ЗВЯЗДА: Агенцтву «Мінск-навіны» — 20 гадоў

У яго склад зараз уваходзяць інфармацыйнае агенцтва з парталам Mіnsknews.by, газеты «Вечерний Минск», «Минский курьер», «Радыё-Мінск» і дзіцячы часопіс «Качели».

Партал агенцтва Mіnsknews з’яўляецца адным з самых буйных у краіне сярод дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і ўпэўнена лідзіруе па наведвальнасці сярод сталічных медыя — сярэднямесячная колькасць унікальных візітаў перавышае тры мільёны, штодня матэрыялы чытае каля ста тысяч карыстальнікаў. Агенцтва было створана у сакавіку 2001 года, адпаведна, сёлета ўжо 20 гадоў, як яно максімальна поўна і аператыўна інфармуе аб падзеях, якія адбываюцца ў беларускай сталіцы, а дакладней, у эканамічнай, сацыяльнай, культурнай сферах жыццядзейнасці і іншым. Як заваяваць любоў і давер карыстальнікаў інтэрнэт-асяроддзя? Каб пачуць адказ на гэта і іншыя пытанні, мы сустрэліся з намеснікам генеральнага дырэктара холдынга Дзмітрыем ПАРТОНАМ.

— У рабоце з навінамі ёсць пэўная асаблівасць — гэта вялікая колькасць рознабаковай інфармацыі, якая праходзіць праз вас. Як з усім гэтым не ўпусціць галоўнае?

— Любая падзея ў межах сталіцы — гэта так ці інакш падзея краіны, таму трэба заўсёды быць «на хвалі» і заўважаць самае цікавае. Для нас значнымі з’яўляюцца тыя навіны, якія цікавыя мінчанам, гэта можа быць як інфармацыя пра рамонт дарогі і пасадку дрэў, так і агульнарэспубліканскія падзеі. У 2018 годзе мы пачалі развівацца ў інавацыйным фармаце гарадскога мультымедыйнага партала, у аснову якога пакладзена канвергентная работа журналістаў. У нас няма асобнага штату супрацоўнікаў таго ці іншага выдання, усё яны — універсальныя. Калі на момант стварэння агенцтва акцэнт быў зроблены на друкаваныя СМІ, то цяпер асноўным з’яўляецца партал. Мы ўсведамляем, што нас чытаюць не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Штодзень мы публікуем прыкладна 150 навін рознай накіраванасці. Шэраг журналісцкіх матэрыялаў — аўтарскія праекты. Мы часам думаем, што людзі сталі залішне палітызаваныя і іх цікавіць менавіта такая тэма, але гэта далёка не так. Адкрыццё новых школ, пачатак работы паліклінік, змена рэжыму работы транспарту, праграмы па азеляненні сталіцы — усё гэта выклікае вялікую цікавасць у нашых чытачоў. Часам паведамленне пра адкрыццё новага трамвайнага маршруту збірае больш праглядаў, чым навіна з шоу-бізнесу.

— Якія рубрыкі, тэмы з’яўляюцца прыярытэтнымі на партале агенцтва?

— Значная частка навін прысвечана канкрэтнай рабоце ўладаў горада, камунальных службаў, гандлю, гарадскога транспарту, устаноў адукацыі і аховы здароўя. Усё гэта ўплывае на паказчыкі павелічэння лаяльнай аўдыторыі, глыбіні і часу прагляду. Ёсць шэраг раздзелаў і рубрык, якія асвятляюць гэта, і яны вельмі папулярныя. Напрыклад, у рамках раздзела «Прыміце меры» да нас звяртаюцца з пэўнымі скаргамі, мы просім у спецыялістаў разабрацца і пішам аб гэтым. У іншай пад назвай «Пыталіся — адказваем» да нас нярэдка звяртаюцца з просьбай дапамагчы разабрацца ў розных сітуацыях, якія датычацца пенсій, дапамог, сямейнага капіталу. Пытанняў шмат, і яны вельмі актуальныя. Кампетэнтныя спецыялісты на іх хутка адказваюць. Ёсць мультымедыйны аддзел, які займаецца відэаздымкамі. Я вяду праграму «Гаворыць і паказвае Мінск», там абмяркоўваем рознабаковыя тэмы: якія эксперыментальныя праекты рэалізуюцца ў паліклініках; чаму моладзь на сёння больш пытаецца, чым прапаноўвае; як фарміруецца бюджэт Мінска і гэтак далей. Таксама сумесна з Мінгарвыканкамам развіваем цікавы праект, які называецца «Задайце пытанне сталічным уладам», дзе эксперты адказваюць на пытанні нашых чытачоў у фармаце тэлеэфіру. Дарэчы, чыноўнікі адкрыта ўдзельнічаюць у нашых праграмах, адказваюць на вострыя пытанні, даюць каментарыі па розных кірунках. А яшчэ чытачам вельмі падабаюцца такія сюжэты, як «ПрафРынг», дзе нашы хлопцы-журналісты спрабуюць сябе ў «жаночых» прафесіях, а дзяўчаты — у «мужчынскіх».

