«У казках шмат народнай мудрасці». Беларускі радыёвядучы рассказаў, адкуль бяруцца яго эксклюзіўныя байкі

Нашага суразмоўцу добра ведаюць як дарослыя, так і дзеці, хоць и пад рознымі імёнамі. Для дарослых Віталь Халадок — вядомы беларускі акцёр, а для дзяўчынак і хлопчыкаў — неўтаймаваны летуценнік Віталь Падарожны. Падрабязней аб гэтым беларусе — у матэрыяле карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

На працягу 11 гадоў у эфіры «Радыё-Мінск» ён кожны вечар расказвае добрыя павучальныя казкі на беларускай мове. Дарэчы, Віталь і сам піша. Акрамя радыё, з яго творамі можна пазнаёміцца на старонках дзіцячага часопіса «Качели». Юныя чытачы такім чынам не толькі здзіўляюцца прыгодам Бабы-ягі, Снежыка, хвастатага паніча і іншых герояў, але і вывучаюць беларускую мову.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы мы сустрэліся з акцёрам і радыёвядучым і спыталі пра яго адносіны да роднага слова.

— Віталь, вы размаўляеце па-беларуску толькі на працы ці таксама і ў паўсядзённым жыцці?

— Усё жыццё я цесна звязаны з беларускай мовай, нават думаю менавіта на ёй, але і па-руску часта размаўляю.

Я вырас у сям’і настаўнікаў. Мой дзядуля — паэт і байкапісец Цімох Карага — пісаў па-беларуску, яго творы друкавалі ў «Вожыку». Мая маці, Любоў Цімафееўна, — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна была і маім класным кіраўніком. Прагульваць урокі не атрымлівалася, беларускую мову, як і астатнія прадметы, ведаў выдатна. Некаторыя гавораць, што на нашай мове не растлумачыш тэхнічныя навукі — матэматыку, фізіку, хімію. Нічога падобнага! Мне, наадварот, рэзала слых, калі я чуў навуковыя тэрміны па-руску. Аднойчы нават стаў троечнікам з-за гэтага. Наш клас узнагародзілі паездкай у лагер «Зубраня». А там усе заняткі вялі на рускай мове. Для мяне гэта быў шок. Хоць ведаў прадмет, але губляўся, калі чуў рускія тэрміны.

Стаўленне да мовы залежыць ад настаўніка. Ва ўніверсітэце культуры на маім курсе па-беларуску размаўлялі і беларус, і казах, і чуваш. Этнаграфію беларусаў чытаў прафесар Іван Кірілавіч Цішчанка. Ён так цікава расказваў, што мы слухалі разявіўшы рот. Нават многія рускамоўныя студэнты пасля наведвання яго заняткаў пачыналі размаўляць па-беларуску.

— Вы прафесіянальны акцёр, зняліся больш чым у 30 кінапраектах. Як атрымалася, што сталі працаваць на радыё і чытаць дзецям казкі на роднай мове?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Ляўкі Старадарожскага раёна. У дзяцінстве ў мяне быў маленькі радыёпрыёмнік, які я вельмі любіў. Аднойчы ўвечары пачуў перадачу з казкамі. Яна мяне вельмі ўразіла, нават стаў марыць аб прафесіі радыёвядучага. Але потым усё змянілася. Як я здзівіўся, калі ў 2011 годзе мяне запрасілі на «Радыё-Мінск» у перадачу «Казачка на добры сон». Калісьці яе прыдумаў артыст Віталь Краўчанка. Ён жа аўтар вобраза Віталя Падарожнага і яго фірменнага: «Прывітанне, мае маленькія, зноў з вамі я, ваш неўтаймаваны летуценнік Віталь Падарожны».

— «Казачка на добры сон» выходзіць кожны дзень, і амаль ніколі казкі не паўтараюцца. Дзе вы знаходзіце так многа гісторый?

— Шчыра скажу, па першым часе дапамагала жонка. Яна працавала ў бібліятэцы і прыносіла цікавыя творы для пераапрацоўкі. Але хутка быў вымушаны шукаць сам. Шмат перакладаю з рускай мовы. Я імкнуся не браць казкі, якія, на маю думку, бацькі могуць і самі прачытаць дзеткам. Напрыклад, «Калабок» ці «Тры мядзведзя». Шукаю адметныя творы, супрацоўнічаю з маладымі аўтарамі. Дапамагаюць кніжныя выставы, дзе заўсёды можна сустрэцца з пісьменнікамі.

А зараз і сам пісаць пачаў. Ніколі б не ўзяўся, каб не адзін выпадак. Аднойчы вельмі спяшаўся: заскочыў у знаёмае выдавецтва, узяў дзіцячую кніжку і пабег на запіс перадачы. Кніга прыгожая, вядома ж, рэдактары папрацавалі. Па дарозе на радыё пачынаю чытаць і дзіву даюся: усіх звяроў пазабівалі, заяц у крыві, трава чырвоная… Адным словам, жах! Іншага матэрыялу для запісу не было, таму стаў герояў ажыўляць. Тады і ўзнікла ідэя: магу пісаць не горш.

Казак на сённяшні дзень у мяне шмат. Частка з іх — пераапрацоўка бабуліных расказаў, вясёлых і павучальных. Казка — даволі складаны твор, у якім шмат народнай мудрасці.

— А ці падтрымліваеце са слухачамі адваротную сувязь?

— Многае залежыць ад бацькоў. Два гады таму мы з сям’ёй гулялі ў Лагойскім парку. Да мяне падышоў мужчына і сказаў, што пазнаў па голасу. Высветлілася: ён з дзецьмі кожны вечар слухае нашу перадачу. Ёсць тыя, каму так падабаецца мой радыйны вобраз, што яны запрашаюць мяне пабыць для іх дзетак Дзедам Марозам. Крытыка таксама прысутнічае. Аднойчы патэлефанавала жанчына і паскардзілася, што ў мяне казка выходзіць не цалкам, а серыямі. У той час я вырашыў чытаць па частках вялікі твор. Але і такія водгукі прыемныя. З аднаго боку, гэта скарга, а з другога — я бачу, што слухачы сочаць за маёй перадачай.

— Вы мнагадзетны тата. На якой мове часцей размаўляеце з дзецьмі і ці слухаюць яны вашы казкі?

— З жонкай часта размаўляем на беларускай мове, а вось з дзецьмі — не. Самі яны яшчэ не паказваюць вялікую цікавасць, я ж не напрошваюся: так лёгка адбіць жаданне размаўляць на роднай мове ўвогуле. Але мову дзецi ведаюць добра. Cтарэйшая дачка, Ганна, адзін час дапамагала набіраць тэксты для перадачы і спрабавала перакладаць казкі.

Даведка

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы.

Фота аўтара

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