У грузінскім горадзе Цхалтуба могуць адкрыць мемарыяльную дошку ў гонар Янкi Купалы

З дырэктарам Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Аленай Ляшковіч карэспандэнт агенцтва «Минск-Навіны» паразмаўлялі пра невядомыя старонкі жыцця Песняра i новыя праекты.

Алена Ляшковіч— Алена Раманаўна, раскопкі, якія праводзяцца зараз у парку iмя Янкі Купалы, дапамаглі знайсцi нейкія новыя артэфакты, якiя распавядаюць пра сям’ю паэта?

— Сапраўдных артэфактаў пра сям’ю Купалы падчас раскопак не знайшлі, але знойдзены розныя прадметы пачатку 1920-х гадоў: кафля, рэшткi посуду, на якiм ёсць клеймы знакамiтых беларускiх вытворцаў. Да вайны на месцы сённяшняга парку быў гарадскi квартал, тут жылi вядомыя ў Беларусi людзi. Раскопкi дазволiлi адкрыць падмуркi не толькi дома Янкi Купалы, але i братоў Iвана i Антона Луцкевiчаў. Вельмi важна захаваць iх цi неяк абазначыць. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны, калi пачыналi будаваць Купалаўскі музей, не было праведзена грунтоўных раскопак. Калi капалi катлаван, то знаходзiлi нейкiя невялiкiя прадметы. Напрыклад, кубачак для кавы са сподкам i лыжачкай. Уладзiслава Францаўна, удава паэта i першы дырэктар нашага музея, пазнала свой сервiз.

— Дырэктар літаратурнага музея — гэта перш за ўсё чалавек, які тонка адчувае вершы і прозу, або амбіцыйны менеджэр, які бліскуча разбіраецца ў музейным кантэнце?

— Павiнен быць нейкi кампрамiс. Безумоўна, кiраўнiк такога музея павінен ведаць лiтаратуру, беларускi лiтаратурны працэс, яго гiсторыю. Напэўна, матэматыку тут будзе цяжка працаваць. Хоць я таксама не фiлолаг, а гiсторык. Вырасла ў вёсцы, беларуская мова — моя родная, на ёй размаўлялi мае мама i тата, бабулi i дзядулi. Вучылася ў беларускамоўнай школе, беларускую лiтаратуру нам выкладалi ў значна большым аб`ёме, чым сучасным вучням. Не скажу, што была вялiкiм спецыялiстам у галiне купалазнаўства, калi прыйшла ў музей, але дастаткова ведала пра паэта.

Каб музей меў поспех, дырэктар павiнен быць i менеджэрам, асаблiва ў сённяшнi час, калi на першы план выходзiць праца з наведвальнікамі. А асноўныя наведвальнiкi — дзецi. Неабходна зацікавіць так, каб iм хацелася прыйсцi сюды не адзiн раз. Ва ўсiм свеце музеi не бываюць самаакупнымi. Нават той жа Луўр атрымлiвае дзяржаўныя датацыi.

Прыемна, што музей Янкi Купалы — самы наведвальны з лiтаратурных у Беларусi. У 2019 годзе ў iм пабывалi 130 тыс. чалавек. Адзначу яшчэ адзiн момант. Для кiраўнiка вельмi важна, каб яго падтрымлiвалi. Мне ў гэтым пашанцавала. Наш калектыў — гэта прафесiяналы, людзi крэатыўныя, творчыя. Адчуваю, што побач каманда аднадумцаў.

— З чаго пачалося ваша знаёмства з Песняром? Ваш асабісты Янка Купала які?

— Маё знаёмства з паэтам пачалося ў школьныя гады з кнiгi Зiнаiды Бандарынай «Ой, рана на Iвана», дзе яна расказвае пра яго дзяцiнства. Потым былi вершы, драма «Раскiданае гняздо». Акрамя таго што Янка Купала — генiй, класiк беларускай лiтаратуры, адзiн з сiмвалаў нашай краiны, для нас, супрацоўнiкаў музея, яшчэ i вельмi добры чалавек. Вельмi iмпануе тое, што ён быў някепскiм гаспадаром, надзейным таварышам. А таксама сапраўдным дэндзi, любiў i ўмеў прыгожа апранацца. Захавалiся яго касцюмы, гальштукі, аксэсуары. Адзiн з любiмых экспанатаў — рукапiсны зборнiк «Шляхам жыцця», якi паэт сам падрыхтаваў да друку.

Мы вельмi шануем Уладзicлаву Францаўну. Таленавiтая жанчына, якая пicала казкi, вершы, песнi, тым не менш сваё жыццё прысвяцiла мужу, была для яго ўтульным тылам. Калi Купалы не стала, зрабiла ўсё, каб захаваць памяць пра паэта.

— Школьнікі, моладзь сёння навошта ідуць у знакаміты «Дом пад таполяй»? Якія экспанаты iх цікавяць?

— Ствараючы новую экспазiцыю, мы хацелi, каб, з аднаго боку, яна мела свой мастацкi вобраз, а з другога — не была перагружанай. Для сённяшняга пакалення, якое завiсае ў смартфонах, лiтаратурны музей павiнен быць цiкавым у тым лiку праз новыя iнфармацыйныя тэхналогii, якiя мы ўвялi нават раней, чым музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Калегi з Расii, Украiны, Латвii, Лiтвы, iншых еўрапейскiх краiн высока ацанiлi наш вопыт. У 2017 годзе музей атрымаў узнагароду форума славянскiх культур «За лiдарства».

