Як адчувае сябе беларуская мова ў білінгвальнай краіне, расказала кандыдат філалагічных навук
Добавить в основные
источники Google
Беларуская мова даволі ўпэўнена адчувае сябе ў сучасным грамадскім жыцці. Яна запатрабаваная ў гуманітарнай сферы, адукацыі, культурным жыцці краіны і царкве. Аб гэтым у эфіры «Радыё-Мінск» расказала загадчыца кафедры беларускай і рускай моў факультэта міжнароднага супрацоўніцтва БНТУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Будзько, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Фото freepik.com
— Беларуская мова гучыць так, як і сто гадоў таму. Калі мы паслухаем аўдыёзапісы, зробленыя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, то пачуем у большасці тыя самыя словы, якімі карыстаемся і сёння. Але, на мой погляд, цяпер беларускае маўленне стала больш інтэлектуальным і інтэлігентным. Гэта звязана з тым, што ў цэлым інтэлектуальны і культурны ўзровень сучасных носьбітаў беларускай мовы ўзрос, — адзначыла І. Будзько.
Дыялекты vs трасянка
Гадоў 30 таму вельмі актыўна абмяркоўваўся феномен беларускай трасянкі. Яе нават дзялілі на натуральную і штучную, выкарыстоўвалі ў папулярызатарскіх мэтах. Гаварылі, што трасянка спрацуе нібы «масток», які дазволіць перайсці на больш літаратурнае маўленне. Але навукоўца лічыць інакш: гэтая з’ява амаль знікла.
— Сёння яшчэ раз-пораз мы можам сустрэць трасянку на інтэрнэт-старонках ці ў сацсетках, але ў цэлым яе вельмі мала. Іншая справа адбываецца з дыялектамі. Увесь час кажусь, што яны адміраюць, што жывуць апошнія «хвіліны». Тым не менш кожны год у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа дыялектолагі запісваюць натуральнае маўленне носьбітаў беларускай мовы. І яны ведаюць, што ў наступны год і праз пяць гадоў зноў яго запішуць. Ужо сфарміраваны вялікі пласт аўдыёзапісаў беларускіх гаворак. Яны захоўваюцца ў аддзеле дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства, а таксама на кафедрах розных мовазнаўчых універсітэтаў, — паведаміла І. Будзько.
Пра асабісты дослед
У кожнага даследчыка ёсць унікальныя запісы. І. Будзько таксама захоўвае свой маўленчы скарб.
— Усё сваё навуковае жыццё я прысвяціла вывучэнню нашай пісьмовай спадчыны, старадрукам і рукапісам. На працягу 10 гадоў выязджала ў экспедыцыю ў Браслаўскі рэгіён — склалася каля 300 касет з запісамі мясцовых жыхароў. Як сабірала матэрыял? Заходзіла ў вясковы дом і пытала: «Раскажыце, як вы тут жылі? Як раней было?» Тры гадзіны можна было маўчаць і проста слухаць. Бо вельмі цяжкія гістарычныя падзеі людзі перажылі… Ніводная кніга не параўнаецца з гэтымі расповедамі вяскоўцаў, якія змаглі захаваць годнаць, сталасць, дабрыню, нейкую душэўную чысціню, нягледзячы на вялікія жыццёвыя выпрабаванні.
«Мову захоўвае вёска»
Кажуць, родная мова памірае. Але даследчыца не згодна з гэтым меркаваннем.
— У адносінах да любой мовы такое можна пачуць. Прычым на працягу ўсёй яе гісторыі і ўвесь час. Мову захоўвае вёска — так было заўсёды. І вось калі вёска знікае, тады, адпаведна, змяншаецца і колькась носьбітаў. А ці памірае беларуская вёска? Адбываецца цікавая з’ява: яна прыходзіць у горад і знаходзіць там сваё месца. Але ў іншым выглядзе ды з іншымі выразамі, — упэўнена І. Будзько. — Так што мова — гэта жывая сістэма, у якой увесь час адбываюцца змены. З’яўляюцца не толькі новыя словы накшталт «сеціва» (інтэрнэт), але і тыя, што сышлі з ужытку гадоў 100 таму. Напрыклад: куфар, імбрык, вакацыя. Яшчэ адно цiкавае слова «падабайка» (лайк). Акрамя таго, мова ніколі не з’яўляецца знянацку. Калі яна ёсць, асобная, гэта значыць, што на працягу стагоддзяў народ меў сваю гісторію, менталітэт, асабістыя традыцыі і культуру. Дарэчы, у гістарычным слоўніку беларускай мовы, у складзе аўтараў якога была і я, — 37 тамоў. Праца над ім вялася больш за 60 гадоў і завяршылася ў 2017-м.
