«Внимание! Пропал человек!»: как мы искали мальчика с помощью объявлений, расположенных в общественных местах

Кожны год у нашай краіне знікае каля 11 тысяч чалавек — а гэта, па сутнасці, насельніцтва цэлага Фаніпаля.

Іх шукае міліцыя, пошукава-выратавальныя атрады і валанцёры, а дапамагаюць ім у гэтым сродкі масавай інфармацыі, сацсеткі… А яшчэ — уважлівыя і неабыякавыя людзі, якія звяртаюць увагу як на аб’явы ў СМІ, так і на лістоўкі з ярка-чырвоным надпісам «Увага! Знік чалавек!». Карэспандэнт «Р» праверыла, ці сапраўды працуюць такія арыенціроўкі і як хутка прахожыя заўважаць «зніклага» хлопчыка.

У якасці паддоследнага я ўзяла свайго малодшага брата, васьмікласніка Макара.

Асаблівыя прыкметы

Перш за ўсё трэба вызначыцца, каго «губляць». Можна, канешне, у якасці эксперыменту прапанаваць і сваю кандыдатуру, але на гэты раз у якасці паддоследнага возьмем школьніка — майго малодшага брата, васьмікласніка Макара.

Арыенціроўку на яго складаю, узяўшы за ўзор такую ж ад пошукава-выратавальнага атрада «Анёл». «Увага! Знікла дзіця!», пішу тоўстым чырвоным шрыфтам, пастаянна павялічваючы кегль — раптам не заўважаць. А потым ужо крыху меншымі літарамі «Скуратовіч Макар Ігаравіч, 2004 г.н. Выйшаў з хаты ў школу і знік. Да цяперашняга часу пра яго месцазнаходжанне нічога невядома». Потым тэлефаную брату і ўдакладняю, у якім адзенні ён будзе. Такім чынам, запаўняю графу «Быў апрануты: карычневая куртка, чорныя джынсы, белыя красоўкі». І, нарэшце, галоўны штрых — куды звяртацца людзям, якія знайшлі дзіця. «Анёл» пакідае шмат сваіх нумароў і, вядома, 102. Я, зразумела, пішу толькі асабісты мабільны. І прашу брата зрабіць свежае фота па пояс, але ў іншай вопратцы, каб усё было максімальна набліжана да рэальнасці. Арыенціроўка гатовая, і мы пачынаем.

«Хлопчык, стой на месцы!»

На гадзінніку 13.30. У большасці людзей у гэты час абедзенны перапынак. Схаваўшы Макара за вуглом гандлёвага цэнтра, насупраць Палаца спорту, расклейваю аб’явы. Чаму менавіта там? Раён Нямігі папулярны ў людзей у любы час, таму 13 лістовак размясціліся на прыпынках, слупах і месцах для афіш аж да вуліцы Зыбіцкай.

— А гэты хлопчык твой сваяк альбо ты камусьці дапамагаеш? — спагадліва пытаецца бабуля, якая ўважліва назірала, як я адразаю чарговы кавалачак скотча.

— Брат. А вы яго не бачылі? — з надрывам у голасе адказваю я.

— Ой, міленькая, я ж сляпая, не бачыла. Але дасць Бог, знойдзецца, — хрысціцца яна.

Макар пачынае свае блуканні з набярэжнай Свіслачы, а я пільна назіраю з бліжэйшай лаўкі. У дзіцяці такі сумны выраз твару, што я сама на імгненне паверыла, быццам ён згубіўся.

Адпраўляю дзіця на лавачку каля дарогі. За два метры ад яго вісіць тая самая лістоўка з фота.

Мінула паўгадзіны. Макар прайшоў па набярэжнай, пастаяў ля «Вострава слёз», пасядзеў на халодным бетоне і пакарміў качачак. За гэты час каля аб’явы на бліжэйшым слупе прайшло каля 100 чалавек. Але акрамя валацугі, які прасіў дробязь, да дзіцяці ніхто не падышоў. Можа, праблема ў тым, што ён гуляе ў куртцы, а на фота зняты ў чырвонай кофце? Добра, спрашчаем задачу — цяпер хлопец ходзіць па вуліцы без верхняй вопраткі, затое яркую кофту відаць за трыста метраў. Зноў паўгадзіны і зноў нічога.

