Ці папулярныя сёння грамадскія лазні і колькі яны каштуюць?

У сталіцы працуе восем грамадскіх лазняў.

За мінулы месяц іх наведала 35 тысяч гараджан. «Звязда» даведалася, хто ходзіць у грамадскія парыльні, колькі каштуюць гэтыя паслугі і якой будзе пасля рэканструкцыі лазня № 1.

Ніякіх слоікаў з грыбамі і селядца!

У будны дзень у лазню № 7 прыходзіць 250—300 гараджан. У суботу і нядзелю наведвальнікаў амаль удвая больш — па 500 чалавек.

— У нас рускія парыльні. Тэмпература ў іх 60—70 градусаў, вільготнасць паветра — 80 працэнтаў, — расказвае загадчык лазні Вячаслаў КІРГІЗ. — Парыльні праграюцца за шэсць—восем гадзін да пачатку сеансаў, а потым яшчэ прапальваюцца гадзіну пасля абеду.

На ўваходзе прадаюцца венікі — бярозавыя па 3,75 рубля і дубовыя па 3,80. Кажуць, наведвальнікі часта іх купляюць.

— Некаторыя гараджане ўжо па 20 гадоў сюды ходзяць, — заўважае загадчык. — Моладзі мала: у іх не прывіта культура наведваць лазню. Для навічкоў я часам сам праводжу інструктаж. Тлумачу, што галаву лепш не мачыць перад парыльняй, каб пазбегнуць перагрэву. А першы заход павінен быць не большы за пяць хвілін. Калі навічок няправільна папарыцца і будзе дрэнна сябе адчуваць, ён сюды не вернецца, а нам трэба прыцягваць кліентаў.

Дзяжурнай медсястры ў лазні няма, але пры неабходнасці першую дапамогу акажуць супрацоўнікі ўстановы. Абавязковы мінімум, які спатрэбіцца ў грамадскай парыльні, — дыванок, шапачка, ручнік. Жанчынам лепш узяць яшчэ рукавіцу, каб абараніць скуру ад апёкаў. А вось з селядцом і півам не прапусцяць.

— Некаторыя па звычцы прыносяць з сабой слоікі з грыбамі і іншыя закускі, — прызнаецца Вячаслаў Кіргіз, — але мы змагаемся з гэтым. Староннія пахі будуць перашкаджаць іншым наведвальнікам. Трэба адыходзіць ад стэрэатыпаў. Есці ў лазні людзі не павінны — для гэтага ў нас ёсць бар.

Выратаванне ад прастуды і цэлюліту

Мінчанка Вольга бывае ў гэтай грамадскай лазні тры-чатары разы на месяц. «Тут добрая па́ра», — хваліць. Жанчыне 57 гадоў, але выглядае значна маладзейшай.

— Бо ў лазню хаджу, — смяецца. — Нават цэлюліт «разганяе» ў маім узросце. Як папаруся, адчуваю сябе цудоўна! Ты папраўляеш здароўе, расслабляешся і атрымліваеш задавальненне. Памятаеце, як казалі ў «Іроніі лёсу»? «Працэс мыцця, які ў лазні выглядае як урачысты абрад, у ванне — проста змыванне гразі».

Іншы наведвальнік ва ўзросце Віктар ужо 20 гадоў не можа жыць без лазні. Венікі ён прыносіць свае — іх яму пляце знаёмы рамеснік.

— Бяру бярозавыя або бярозава-рабінавыя. Чуў, што найлепшы час для вязкі такіх венікаў — пасля свята Тройцы і да дня Пятра і Паўла. Да гэтага перыяду лісты бярозы ўжо добра выспелі, не ліпкія і не ападаюць, — дзеліцца Віктар.

Маладыя хлопцы Аляксей і Юрый шкадуюць, што ў горадзе мала лазняў, у якіх паляць з дапамогай газу. «Яны больш камфортныя, бо газавыя печкі, у адрозненні ад электрычных, не спальваюць кісларод», — тлумачаць яны. У лазні сябры бываюць кожны тыдзень, часам і па два разы. Паміж заходамі ў парыльню п’юць гарбату са скрыпеню і ліпы, якую Юрый робіць сам. «Увогуле вядзём здаровы лад жыцця. Ныраем у палонку, дзюдо займаемся».

Яшчэ адзін гараджанін Канстанцін рэгулярна ходзіць у лазню апошнія пяць гадоў. «Навошта? Таму што не хачу кашляць і смаркацца. За гэтыя пяць гадоў ні разу не хварэў». Венік мужчына выбірае з дубу («бо гэта дрэва — сімвал даўгалецця») або канадскага клёну. Тое, што ў грамадскай лазні прыходзіцца дзяліць парыльню з незнаёмцамі, яго не бянтэжыць. Наадварот — так можна завесці новую кампанію.

