Выстава «Рыцар чалавечага духу», прысвечаная 95-годдзю Уладзіміра Караткевіча, адкрылася ў Мінску
Літаратурна-дакументальная выстава «Рыцар чалавечага духу», прысвечаная 95-годдзю празаіка, сцэнарыста, драматурга, літаратурнага крытыка Уладзіміра Караткевіча, адкрылася 26 лістапада ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

— На жаль, пісьменнік не атрымаў званне «народны», але мне падаецца, што ён — народны любімец. Вельмі рада, што да нас завіталі людзі, якія вывучаюць творчасць пісьменніка, сцэнарыста, дараматурга, і тыя, хто ведаў яго асабіста, — адзначыла дырэктар БДАМЛМ Алена Макаранка.
Ва ўстанове захоўваецца шмат дакументаў, звязаных з гэтай легендарнай асобай, унікальнай для беларускай культуры. Экскурсію па выставе правяла вядучы архівіст Наталля Мізон. Супрацоўніца архіва-музея падкрэсліла, што аўтар сам прыносіў у БДАМЛМ свае дакументы: фотаздымкі, лісты, малюнкі…
— Нечаста можна было яго бачыць такім, як на цэнтральным фота, — кажа Н. Мізон. — У лісце да Янкі Брыля творца пазначае: «І рыбачу, рыбачу, рыбачу… Люблю Дняпро любым». Увогуле, чытаць Уладзіміра Караткевіча, заўважаць, якімі словамі аўтар карыстаецца, апісваючы свае родныя мясціны, — сапраўднае свята душы.

Некалькі слоў — пра ягоныя сяброўскія стасункі з творчымі людзьмі. Будучы яшчэ маладым пісьменнікам-пачаткоўцам, ён напісаў Максіму Танку. Выказаў меркаванне наконт ягоных вершаў: «…а вось над гэтымі трэба яшчэ папрацаваць».
На мерапрыемстве прысутнічалі даследчыкі, пісьменнікі, творчыя асобы, студэнты.
— Уладзімір Караткевіч — не чужы маёй сям’і чалавек. Нельга казаць, што мой бацька з ім вельмі моцна сябраваў, але ў прыяцельскіх адносінах яны былі, — кажа дацэнт філалагічнага факультэта БДУ Лада Алейнік.

— Я нарадзілася ў 1970 годзе, і цікавыя факты, гісторыі ведаю, у асноўным, па аповядах бацькоў і старэйшых сясцёр. Безумоўна, для мяне гэтыя ўспаміны вельмі кранальныя… Што запомнілася? З якім захапленнем бацька казаў пра Караткевіча: «Геній. Ён геніяльны! Яго яшчэ да канца не ацанілі».
Потым выступоўца расказала пра мастацкую знаходку аўтара — «дзядзькаванне», пра якую згадваецца ў рамане «Каласы пад сярпом тваім»
— Цікава, што ў навуковых выданнях сустракаецца наступнае: «Дзядзькаванне — звычай, які бытаваў на Беларусі да XVIII стагоддзя». Але з якіх крыніц узята гэтая інфармацыя? — працягвае Л. Алейнік.

Даследчыца пісала ва ўніверсітэты Кіева, Кракава, Варшавы, Масквы… Яна знайшла матэрыял, прысвечаны рускаму звычаю «дзядькаванне» (часцей называюць «кармільства»). А сутнасць вось у чым: пасля гібелі князя, лічылася, што княгіня не можа выхаваць сына воінам. Таму, зазвычай, на выхаванне яго бралі заможныя сваякі. А як было на беларускіх землях? Чаму пісьменнік згадвае «дзядзькаванне»?
— І тады звярнулася да беларускіх гісторыкаў. Мне сказалі, што ў гістарычных дакументах ніхто не бачыў такіх фактаў. І тады я прыйшла да высновы: яны былі абумоўлены мастакоўскай задумай Уладзіміра Караткевіча. Геній пісьменніка ў тым, што ён напісаў так пераканаўча, што вучоны свет прыняў гэта за аксіёму, — усміхаецца выступоўца.

У гэтыя дні мерапрыемствы, прысвечаныя 95-годдзю Уладзіміра Караткевіча, будуць ладзіцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Фота аўтара
Читайте также:
- «Гісторыя не дзеліць на мужчынскае і жаночае»: як клуб «Вейна» вяртае сярэднявечча ў Мінск
- Гістарычны дакумент, напісаны пэндзлем. У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная мастаку Аракчэеву
- Выстава, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу, адкрылася ў Мінску
- “Увайшоў у літаратуру хутка і проста”. Юбілейны вечар, прысвечаны Івану Шамякіну, адбыўся ў Мінску
- Кіно па-беларуску: анлайн-кінатэатр VOKA ад А1 выпусціў пяць знакамітых стужак у новай агучцы
Смотрите также:


































