«Яны будуць адстойваць сваё меркаванне». Маладая настаўніца — аб вучнях новага пакалення

Напэўна, у школе большасць з нас прывыкла бачыць у якасці настаўнікаў людзей сталага ўзросту. Аднак з любой сітуацыі ёсць выключэнні — Паліна Забела яшчэ вучыцца ва ўніверсітэце, але ўжо выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдніх класах школы. Аб тым, наколькі складана працаваць з новым пакаленнем дзяцей, яна расказала карэспандэнту агенцтва «Мiнск-Навiны».

З алімпіядніцы ў настаўніцу

У цяперашнім годзе Паліна закончвае факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «менеджар СМІ». Першае, што цікавіць: як раптам так атрымалася, што яна працуе ў школе?

Будзе перабольшванне, калі я скажу, што ніколі ў жыцці не збіралася быць настаўніцай. Калісьці ў пачатковай школе былі такія думкі, але яны вельмі хутка зніклі, і я вырашыла: пайду ў журналістыку, — смеючыся, кажа Паліна. — А ў канцы гэтага лета мне патэлефанавала выкладчыца, якая раней рыхтавала мяне да алімпіяд па беларускай мове, — я ж у школе была алімпіядніцай — і прапанавала мне працу ў школе. У гэты момант я як раз знаходзілася ў пошуках працы, таму пагадзілася паспрабаваць. І мяне ўзялі.

Зараз Паліна вядзе 6-ы і 7-ы класы, а таксама праводзіць заняткі дыстанцыйна. Калі я пытаю аб гэтым, падкрэслівае, што працаваць ужывую значна прасцей.

Я не ведаю, як перадаць, наколькі адчуваецца розніца! Па-першае, на нейкім фізічна-маральным узроўні лягчэй размаўляць, бо ты адчуваеш нейкую атдачу. Па-другое, складанасці ўзнікаюць на тэхнічным узроўні: свае работы вучні часцей за ўсё адпраўляюць у выглядзе фатаграфій, не заўсёды яны добрай якасці… і ты правяраеш іх або раздрукаванымі, або ў Paint, — тлумачыць настаўніца. — Таксама на уроку афлайн паміж табой і вучнямі меншая дыстанцыя, і ты любы выпадак інакш успрымаеш. Калі, умоўна, хтосьці падыдзе на перапынку і скажа: «Прабачце, калі ласка, я не зрабіў тое і тое»… адчуванні вельмі адрозніваюцца, калі тое ж самае вучань напіша на электронную пошту.

Напэўна, трэцяе вельмі актуальнае пытанне да Паліны звязана з яе ўзростам. На мой погляд, гэта вельмі нетыповая сітуацыя, калі настаўнік ўсяго на некалькі год старэйшы за сваіх вучняў. Не ўзнікае лі дыскамфорт?

Сапраўды, ёсць дыскамфорт у плане таго, што я для іх — не аўтарытэт, — згаджаецца Паліна. — Вялікую колькасць маладых настаўнікаў яны не ўспрымаюць сур’ёзна: «Вось вы маладыя, вам можна паспрабаваць сесці на шыю». Напрыклад, у мяне часта ўзнікаюць праблемы с дысцыплінай на ўроку, мне трэба разоў 10 паўтарыць, умоўна: «Сядзьце, калі ласка, памаўчыце» і г. д., каб яны паслухалі. У той жа час сталаму настаўніку дастаткова сказаць адзін раз, каб вучні супакоіліся.

— Ты не лічыш, што гэта проста ў дзяцей такое стаўленне да настаўнікаў? Ці, можа, іншыя настаўнікі аказваюць на вучняў псіхалагічны ціск?

