Што такое наасферная эканоміка і як яна нам дапаможа

Як паскорыць сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны?

На гэту тэму карэспандэнт «Звязды» гутарыць з Пятром Нікіценкам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам эканамічных навук, прафесарам, экспертам Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН па інавацыйным развіцці.

Фота director.by.

Фота director.by.

— Пётр Георгіевіч, ход далейшага стратэгічнага развіцця эканомікі нашай краіны, заўважу, у сусветнай супольнасці, дыктуе новыя мэты і арыенціры, неабходнасць рабіць рашучыя крокі наперад. Цяпер такі момант, калі зыходзіць з вынікаў з’езда вучоных, надышоў…

— Многія рэчы і паняцці нам трэба будзе грунтоўна пераасэнсаваць. І ясна ўсвядоміць, што Чалавек з’яўляецца галоўнай прадукцыйнай сілай і носьбітам вытворчых адносін у любой сацыяльна-эканамічнай сістэме, яе мадэлі. А таму стратэгія развіцця эканомікі любой краіны, рэгіёна, прадпрыемства, арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка вызначаецца першапачаткова і прыярытэтна ўзроўнем і якасцю канцэптуальнай улады чалавечага розуму, светапоглядам, ідэалогіяй і адэкватнай ім кіруючай практычнай дзейнасцю. У свой час слынны палітык прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль сказаў: «Імперыі будучыні будуць імперыямі розуму».

— Вы з’яўляецеся стваральнікам Беларускай міжнароднай навуковай школы інавацыйнага і наасфернага ўстойлівага развіцця. Чым наасфера можа быць карысная сёння для нас?

— І не толькі для нас, і не толькі сёння. Цяпер у свеце ўсё часцей звяртаюцца да мадэлі наасфернага ўстойлівага развіцця, якая, прасцей кажучы, уяўляе сабой новую логіку сацыяльна-эканамічных стваральных паводзін чалавека. Між іншым, абгрунтаванне і распрацоўка дадзенай канцэпцыі па даручэнні кіраўніка дзяржавы і кіраўніцтва нашай Нацыянальнай акадэміі навук уваходзіла ў кола нашых пошукаў.

Што такое наасфера? Тэрмін паходзіць з грэчаскай мовы: розум і шар. Гэта сфера ўзаемадзеяння прыроды і грамадства, у межах якой разумная дзейнасць чалавека становіцца галоўным вызначальным фактарам развіцця.

Нагадаю, паняцце «наасферы» было прапанавана прафесарам матэматыкі Сарбоны Эдуардам Леруа, які тлумачыў яе як «абалонку, якая фарміруецца чалавечай свядомасцю». На жаль, наасфера застаецца пакуль за межамі свядомага ўключэння ў вытворчыя адносіны, што не дазваляе належным чынам улічваць ролю і ўплыў Розуму і яго носьбіта — Чалавека — у працэсе грамадскага ўзнаўлення, развіцця новых тэхналагічных укладаў. А гэта з’яўляецца сутнасцю наасфернай эканомікі.

— Што варта пачаць неадкладна рабіць з практычнага пункту гледжання, каб выкананне рашэнняў з’езда не зацягвалася?

— Трэба мадэрнізаваць нацыянальную грашовую і крэдытную сістэмы, што дазволіць звесці да мінімуму даўгі прадпрыемстваў і ўзаемныя неплацяжы. Мы сёння маглі б мець і ўласную методыку ацэнкі канкурэнтаздольнасці. На жаль, яе праект у свой час быў адхілены. Цяпер сваю ацэнку па інавацыйным развіцці нашай краіны даюць замежныя фірмы. Зараз мы карыстаемся паслугамі фінансістаў і эканамістаў чужых краін. Гэта насамрэч сур’езная праблема, бо часцяком замежныя рэйтынгавыя бюро працуюць на карысць тых, хто больш іх зацікавіць.

Адзіная падатковая сістэма павінна быць таксама адзінай для грамадзян краін ЕАЭС. Падаткі ўсе працаздольныя грамадзяне абавязаны плаціць аднолькава, але не больш за 1/3 даходу (навастворанага кошту ВУП), незалежна ад месца і сферы працоўнай занятасці. У якасці адной з мер вырашэння праблем у айчыннай эканоміцы прапаную ацаніць назапашанае прыроднае і рукатворнае нацыянальнае багацце (землі, маёмасць і г. д.), уключаючы кошт узнаўлення чалавека. Бо ў Беларусі такой агульнай шкалы ацэнкі не існуе.

На мой погляд, замест паняцця «капітал» неабходна ўвесці катэгорыю «фонды». У іх складзе мэтазгодна ўлічваць не толькі працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці, але і прыродныя рэсурсы, фінансы, інтэлектуальную ўласнасць, іншае нацыянальнае багацце.

