ў бабулі і дзядулі. Там з іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі яна ставіла лялечныя спектаклі. Сваіх дачок і сына Святлана разам з мужам таксама выхоўвала на казках.

Казка «Ул»

Гадоў шэсць таму яна разам з сям’ёй наведала выставу аўтарскіх лялек. Убачанае настолькі ўразіла, што з’явілася жаданне далучыцца да гэтай творчасці.

Спачатку пазнаёмілася ў Інтэрнеце з інфармацыяй аб тэкстыльнай ляльцы, — расказвае майстар. — Выкарыстоўвала гатовыя выкрайкі, трохі перарабляла іх пад свае ідэі. Навучылася працаваць з лямцом, прайшла майстар-клас па лепцы лялек з палімернай гліны. Сёння пры стварэнні сваіх персанажаў выкарыстоўваю разнастайную тэхніку.

За гэты час Святлана Цехановіч стварыла больш за 30 лялечных кампазіцый. У асноўным па сюжэтах народных казак: «Іван Світаннік», «Жаронцы», «Залатая яблынька», «Сіняя світа налева пашыта», «Сынок з кулачок», «Удовін сын», «Дзед і жораў», «Разумная дачка», «Каток — залаты лабок». Натхняюць яе і літаратурныя казкі, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча — «Жабкі і чарапаха», «Сава і птушыны суд», «Ноч», «Чортаў скарб», «Вужыная каралева».

Чытаючы казку, майстар адразу адчувае: калі абуджаюцца вобразы, з’яўляюцца ідэі — значыць, трэба брацца за новую кампазіцыю. Муж Дзмітрый, дзеці — Вераніка, Ігнат і Стафанія — падтрымліваюць захапленне Святланы. Менавіта яны першымі ацэньваюць яе вырабы, іншы раз могуць нешта параіць, але часцей шчыра здзіўляюцца яе багатай фантазіі і майстэрству.

Народная казка «Свiны кажушок»

Свае лялькі Святлана не прадае — гэта сямейная калекцыя. А вось на прапановы арганізаваць выставу заўсёды адгукаецца. Наведвальнікі вельмі прыхільна ставяцца да яе вырабаў.

Прыемна чуць, калі людзі прызнаюцца, што, пабачыўшы маю лялечную экспазіцыю, яны захацелі перачытаць беларускія народныя казкі, — адзначае майстар. — Радуе такая ўвага да нашага духоўнага скарба, нашай культурнай спадчыны.

Сям’я, праца, хобі, якое прыносіць задавальненне, — усё гэта Святлана лічыць галоўным у сваім жыцці. Яна ўпэўнена: на тое, што па-сапраўднаму любіш, заўсёды знойдуцца час і душэўная цеплыня.

Падрыхтавала Вольга Аляксандрава, фота з архіва суразмоўцы

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