Не, я зрабіла такую выснову, бо ў нас у школе ёсць і іншыя настаўнікі прыкладна майго ўзросту і ў іх аналагічныя праблемы. Але, можа, сапраўды, гэта звязана не толькі з ўзростам, але і з тым, як настаўнік умее падаць сябе, — часткова згаджаецца Паліна. — А вось уплыў ціскам разыходзіцца з канцэпцыяй нашай школы, бо ў нас настаўнікі імкнуцца быць максімальна адкрытымі з вучнямі, справядлівымі. Казаць не «сядзь», а тлумачыць: «Ты перашкаджаеш іншым вучыцца, таму сядзь, калі ласка». Таму я і фармулюю гэта як аўтарытэт.

«Вучні расказваюць асабістыя рэчы…»

Працягваючы гаварыць пра адрозненне ў адносінах да настаўнікаў, Паліна ўдакладняе: сталым настаўнікам лягчэй, бо яны маюць большы вопыт і ведаюць, як трэба паводзіць сябе з вучнямі. Але таксама для дзяцей ёсць вялікая розніца і ў тым, як выглядае настаўнік: адна справа, калі прыходзіць жанчына ці мужчына ўзросту іх бацькоў, і зусім другая — калі ў клас заходзіць дзяўчына, якую дарослыя людзі могуць пераблытаць з вучаніцай.

Канешне, амаль не блытаюць, але я ўсё роўна для бацькоў такая дзевачка-прыпевачка, — з усмешкай кажа Паліна. — Дзеці, на мой погляд, бачаць, што я старэйшая за іх, але ўсё роўна сустракаюцца дзьве крайнасці. Напрыклад, хтосьці з вучняў можа спытаць мяне: «А вы замужам? А колькі гадоў вашым дзецям?» А другія прыходзяць і расказваюць нейкія вельмі асабістыя рэчы, як «мне хлопец падабаецца, і вось мы з ім едзем катацца на снаўбордах». Але пажадана, каб не было ні таго, ні другога.

— Таму што ўсталёўваецца вельмі блізкі кантакт?

— Да.

— З якімі яшчэ складанымі момантамі ты сутыкаешся падчас працы?

— Па-першае, я не заўсёды магу зацікавіць вучняў так, як хацелася б. Таксама мне пакуль што вельмі не хапае ведаў, бо я прыйшла ў настаўніцы, не маючы дастаткова спазнанняў пра тое, як правільна выкладаць. Ужо ў працэсе сваёй працы даведалася, напрыклад, што ёсць пэўныя схемы, па якім павінен будавацца карысны ўрок. Я ўвогуле не ведала пра іх! На мой погляд, сам гэты факт кажа пра нешта пра маю якасць у ролі настаўніцы.

Зараз я не ведаю да канцы, збіраюся лі далей займацца гэтым… мне здаецца, што калі ты настаўнік, гэта мусіць быць прызваннем, у цябе вочы павінны гарэць. Але з улікам усіх сумненняў у мяне, дакладна, недастаткова вочы гараць.

Патрабаванні ад школы

За кубкам гарбаты Паліна расказвае даволі многа цікавых нюансаў з сваёй працы. Напрыклад, у школе, дзе яна працуе, выкладчыкаў ацэньваюць па пэўных крытэрыях, і адзін з іх — утульнасць падчас правядзення ўрока.

Для мяне, выпускніцы сярэдняй школы ў невялікім горадзе, гэта гучыць амаль што дзіка. Хтосьці клапоціцца аб камфорту вучняў падчас заняткаў? Да вы жартуеце!

Па-першае, вучню нічога не павінна перашкаджаць падчас уроку — ні тэлефон, ні суседзі, якія крычаць. Але гэта мусіць быць не толькі знешнія фактары, таксама важна абстаноўка на ўроку, бо вучань не павінен баяцца выказаць сваё меркаванне, не павінен баяцца кепскай адзнакі. Яму варта думаць толькі пра тое, што ён хоча чамусьці навучыцца, бо яму цікава, — тлумачыць Паліна. — І вось гэта даволі складана зрабіць, не гледзячы на тое, што з боку нашай школы робіцца ўсё, каб вучні адчувалі сябе добра.