Напрыклад, у першай зале мы расказваем пра нараджэнне чалавека і паэта. Вось з`явiўся на свет хлопчык Ясь Луцэвiч. У 1905 годзе надрукаваны яго першы верш «Мужык». I фактычна гэта ўжо паэт Янка Купала — менавiта так ён падпiсаў свой твор. Чаму ўзяў такi псеўданiм? Мы паказваем наведвальнiкам ролiк у 3D-фармаце аб свяце Купалле. Гэта рэканструкцыя абрада, якую рабiлi студэнты i выкладчыкi ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў. Дапаўняюць экспазiцыю сэнсарныя экраны — можна больш падрабязна даведацца пра гiсторыю Вязынкi, пагартаць аблічбаваны ваенны альбом сваяка паэта — швагра Вiкенцiя Станкевiча. У гасцёўнi Янкi Купалы гучыць музыка, якую слухалi ў славутым «Доме пад таполяй». Ну i, канешне, наш галаграфiчны тэатр — смелы эксперымент, скажам так, каб паказаць жывога класiка. Мы ўдзячныя акцёру Аляксандру Падабеду за тое, што ён зняўся ў гэтым ролiку. Каб падкрэслiць яго падабенства з Песняром, побач экспануем прыжыццёвы партрэт класiка, зроблены мастаком Дзмітрыем Полазавым у 1921 годзе. Гучыць падчас экскурсii i голас Купалы.

— Якімі праектамі будзеце здзіўляць наведвальнікаў у 2020-м?

— У структуры нашага музея чатыры фiлiялы — «Вязынка», «Яхiмоўшчына», «Акопы» i «Ляўкi». У «Акопах» у снежнi 2019 года зрабiлi новую экспазiцыю. Гэта хутар мамы Купалы, цi, як мы называем, творчая калыска паэта. Тэма роднага дому стала асноўнай: расказваем пра сям’ю Купалы, людзей, што жылi ў ваколiцах Акопаў, з якiмi паэт сябраваў. Тут былi напiсаны каля 80 вершаў, п’есы, драматычныя паэмы. Менавiта ў Акопах мацi Купалы i cем’i дзвюх яго сясцёр раскулачылi. З дапамогай Якуба Коласа паэт выратаваў сваiх блiзкiх ад высылкi ў Сiбiр. Так, яны мелi вялiкую гаспадарку, наёмных работнiкаў, але ўмелi i любiлi працаваць на зямлi. Гэта як раз тыя факты, якiя дапамогуць раскрыць тэму пугi i пернiка ў адносiнах да ўжо тады народнага паэта, дэпутата, акадэмiка, вельмi ўплывовага чалавека ў гiсторыi Беларусi. Зараз мы прыступаем да стварэння канцэпцыi новай экспазiцыi ў «Яхiмоўшчыне». Тут Купала працаваў на бровары i напiсаў вершы, што ляглі ў аснову першага зборнiка «Жалейка».

На працягу дзесяцiгоддзяў музей сябруе з тэатрам iмя Янкi Купалы. Народны артыст Беларусi Вiктар Манаеў сказаў: «Мы ж сваякi!» I менавiта так назавем нашу юбiлейную выставу, прысвечаную Купалаўскаму. На гэтай сцэне ставiлiся п`есы нашага Песняра, ён сябраваў з рэжысёрамi i артыстамi. Колькi год «Паўлiнка» з`яўляецца вiзiтнай карткай гэтага тэатра! I зноў жа наш музей быў створаны 75 гадоў таму назад, i ў той жа час было прысвоена iмя Янкi Купалы тэатру. Адкрыецца выстава 18 мая i будзе працаваць да сярэдзiны лiпеня.

Акрамя таго, у фiлiяле «Вязынка» 11 лiпеня адбудзецца традыцыйнае свята паэзii i песнi «З адною думкаю аб шчасцi беларусаў». Разам з Купалаўскiм тэатрам зробiм першы музейна-тэатральны фэст «Купалаўская Паўлінка ў Вязынцы» — пастаноўку спектакля на радзіме паэта. Вельмi прыемна, што Мiнiстэрства культуры падтрымала нашу iдэю. Да яе далучаюцца мецэнаты i спонсары. Спадзяемся, што гэты праект стане пачаткам традыцыi.

Вялікую ўвагу надаем папулярызацыі Песняра за мяжой, рэалiзуем праект «Янка Купала ў дыялогу культур» у тых краiнах, дзе ён быў цi з якiмi звязаны творча, арганiзуем выставы, з дапамогай дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі адкрываем памятныя знакi, бюсты i дошкi. Зараз плануем ушанаваць памяць паэта ў Грузii. Цхалтуба — любiмы курорт Купалы, дзе ён адпачываў пачынаючы з 1938 году. Менавiта там быў напicаны грузiнскi цыкл вершаў. Адзiн з самых знакамiтых — «Генацвале», прысвечаны лекару санаторыя Элiко Метэхелi, з якой Янка Купала сябраваў. З вершам звязана цiкавая гiсторыя. На адкрыццё выставы ў Грузii прыехалі ўнукі Элiко Метэхелi. З таго часу мы сябруем, шмат матэрыялаў і дакументаў яны перадалі ў фонды нашага музея. На сёння ёсць вусная дамоўленасць з адміністрацыяй горада Цхалтуба аб адкрыцці там мемарыяльнай дошкі ў гонар паэта.

Даведка

Калектыў музея ўзнагароджаны спецыяльнай премiяй Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Фота Сяргея Пажогі

Смотрите также:

Подписаться

Подписывайтесь на канал MINSKNEWS в YouTube
Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