З пастырскаго паслання на Вялікдзень

Праславім уваскрослага Пана

«Хрыстус Уваскрос, Сапраўды Ўваскрос!»

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, людзі добрай волі!

Гэтым пасхальным заклікам вітаю ўсіх вас у радаснае і збаўчае свята Ўваскрасення Езуса Хрыста, калі мы адзначаем перамогу нашага Збаўцы над грахом, смерцю і злым духам. Гэтае свята паўтараецца кожны год, і мы ўжо так моцна прызвычаіліся да яго, так што нярэдка кажам, што гісторыю ўваскрасення Хрыста даўна ведаем. Аднак на самой справе свята Пасхі — гэта не мінулая гісторыя. Яно заўсёды актуальнае і дае нам новую надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)…

Хаця ў Вялікую пятніцу здавалася, што Езус быў пераможаны і не засталося ніякай надзеі, аднак праўда Ўваскрасення сведчыць аб перамозе жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, міласэрнасці над помстай. Такім чынам пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста кардынальна змяняе сітуацыю чалавека і свету. Таму ўваскрослы Езус — гэта не мінулае, але сучаснасць, дзякуючы якой змяняецца свет і чалавек…

Мэтай жа хрысціянскага жыцця ёсць падрыхтоўка да вечнага. І калі чалавек не рыхтуецца да свайго ўваскрашэння, то ён падобны да сышоўшага з рэек цягніка. Што адбываецца з цягніком, які сышоў з рэек? Ён проста не едзе наперад. Ён напоўнены рознымі таварамі, якія маюць вялікую матэрыяльную каштоўнасць, але не перавозяцца на месца прызначэння.

Ці часам падобнае не адбываецца з намі? Ці пасля завяршэння зямнога жыцця, калі цягнік нашага жыцця ўжо не будзе ісці наперад, мы зможам забраць з сабой у вечнасць нашыя матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці? Не! Чаму ж тады мы так моцна клапоцімся, каб мець велізарныя дамы, нават палацы, дарагія аўтамабілі і іншыя каштоўнасці? Чаму так шмат часу і сродкаў прысвячаем не заўсёды маральным прыемнасцям? Чаму ўзбагачаемся коштам іншых?..

Хрыстус не можа заставацца на перыферыі нашага жыцця, бо Ён ёсць яго цэнтрам. Вельмі прыгожа кажа псальміст, што «камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла» (Пс 118 (117), 22-23). Без гэтага каменя не можа быць будынку…

Жыццё без Бога і Божага закону; жыццё так, як быццам Бог не існуе; жыццё нязгоднае з маральнымі нормамі; тэрарызм і акты насілля; карупцыя і сацыяльная несправядлівасць; забойства ненароджанага жыцця і амаральнае выкарыстанне дасягненняў генетыкі і многае іншае — гэта не што іншае, як жудасныя знакі адсутнасці Бога ў нашым жыцці і адмовы ад веры ў Яго, якія нараджаюць пагарду і непрыманне іншага чалавека, ігнараванне яго правоў і да т.п. Таму нам неабходна ўчыніць усё магчымае, а перадусім маліцца, каб праўда ўваскрасення Хрыста стала рэальнасцю нашага жыцця…

Праславім уваскрослага Пана радаснымі спевамі ў нашых святынях, актамі любові — у сем’ях і ў нашай Айчыне. Абдымем нашымі малітвамі як веруючых, так і няверуючых, бо любоў Божая вылілася на ўсіх людзей. Хрыстус Ўваскрос, каб усе мелі доступ да нябеснага Айца. У духу веры падзелімся велікоднай радасцю з усімі.

Складаючы адзін аднаму святочнныя зычэнні і дзелячыся традыцыйным велікодным яйкам, сімвалам жыцця, успомнім таксама пра людзей, выключаных з сацыяльнага жыцця, пра зняволеных, адзінокіх, хворых, пажылых, тых, хто працуе ў святочныя дні, каб дазволіць іншым адпачываць. Абдымем іх брацкай любоўю і падзелімся з імі велікодным духоўным супакоем, які прынёс нам уваскрослы Хрыстус. Няхай велікодная радасць зыходзіць з нашых сэрцаў на ўсіх!..

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

(З пастырскаго паслання на Вялікдзень)

 

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