— Лазню варта вярнуць у спіс сацыяльна значных паслуг (так было да 2016 года: лазні фінансаваліся з бюджэту, і цэны, адпаведна, былі значна ніжэйшыя. — Аўт.), — упэўнены Канстанцін. — Гэта ж здароўе насельніцтва, таму паслугі павінны быць даступныя.

Зачыняць установы не збіраюцца

Пра тое, ці чакаць павышэння цэн і ці ўдаецца ўстановам выходзіць у «плюс», расказаў дырэктар прадпрыемства «Гарадскія лазні» Анатоль МАРЧАНКА. Самыя актыўныя карыстальнікі грамадскіх парыльняў — пенсіянеры. Яны складаюць 50 працэнтаў ад усіх наведвальнікаў. У летні час і па кастрычнік уключна для гэтай катэгорыі дзейнічае зніжка — 10 працэнтаў. Часта пенсіянеры набываюць абанементы ў лазні — так сеансы таксама абыходзяцца танней.

— У пажылых людзей больш часу. Асабліва гэта адчуваецца ў будныя дні, — тлумачыць Анатоль Марчанка. — Мы спрабавалі прыцягнуць і студэнтаў. Сустракаліся з моладдзю, якая вучыцца ва ўніверсітэце культуры (ён знаходзіцца побач з лазняй № 7), але вялікага патоку гэта не дало.

Адзін сеанс у гарадскіх лазнях (дзве гадзіны) каштуе восем рублёў. Там, дзе ёсць басейн, — 10 рублёў.

— Цана не мянялася з 2016 года. І ў найбліжэйшы час падымаць яе не плануем, бо даходы ў нашага насельніцтва растуць не вельмі хутка. Але калі павялічыцца кошт электра- і цеплаэнергіі, давядзецца пераглядзець тарыфы, — кажа Анатоль Марчанка.

Сабекошт наведвання летам складаў 10 рублёў. Восенню і зімой, калі лазнямі карыстаюцца часцей, ён меншы. Магчыма, яго яшчэ ўдасца знізіць. Кіраўніцтва лазняў звярталася да дэпутатаў Мінгарсавета з просьбай зменшыць для іх каэфіцыент да стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць (цяпер аплата гэтых падаткаў займае ў сабекошце каля 40 працэнтаў).

Круглы год рэнтабельна працуюць толькі лазня № 7 і комплекс «Лазня». У кастрычніку—лістападзе на самаакупнасць выйшлі таксама грамадскія парыльні № 3, № 8 і № 11. Астатнія застаюцца ў «мінусе».

— Але зачыняць установы мы не збіраемся, — адзначае дырэктар. — Калі летам на два тыдні адключаюць гарачую ваду і лазні закрываюць, людзі адразу скардзяцца. Тым больш наведвальнасць павялічваецца: калі ў снежні 2016 года ў нашых парыльнях пабывала 32 тысячы чалавек, то ў мінулым снежні — 35,6 тысячы, на 11 працэнтаў больш.

Каб аб’екты сталі больш прыбытковыя, развіваюць дадатковыя паслугі. У некаторых установах працуюць бары. У комплексе «Лазня» адкрылі кавярню з уласнай кухняй. Плюс там ёсць трэнажоры, асобна прадаюцца абанементы ў басейн, у тым ліку і на заняткі аквааэробікай. «Грамадскае харчаванне дае 16 працэнтаў выручкі, фізкультурныя працэдуры — каля 10. Гэта нядрэнна», — лічыць Анатоль Марчанка.

На рэканструкцыі знаходзіцца лазня № 1. Работа чакаецца вялікая: цалкам прыбяруць сцены ўнутры, перакладуць камунікацыі. Ад старога памяшкання па сутнасці застанецца толькі фундамент. У лазні плануецца зрабіць басейн з 25-метровымі дарожкамі, два агульныя аддзяленні на 46 чалавек, джакузі, нумары «люкс», кавярню на 48 пасадачных месцаў. Адкрыць абноўленую ўстанову плануюць у 2019 годзе.

Сам Анатоль Марчанка — прыхільнік традыцыйнай лазні, якая паліцца на дровах.

— У нас, на жаль, у горадзе ні адной такой няма. Была раней на вуліцы Баграціёна, але насельніцтва, якое жыло побач, пачало скардзіцца на задымленне. Таму цяпер усюды ў грамадскіх лазнях стаіць або электрычная, або газавая печка.

Самое читаемое