Мяняем месца дыслакацыі — адпраўляю дзіця на лавачку каля дарогі, там дзе больш лістовак. Здарыўся цуд — праз 10 хвілін на святлафоры спыняецца машына:

— Хлопчык, сядзі на месцы, цябе шукаюць, — крычыць мужчына з аўто. Пасля таго як загараецца зялёнае святло, вадзіцель, лавіруючы паміж машынамі, паркуецца непадалёк ад прыпынку, адрывае са слупа арыенцірўку і падбягае да Макара. Я сяжу на лавачцы побач.

— Ты збег з дому? На слупе твая фатаграфія вісіць, — кажа мужчына. — Я зараз патэлефаную ў міліцыю, цябе забяруць дадому.

— Не трэба ў міліцыю, патэлефануйце па гэтым нумары, — трохі спалохана просіць Макар. Мужчына недаверліва набірае нумар. Побач тэлефануе мабільны. Здымаем маскі.

Сяргей (імя ўважлівага аўтамабіліста), даведаўшыся пра наш эксперымент, крыху раззлаваўся. Але хутка астыў і распавёў, што аднойчы так знайшоў дзядулю:

— Я ехаў на працу, спыніўся на святлафоры і паспеў прачытаць на слупе арыенціроўку. А праз пару метраў, на павароце, убачыў старога — ён сядзеў на зямлі, абапёршыся на дрэва. Патэлефанаваў у міліцыю, адразу ж прыехалі яго сваякі. Нават грошы мне прапаноўвалі — такія былі шчаслівыя, што дзед жывы.

Але з адной «перамогай» вяртацца з поля бою не хочацца, таму эксперымент працягваю. Макар яшчэ гадзіну блукае па Нямізе, пасля садзіцца на лавачку на прыпынку. За два метры ад яго вісіць тая самая лістоўка з фота. Людзі падыходзяць, разглядаюць, але хлопчыка, які сядзіць тут жа, не бачаць. Вырашаю паставіць кропку і прызнаць фіяска, але раптам тэлефануе мабільны:

— Добры дзень, гэта вы хлопчыка згубілі? — пытаецца дзяўчына. — Ён сядзіць на прыпынку каля Палаца спорту. Я не падыходзіла, не хачу напужаць. Прыязджайце хутчэй, я пакуль пасачу за ім.

Але сачыць ні за кім не прыйшлося — адразу прызнаюся, што гэта эксперымент.

Да аб’явы часта падыходзілі неабыякавыя людзі.

Дарэчы, каб дапамагчы ў пошуках, некаторыя фатаграфавалі аб’яву. Некалькіх жадаючых выкласці яе ў Instagram я спыніла, але за ўсімі прасачыць немагчыма. Таму, калі раптам у сацсетках убачыце арыенцірўку, — не хвалюйцеся, з Макарам усё добра.

За 3 гадзіны, пакуль ішоў эксперымент, наконт Макара мне патэлефанавалі двойчы. У трэці раз яго адшукалі нечакана для мяне: я зрывала лістоўкі, а ён пайшоў да метро. Нейкая жанчына яго схапіла за руку і павяла да месца, дзе бачыла арыенціроўку. Я падзякавала ёй за ўважлівасць.

Ці сапраўды аб’явы ў грамадскіх месцах дапамагаюць у пошуку людзей, расказала Юлія Коўган, адміністратар па рабоце са СМІ пошукава-выратавальнага атрада «Анёл»:

— Ваш эксперымент даў нядрэнны вынік, улічваючы, што ў вялікім горадзе на прыпынках шмат аб’яў і многія іх проста не заўважаюць. Больш за ўсё атраду дапамагаюць парталы навін, якія размяшчаюць інфармацыю аб зніклых не толькі на сваіх сайтах, але і ў сацсетках. У гэтым ёсць і іншы плюс — многія прапануюць сваю дапамогу ў якасці валанцёраў. Наогул, у Мінску арыенціроўкі расклейваем рэдка, а вось у Мінскай вобласці яны вельмі дапамагаюць. Літаральна на днях такім чынам знайшлі бабулю. Не магу дакладна сказаць, які працэнт зніклых знаходзіцца дзякуючы аб’явам у грамадскіх месцах, але, паверце, карысць ад гэтага ёсць. Хтосьці абавязкова іх заўважыць і патэлефануе.

ТОП-3 О МИНСКЕ