Кожны чалавек мае права ад нараджэння да адыходу ў іншы свет мець у сваёй уласнасці і на індывідуальным банкаўскім рахунку кошт долі рукатворнага і прыроднага багацця, мець закон аб інтэлектуальнай уласнасці, нацыянальны фонд эканамічнай абароны кожнага грамадзяніна не меншы за 1 % ад ВУП. Увогуле чалавек павінен быць гаспадаром на сваёй зямлі. Але гэта варта асобнай вялікай размовы.

— Як вымераць эфектыўнасць працы вучонага?

— Пытанне складанае, няма адназначнага адказу. Напрыклад, можна паглядзець, колькі вучоны напісаў манаграфій і якога кшталту? Якая іх якасць, навізна, тэматычная значнасць? Ці актуальныя яны? Можна ўзяць за пункт адліку ўкараненне вынаходак, навуковых даследаванняў і распрацовак вучонага ў практыку. Безумоўна, у нас умеюць патрабаваць з вучоных. Але хацелася б, каб ім і давалі адпаведна, матывавалі матэрыяльна і маральна іх складаную працу, стваралі ўмовы для дзейнасці. Наспелі новыя падыходы па забеспячэнні росту заробкаў работнікаў навуковых арганізацый.

Гэта адзін падыход. Можна прыглядзецца да замежнага досведу. Экс-прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, які хацеў пабудаваць так званую эканоміку шчасця, заказаў двум лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі распрацоўку новых індыкатараў узроўню дабрабыту нацыі. У адрозненне ад традыцыйнага ВУП вучоныя прапанавалі ўлічваць і якасць жыцця. Гаворка пры гэтым ішла не толькі аб паказчыках задаволенасці жыццём у цэлым, але і канкрэтнымі яго характарыстыкамі: узроўнем душэўнага і фізічнага здароўя, збалансаванасцю працы і сямейнага жыцця. Цікавае даследаванне, на мой погляд.

На маю думку, варта стварыць па прыкладзе Швейцарыі фонд нацыянальнай эканамічнай бяспекі ў памеры аднаго працэнта ВУП з штомесячнай безпадаткавай выплатай з яго сумы кожнаму жыхару Беларусі з нараджэння. Беларуская мадэль развіцця мае ўсе падставы крэатыўна выкарыстоўваць такі падыход.

— Як наасферная эканоміка будзе ўплываць на паказчыкі рэальнай эканомікі, напрыклад рост валавога ўнутранага прадукту?

— Разам з чалавечым інтэлектам узрастае роля розуму. Адсюль і адметная рыса наасфернай эканомікі — рост навукаёмістасці ВУП і рэалізацыя як прыярытэтнай патрэбы чалавека ў бесперапыннасці адукацыі на аснове засваення цалкам новых планетарных ведаў. Навукаёмістасць ВУП усё больш будуць забяспечваць прафесіяналізм і якасць працоўных рэсурсаў. Аднак сфера розуму — наасфера, застаецца, як я ўжо казаў, пакуль за межамі ўсвядомленага ўключэння ў нанатэхналагічныя прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны, а таму не разглядаецца ў якасці галоўнага палітыка-эканамічнага субстанцыянальнага фактару. Таму асновы наасферы варта выкладаць у нашых ВНУ, а пачынаць знаёмства з ёй трэба ўжо ў сярэдняй школе. Павінен мець месца сістэмны падыход у гэтай справе. У наасфернай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця павінна ўлічвацца і падлічвацца не толькі праца ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, але і дзейнасць у сацыяльнай сферы, навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, мастацтве, спорце, рэлігіі і іншых відах дзейнасці. Гэта прынцыпова важна ўсвядоміць і зразумець усім, асабліва кіруючым кадрам.

Бо па прынцыповых пытаннях развіцця навукі, узмацнення яе сувязі з вытворчасцю моцных разыходжанняў у дыскусіях вучоных я не заўважыў. Але звярніце ўвагу на тое, што тыя пазіцыі і кірункі дзейнасці, якія 10 гадоў назад толькі агучваліся, нараджаліся, заяўляліся, цяпер ужо рэальнасць. Напрыклад, тады толькі пачыналі казаць пра скразную лічбавізацыю эканомікі, стварэнне ІT-краіны, чацвёртую прамысловую рэвалюцыю, штучны інтэлект, развіццё эканомікі ведаў, рабатызацыю. Сёння гэта асноўныя кірункі навуковай дзейнасці, кампаненты будучай эканомікі нашай краіны.

Возьмем лічбавую эканоміку. Той, хто ёй авалодае на належным узроўні, будзе ў ліку лідараў вызначаць прыярытэты развіцця для іншых краін і кантынентаў. Лічбавая эканоміка і інтэрнэт-тэхналогіі становяцца аб’яднаўчым базавым тэхналагічным рэсурсам сусветнай эканомікі і ўсёй жыццядзейнасці людзей на планеце. І чалавечы патэнцыял, інтэлект тут выходзяць на першае месца.

Самое читаемое