З сумам Паліна прызнаецца, што ёй вельмі складана дабіцца індывідуальнага падыходу да кожнага вучня — літаральна не хапае ўвагі на ўсіх, хаця класы маленькія, па 15–16 чалавек. Адно з пажаданняў: распрацоўка заданняў для дзяцей с рознымі ўзроўнямі ведаў, а ў ідэале — унікальныя практыкаванні для кожнага. Гэта важны элемент утульнасці, але ён патрабуе вельмі вялікіх затрат часу.

— Як, на твой погляд, гэта ўвогуле рэальна зрабіць?

— Я лічу, што рэальна, асабліва калі ў цябе ўжо ёсць нейкі вопыт, напрыклад, ты год адпрацавала ў 6-м класе беларускую мову і літаратуру, ты ведаеш праграму назубок, і табе не трэба падчас падрыхтоўкі да ўроку перачытваць творы ці паўтараць тэорыю. Таксама, калі ў цябе ўжо ёсць нейкія напрацоўкі, іх можна скампанаваць. Гэта ўсё робиць працу намнога лягчэй.

Змены паміж пакаленнямі

— Не магу не спытаць, бо вельмі многа пра гэта вядзецца бясед… Цяжка лі працаваць з новым пакаленнем дзяцей?

На мой погляд, складаней за ўсё іх зацікавіць. Таму што з літаратурай, напрыклад, часта бывае так, што яны лічаць апавяданне нецікавым і не разумеюць, навошта яго чытаць. Не так даўно ў нас адбывалася дыскусія… ўмоўна, палова класа прачытала тэкст, а іншая палова — не, бо «мы прачыталі старонку, нам не спадабалася, і мы вырашылі не чытаць». І астатнія ім адказвалі: «Ну вось адкуль вы ведаеце, што не цікава, калі вы не чыталі?!» — эмацыйна расказвае Паліна. — Складана вельмі з літаратурай бывае, бо праграмныя апавяданні сапраўды могуць быць нецікавымі дзецям… Але большая праблема ў тым, што многія вучні не разумеюць, навошта ім гэта патрэбна. Яны ўспрымаюць беларускую мову ў якасці замежнай, якая не спатрэбіцца ім нідзе, акрамя Беларусі, а не ўсе плануюць жыць тут.

— Ты знайшла, што можна супрацьпаставіць гэтай пазіцыі?

Да, але, разумееш, гэта мой адказ на пытанне, і не для ўсіх ён падыходзіць. Калісьці я пыталася ў вучняў: «Навошта вучыць беларускую мову?». І сярод шэрагу меркаванняў мне запомнілася адно, бо яно было вельмі цвярозым і разумным, — успамінае Паліна. — Хлапец сказаў, што беларускую мову трэба ведаць, таму што яна падобна да польскай і, калі ты вывучыш беларускую мову, потым лёгка зможаш вывучыць польскую. Хаця гэта лагічна ў плане ўсіх моў, бо наш мозг працуе, як нейронавая сетка: чым больш моў ты ведаеш, тым прасцей табе вучыць новыя.

Паліна пра нешта задумваецца.

Наконт твайго папярэдняга пытання… Я лічу, складаней працаваць з дзецьмі стала не таму, што яны горшыя за нас. Проста гэта новае пакаленне, і на самрэч яшчэ ніхто не ведае, як арганізоўваць з імі вучэбны працэс. Ім сапраўды вельмі складана ўтрымліваць увагу на адным родзе дзейнасці, 15 хвілін засяроджанасці — іх максімум. Або наконт меркаванняў… як ты казала, у нас была такая рыса: хтосьці дарослы сцвердзіў «вось гэтае меркаванне правільнае» — а мы пагадзіліся. Гэтыя дзеці так не скажуць ні за што! — з усмешкай заяўляе яна. То лі хваліць сваіх вучняў, то лі не, так і не зразумееш адразу. — Хіба што адзінкі… Але ў большасць яны будуць адстойваць сваё меркаванне, і напэўна, гэта правільна і крута.

Фота Аліны Мазавец

Смотрите также:

Подписаться

Подписывайтесь на канал MINSKNEWS в YouTube
Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