“Увайшоў у літаратуру хутка і проста”. Юбілейны вечар, прысвечаны Івану Шамякіну, адбыўся ў Мінску
Юбілейны вечар “Непрыдуманы Шамякін: ад дакументаў да экрана”, прысвечаны да 105-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, сцэнарыста, драматурга прайшоў у кінатэатры “Піянер” 30 студзеня, перадае карэспандэнт агенцтва “Мінск-Навіны”.

Народны пісьменнік з 1969 года з’яуляецца фондадаўцам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Яго фонд у цяперашнi час — адзін з самых вялікіх асабістых на тэрыторыі краіны. Гасцям прадставілі віртуальную выставу, куратар якой — вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Дзмітрый Самахвалаў.

— Іван Шамякін у свой час быў пісьменнікам, якi найбольш публікаваўся. Па маіх падліках, усяго выйшла больш за 20 мільёнаў экзэмпляраў кніг у розных краінах свету. Яны былі перакладзены на 30 моў, пры тым што пісаў аўтар на беларускай, — кажа супрацоўнік архіва-музея. — Класік беларускай літаратуры абуджаў цікавасць да краіны і ўвогуле да мовы і нашай культуры.
Па словах Д. Самахвалава, Іван Шамякін стаў папулярным вельмі хутка: у 1949 годзе ён напісаў раман пра беларускіх партызан і ўжо ў 1951 годзе атрымаў Сталінскую прэмію. Пісьменнік казаў, што “ўвайшоў у літаратуру вельмі хутка і вельмі проста”.


Цікавiнкі віртуальнай выставы: рукапісны варыянт “Вазьму твой боль” (1976 год), рэжысёрскі сцэнарый “Вазьму твой боль” (1980 год), кінасцэнарый да фільма “У добры час” (1953 год), фотаздымак, на якім Іван Шамякін (на той момант яшчэ не зусім знакаміты аўтар) разам з вядомымі пiсьменнiкамi М. Танкам і А. Куляшовым, дыпламатычныя запісы (з гумарам), зробленыя падчас XVIII сесіі ААН у 1963 годзе, а таксама шаржы беларускага графіка Міхаіла Лісоўскага. Таму вельмі падабалася маляваць Шамякіна, бо пісьменнік на шаржы ніколі востра не рэагаваў.
На мерапрыемстве прысутнічала ўнучка пісьменніка, кандыдат філалагічных навук, пісьменніца, літаратуразнаўца Марыя Шамякіна.


— Іван Шамякін — адзін з тых пісьменнікаў, які дае “ўваход” у беларускую літаратуру, культуру людзям розных пакаленняў. Сюжэты ў яго творах напружаныя, могуць зачапіць чытача хуткасцю дзеяння. Ён не з тых, хто шмат філасофствуе, — кажа яна.
Якія кнігі ўнучка народнага пісьменніка раіць прачытаць? М. Шамякіна адразу адзначыла, што для кожнага чалавека знойдзецца свой твор — класік напісаў іх вельмі шмат. Напрыклад, тыя, хто цікавіцца мастацтвам, у прыватнасці архітэктурай, урбаністыкай, будаўніцтвам, могуць прачытаць раман “Атланты і карыятыды”, а тыя, хто мае дачыненне да медыцыны, —“Вазьму твой боль”, “Сэрца на далоні”. Для дзяцей найбольш цiкавы зборнік апавяданняў “Промні маленства”.
— Я добра памятаю, як дзядуля іх пісаў, збіраў цікавыя сюжэты з жыцця. Там нават ёсць апавяданне пра аленя, што жыў у вайсковай часцi (у 1940–1944 гадах Шамякін праходзіў службу ў Мурманску. — Аўт.) і папярэджваў людзей пра налёты фашысцкай авіяцыі. Ён чуў іх раней за салдат. Нягледзячы на тое што твор трагічны, нешта светлае, добрае ў ім ёсць, — кажа літаратуразнаўца.


Некалькі цёплых слоў ад галоўнага рэдактара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталлі Шапран:
— Захаванне памяці пра кожную значную асобу айчыннай культуры — абавязак сённяшніх пакаленняў. Іван Пятровіч не выключэнне. Вельмі важна, каб сённяшнія чытачы бачылі яго яркую асобу, каб яны ўсведамлялі, што гэта не толькі, магчыма, міфалагізаваны, далёкі ад іх аўтар, пра якога можна прачытаць у школьным падручніку, але яшчэ i цікавы чалавек.


Напрыканцы гасцям юбілейнага вечара паказалі савецкі фільм “Возьму твою боль” рэжысёра Міхаіла Пташука па матывах аднайменнага рамана Івана Шамякіна.
Фото Лізаветы Давідоўскай