На сайце агенцтва актыўна публікуюцца фотарэпартажы. Дзмітрый Партон упэўнены, што прафесія фотакарэспандэнта вельмі важная на сёння.

— Цяпер усё менш карыстальнікаў інтэрнэт-асяроддзя хочуць чытаць, а ўсё больш — глядзець. Іншае пытанне, што цяпер сыходзіць класічная фотажурналістыка з пастановачнымі кадрамі. Але нас вельмі радуе, калі фотакарэспандэнт і добра піша, і фатаграфуе. Тут пытанне ў стаўленні да сваёй справы. Калі журналіст бачыць якую-небудзь з’яву на вуліцы і адразу бяжыць яе здымаць, каб у восем гадзін раніцы гатовы матэрыял ужо быў апублікаваны на сайце, — гэта добры журналіст. І не важна, ёсць у яго прафесійная камера або не, — важна быць аператыўным. Са з’яўленнем гаджэтаў часам нават здымак на Іphone набірае шмат лайкаў і каментарыяў. Напрыклад, у нас ёсць сумесны праект са Следчым камітэтам — праграма «Прычыны і следства». Карысную інфармацыю на сайт мы даём з эфіру літаральна праз 20 секунд, — гэта добры паказчык прафесіяналізму.

Аб эфектыўнай рабоце агенцтва сведчаць лічбы. Калі яшчэ два гады таму партал «Мінск-навіны» штодзень наведвалі дзве-пяць тысяч карыстальнікаў, то цяпер — амаль у 30 разоў больш, а гэта звыш 100 тысяч унікальных карыстальнікаў.

— Як толькі сайт агенцтва стаў працаваць фактычна кругласутачна, з’явіліся добрыя вынікі і дасягненні. У нас высокі індэкс цытуемасці навін і партала (калі спасылаюцца на «Мінск-навіны»). Да таго ж цяпер многія атрымліваюць інфармацыю далёка не толькі з газеты і партала, таму для нас найважнейшым момантам з’яўляецца распаўсюджванне матэрыялаў і навін праз розныя каналы інфармацыі. На сёння ў нас іх каля дзясятка. Актыўна развіваем групы ў сацыяльных сетках: «Аднакласнікі», Facebook, «Укантакте», Twіtter, Іnstagram, TіkTok, Telegram-канал, Youtube-канал. Напрыклад, апошні з’явіўся прыкладна паўтара года таму, і цяпер там больш за шэсць тысяч пастаянных падпісчыкаў і больш за 2,5 мільёна праглядаў. Ёсць партнёрскія адносіны з Maіl.ru Group, канал распаўсюджвання праз «Яндекс Дзэн». І гэта вельмі важна ў канкурэнтным інфармацыйным асяроддзі. Трэба імкнуцца прасоўваць сваю інфармацыю, заўсёды тэсціраваць нешта новае.

На пытанне, як заставацца паспяховым інфармацыйным агенцтвам у 2021 годзе і як вызначыць гэты паказчык поспеху, Дзмітрый Партон кажа, што самае галоўнае — гэта праўдзівасць, аператыўнасць, любоў да сваёй справы, адваротная сувязь з чытачамі, слухачамі, гледачамі.

