Як мінскія пенсіянеры вырашылі зрабіць сваё жыццё экалагічным

Некаторыя кажуць: навошта вучыць пажылых людзей, іх усё адно не перавыхаваеш.

Але самі пажылыя часта лічаць, што вучыцца трэба ўсё жыццё, да таго ж яны потым нясуць новыя веды ў свае сем’і, перадаюць іх дзецям і ўнукам. Як нашы гераіні, якія наведваюць «Школу экалагічных ведаў «Экалогія і Я»» — адзін з напрамкаў Цэнтра валанцёраў 60+. Для іх гэтая школа стала выдатнай магчымасцю зрабіць крок насустрач экалагічна дружалюбнаму ладу жыцця.

Пра тое, як атрыманыя веды змянілі жыццё іх і іх сем’яў, карэспандэнту «Звязды» расказваюць арганізатары ініцыятывы — слухачы Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту Святлана Сідорык, Лілія Салаўёва і Нона Буко.

Злева направа: Лілія Салаўёва, Святлана Сідорык і Нона Буко.

Злева направа: Лілія Салаўёва, Святлана Сідорык і Нона Буко.

«Нават не чакалі, што посуд так добра адмываецца гарчычным парашком!»

Святлана Сідорык:

— Мне цікава было даведацца, як паводзіць сябе цяпер у гэтым свеце, калі столькі «хіміі» вакол, як захаваць сваё здароўе. Таму мы прапанавалі адкрыць школу экалогіі — запрашаць спецыялістаў, каб яны чыталі нам лекцыі і праводзілі майстар-класы. Спачатку супрацоўнічалі з грамадскім аб’яднаннем «Наш след». Цяпер — з «Цэнтрам экалагічных рашэнняў». Раз на месяц да нас прыходзяць іх эксперты і праводзяць заняткі.

Якія змены ўвайшлі ў маё жыццё? Я цяпер звяртаю ўвагу на склад прадуктаў і бытавой хіміі, якую купляю. Практычна адмовілася ад мыйных сродкаў для посуду. Гэта і для здароўя добра, і для прыроды. Бо ў іх склад уваходзіць мноства не самых карысных інгрэдыентаў: тыя ж фасфаты, напрыклад, якія потым разам з вадой трапляюць у глебу. Цяпер у мяне каля ўмывальніка стаяць гарчычны парашок, сода і воцат.

Я прапанавала сваім родным дома выкарыстоўваць іх для мыцця посуду, і гэта ўсім спадабалася: «Мы не чакалі, што ўсё так добра адмываецца гарчычным парашком, нават тлушч!». Цяпер і сын, і дачка, і нявестка так мыюць посуд, хоць і не ў ста працэнтах выпадкаў, але вельмі часта. Дзіцячы — дык адназначна.

Яшчэ я зрабіла натуральныя асвяжальнікі паветра. Гэта вельмі проста. У бутэльку з распыляльнікам наліваем ваду, змешаную са спіртам, і капаем эфірны алей, які вам падабаецца. Перад распыленнем устрэсваем. Можна разрэзаць лімон і пакласці яго долькі ў халадзільнік, і там не будзе непрыемнага паху. А ў прыбіральні можна выкарыстоўваць пітную соду: насыпаць у слоічак і капнуць пару кропель эфірнага алею. Сода добра ўбірае ў сябе і нейтралізуе розныя пахі. Быццам бы дробязі такія, але яны пакрысе могуць палепшыць жыццё.

Нам шмат расказвалі пра эканомію рэсурсаў, і мы ў сваёй кватэры ўжо памянялі ўсе лямпачкі на энергазберагальныя. Сочым за сабой, стараемся выключаць тэлевізар, камп’ютар з разеткі, калі не карыстаемся. Здавалася б, ён усё адно выключаны, але электраэнергія, хай трохі, але траціцца…

Яшчэ я стала практыкаваць раздзельны збор смецця: пластык, шкло, паперу — усё збіраю паасобку. Спачатку з мяне дома трохі жартавалі, а цяпер кожны пытаецца: дзе твая макулатура ляжыць, куды скрыначку паставіць? А дзе твой пакецік з бутэлькамі, нам бутэльку выкінуць трэба… Вось так паступова за мной уцягваецца і моладзь…