Страчаны скарб
Некаторыя заяўляюць, што беларуская мова з’явілася нядаўна, яна «штучная». Навукоўца мае свой погляд на гэтую тэму:
— Даследаванні помнікаў пісьменнасці падрабязна распавядаюць пра нашых продкаў: як жылі, чым цікавіліся… Гэта дае падставу лічыць, што беларуская мова натуральная, жывая. Прыкладна другі дзясятак гадоў я ўдзельнічаю ў вялікай дзяржаўнай праграме па вяртанні страчаных каштоўнасцяў, нашай спадчыны (падрабязней пра гэта можна даведацца на viartanne.by). Бо многія з іх знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Дарэчы, вярнуць першакрыніцы на радзіму мы можам толькі ў выглядзе факсіміле і навуковых даследаванняў. Дык вось ўжо знойдзены і выданы шэсць знакавых беларускіх тэкстаў. Гэта ў асноўным Евангеллі: Полацкае Евангелле ⅩⅠⅠ стагоддзя, Жыровіцкае, Жухавіцкае. Хутка выйдзе Лаўрышаўскае Евангелле, якое было створана напрыканцы ⅩⅢ стагоддзя. За гэты помнік «біліся» некалькі славянскіх краін. І два гады таму было вырашана: Беларусь мае поўнае права сцвярджаць, што першакрыніца наша. Евангелле стварыла група не вельмі прафесійных пісараў у сценах Лаўрышаўскага манастыра, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці.
Як палепшыць беларускае маўленне
Паколькі Беларусь — білінгвальная краіна, некаторыя людзі маюць праблемы з роднай мовай. Як паправіць сітуацію? І. Будзько раіць больш размаўляць па-беларуску.
— Функцыя любой мовы — камунікацыя. Калі са мной размаўляюць па-беларуску, я адчуваю патрэбу таксама размаўляць па-беларуску. Больш чытайце і слухайце. Заўсёды трэба імкнуцца да прыгажосці, кантактаваць з мовай «высокага гатунку». Я маю на ўвазе мастацкія творы, класіку. Глядзіце беларускамоўныя спектаклі, слухайце аўдыёкнігі. І тады камунікацыя стане натуральным вынікам авалодання мовай. Цікавы факт: іншаземным студэнтам (японцам, кітайцам, немцам, палякам ды іншым) беларуская фанетыка даецца лягчэй, чым руская. Вельмі важна стаўленне бацькоў да роднай мовы і літаратуры, бо адносіны да яе перадаюцца і дзецям. Калі бацькі шануюць родную мову, паказваюць яе прыгажосць, распавядаюць гісторыю сваёй сям’і, роду, то дзіця абавязкова засвоіць не толькі правілы і пэўныя словы, але і пяшчотнае, шаноўнае стаўленне да беларускай мовы, — адзначыла навукоўца.
Читайте также:
- Галстуки, имена, книги: что хранят потомки классиков белорусской литературы
- Новыя вобразы, сустрэчы з моладдзю і ўвага да гісторыі. Чым сёння жыве беларуская літаратура
- «Гісторыя не дзеліць на мужчынскае і жаночае»: як клуб «Вейна» вяртае сярэднявечча ў Мінск
- Гістарычны дакумент, напісаны пэндзлем. У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная мастаку Аракчэеву
- Выстава, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу, адкрылася ў Мінску
Смотрите также:



