— Ведаеце, зараз набірае абароты такі від журналістыкі, як рырайт. Хтосьці, не выходзячы са свайго кабінета, робіць трафік сайта, не хадзіўшы на мерапрыемствы, не сустракаючыся з цікавымі асобамі, а проста пераробліваючы навіну «пад сябе». Спасылацца там няма на што, таму што ўся інфармацыя ўжо была аднекуль узятая, — мы супраць такога падыходу. Так, нам цікавая амаль любая інфармацыя, але абавязкова працуем з афіцыйнымі крыніцамі. А іх дзясяткі — ад афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў міністэрстваў, ведамстваў і нават прадпрыемстваў да тэлеграм-каналаў прэс-сакратароў праваахоўнага блока. Дапамагаем інфармацыйна Мінгарвыканкаму, сумесна вядзём тэлеграм-канал «Мінск. Афіцыйна», там зараз больш за шэсць тысяч падпісчыкаў. Для таго каб быць паспяховым інфармагенцтвам, трэба мець прафесійных журналістаў. Гэта наша самае галоўнае багацце. Мы заўсёды гатовыя браць да сябе новых супрацоўнікаў, але важна, каб у іх быў запал у вачах. Цяпер, мне здаецца, ёсць тэндэнцыя сярод некаторых маладых журналістаў: гэта павярхоўнае стаўленне да сваёй справы, непагружанасць у прафесію. Часам вельмі здзіўляе, калі дасылаюць сваё рэзюмэ на вакансію, але не прымацоўваюць ніводнай сваёй публікацыі. У нашай справе таксама важная хуткасць выканання. Можна вельмі доўга пісаць аб суседнім доме, дзе здарыўся пажар, але калі хтосьці апынуўся на месцы здарэння раней і ўзяў адтуль усю неабходную інфармацыю, ты «ў пралёце». Трэба быць зацікаўленым у сваёй прафесіі, а да гэтага і грошы прыкладуцца, і прызнанне.

— З пачатку пандэміі людзі, здаецца, усё больш сталі сумаваць… Ці аддаяце ўвагу пазітыўным матэрыялам?

— Так, мы бачым цікавасць да пазітыўных навін, аналітычных матэрыялаў сацыяльнай накіраванасці. Мы не хочам згушчаць фарбы, наадварот, расказваем, напрыклад, як пенсіянерка пайшла на танцы і якія эмоцыі адчула, або пра сям’ю, дзе нарадзілася доўгачаканае дзіця. Больш за тое, на розных СМІ сустракаюцца так званыя «панічныя навіны», якія павяргаюць некаторых у шок, але збольшага яны ў сабе не нясуць ніякай праўдзівай інфармацыі. Мы разбіраемся з імі, аналізуем, тэлефануем спецыялістам, каб пацвердзіць або абвергнуць іх. Таму што ў пагоні за трафікам многія СМІ спрабуюць «выехаць» на рэзка негатыўных публікацыях, але мы не можам дазволіць сабе сапсаваць рэпутацыю дзеля клікбетнага загалоўка. Мы сталі першым гарадскім медыйным холдынгам у Беларусі дзякуючы яго першаму генеральнаму дырэктару Рыгору Новікаву, а надалей — дзякуючы генеральнаму дырэктару Юрыю Казіятку. Для нас важна быць цікавымі не толькі ў межах Мінска, але і ўсёй краіны. Перспектыву развіцця бачым у асваенні новых пляцовак, не трэба гэтага баяцца любому СМІ. Хочам пашыраць геаграфію прысутнасці нашых навін у інфармацыйнай прасторы, у тым ліку за кошт узаемадзеяння з замежнымі партнёрамі. Добра, што інтэрнэт не ведае граніц, але ў першую чаргу мы павінны быць карысныя нашаму беларускаму чытачу. Любое СМІ, інфармагенцтва павінны быць наведвальнымі, цытуемымі, аўтарытэтнымі і мець лаяльную аўдыторыю. Усяго, што задумвалася на першым этапе, мы дасягнулі і ідзём далей, упэўненыя, што ў правільным кірунку.

Смотрите также:

Подписаться

Подписывайтесь на канал MINSKNEWS в YouTube
Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