«Штучныя кветкі на могілках вельмі моцна шкодзяць экалогіі»

Лілія Салаўёва:

— У «Экалогіі і Я» нам шмат расказвалі пра эканомію прыродных рэсурсаў. Я пасля адной лекцыі, якую нам прачытаў малады чалавек з Цэнтра экалагічных рашэнняў, купіла адмысловую насадку, якая накручваецца на водаправодны кран, і ў выніку вада цячэ дробнымі струменьчыкамі. Гэтая насадка называецца аэратарам, са значком на ўпакоўцы «эка 50 %». Ён прызначаны для зніжэння расходу вады за кошт змешвання яе з паветрам. Калі пры звычайных умовах праз цалкам адкрыты кран кожную хвіліну выцякае каля 15 літраў вады, то з аэратарам яе расход зніжаецца да 6—8 літраў у хвіліну, і напор пры гэтым не зніжаецца. Мы праверылі на практыцы: ваду эканоміць, хай не на 50, але на 30 працэнтаў дык дакладна!

Я стала больш карыстацца не хімічнымі, а натуральнымі сродкамі для чысткі — содай, лімонам, воцатам. Напрыклад, можна капнуць воцатам на патэльню, дадаць крыху вады і паставіць на агонь — і ўсе пахі ад прыгатавання ежы сыдуць з кухні. Паветра стане чыстае.

Яшчэ я даведалася, што ёсць такія пластыкавыя бутэлькі, якія можна выкарыстоўваць толькі адзін раз. Паўторна ў іх нічога нельга наліваць — ні соку, ні варэння. Гэта можа шкодна адбіцца на здароўі.

Я цяпер ведаю, як правільна выбіраць электрапрыборы, на што звяртаць увагу. Так, трэба абавязкова ўлічваць іх энергаспажыванне. Гэта асабліва важна пры куплі халадзільніка, бо ён традыцыйна цягне шмат электрычнасці. Таксама для мяне аказалася адкрыццём, што пасудамыйная машына моцна эканоміць ваду, эканомія можа даходзіць да 40 %! За яе дорага плаціш, калі купляеш, але потым яна пачынае эканоміць ваду і, адпаведна, нашы грошы таксама.

І я зараз імкнуся як мага радзей карыстацца поліэтыленавымі пакетамі, бо іх цяжка ўтылізаваць. Хаджу ў краму з палатнянай шматразовай торбай. У Савецкім Саюзе да 90-х гадоў выраблялася менш за ўсё бытавога смецця, таму што мы выкарыстоўвалі шкляныя бутэлькі і шматразовыя сеткі і сумкі замест пластыкавых. Зараз, дарэчы, на Захадзе вяртаюцца да гэтага.

Яшчэ мяне вельмі ўразіла інфармацыя пра пластмасавыя кветкі, якія мы носім на могілкі. Нідзе ў свеце так ніхто не робіць, гэта забаронена! А ў нас гэта ўжо стала бізнесам, але гэтыя штучныя кветкі вельмі моцна шкодзяць экалогіі. Яны вылучаюць шмат атрутных рэчываў у паветра і глебу і пазней ператвараюцца ў атрутныя адходы, якія прырода сама не здольная абясшкодзіць і ўтылізаваць. Так што лепш ушанаваць памяць блізкіх людзей жывымі кветкамі, як гэта робяць у іншых краінах.

Ведаеце, калі ўносіш нават самы невялікі ўклад у тое, каб захаваць прыроду, з’яўляецца пачуццё радасці. Мы ж разумеем, што пасля нас застаюцца нашы дзеці і ўнукі.

«Я правяла энергааўдыт свайго дома і ўнесла шмат змен у кватэру…»

Нона Буко:

— Я пачала вывучаць пытанні эканоміі рэсурсаў яшчэ ў 2013 годзе, у Школе энергазберажэння, якая праводзілася ў экалагічнай гімназіі № 19. «Экалогія і Я» — працяг той «школы». Вельмі многія веды я ўжываю на практыцы. Так, правяла энергааўдыт свайго дома і ўнесла шмат змен у кватэру.

Напрыклад, я памяняла лямпачкі напальвання на энергазберагальныя, якія расходуюць электрычнасці ў пяць разоў менш. Але энергазберагальныя лямпачкі няма сэнсу ўкручваць ў прыбіральні або ў кладоўцы — іх трэба выкарыстоўваць у тых пакоях, дзе доўга знаходзіцеся. Яшчэ значна эканомней выкарыстоўваць мясцовае асвятленне, а не агульнае. Напрыклад, пры праглядзе тэлевізара замест лямпачкі ўверсе лепш уключыць настольную лямпу або бра…

У нас у кватэры газавая пліта, таму мы ніколі не карыстаемся электрачайнікам — ён таксама расходуе шмат электраэнергіі. А ў чайнік, які ставім на пліту, наліваем такую колькасць вады, якая трэба зараз, каб не марнаваць шмат газу пры кіпячэнні лішняй вады. Стараемся своечасова размарожваць халадзільнік…

Мы прыбралі ў кватэры ўсё шчыльныя шторы, і цяпер у нас больш святла і цяпла. Бо нават не вельмі яркае зімовае сонца можа абагрэць пакой з паўднёвага боку, калі акно без штор.

Батарэі ў кватэры мы пафарбавалі ў цёмны колер: гладкія, цёмныя батарэі аддаюць на 5—10 % больш цяпла, чым белыя. І калі ў кватэры ўсё ж халаднавата, лепш не ўключаць абагравальнік, а цяплей адзецца. Адзін лёгкі ваўняны жакет можа сэканоміць вам ад 15 да 25 % энергіі на абаграванне кватэры.

Вось такім чынам мы ў сваёй сям’і эканомім уласныя грошы і грошы сваёй краіны. Хачу сказаць, што наша пакаленне, якое жыло пры Савецкім Саюзе, не мае ніякага паняцця аб эканоміі рэсурсаў. І толькі ў апошні час, калі сталі расці кошты на паслугі ЖКГ, людзі сталі задумвацца пра гэта. А вось за мяжой усё не так. Мы з дачкой былі ў Іспаніі, дык там гаспадары кватэры, дзе мы жылі, забяспечаная сям’я, між іншым,  ніколі не будуць мыць рэчы ў машыне, калі яна не запоўненая да самага верху. А ў нас многія ўсё яшчэ могуць кінуць адну кашулю і мыць яе цэлую гадзіну… І душ іспанцы прымаюць не так, як мы. Яны ў яго куляй залятаюць і вылятаюць праз некалькі хвілін — эканомяць ваду…

ДАРЭЧЫ

Папярэджанне вучоных свету чалавецтву

Нядаўна 15 тысяч навукоўцаў з 184 краін падпісалі «Папярэджанне вучоных свету чалавецтву: другое апавяшчэнне».Гэта публікацыя стала другім пасланнем такога роду. Першае «Папярэджанне вучоных свету чалавецтву» было апублікавана ў 1992 годзе, тады яго падпісалі 1700 спецыялістаў.Аўтары сцвярджаюць: тэндэнцыі апошніх
25 гадоў кажуць пра тое, што чалавецтва працягвае рызыкаваць сваёй будучыняй.Вось што пагоршылася за апошнія 25 гадоў:— колькасць прэснай вады на душу насельніцтва скарацілася на 26 %;— знізіліся ўловы дзікай рыбы, нягледзячы на меры па іх павышэнні;— колькасць «мёртвых» зон акіяна павялічылася на 75 %;— страчана 1,2 мільёна квадратных кіламетраў лясных угоддзяў, большую частку якіх перапрацавалі для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы;— прадоўжыўся значны рост глабальных выкідаў вугляроду і сярэдніх тэмператур;— насельніцтва планеты вырасла на 35 %;— колькасць млекакормячых, рэптылій, амфібій, птушак і рыб скарацілася на 29 %.Навукоўцы ўпэўненыя, што гэта не фальшывая трывога. Яны канстатуюць, што чалавецтва рухаецца па вельмі няўстойлівым шляху.

ТОП-3 О МИНСКЕ