ГІСТОРЫЯ АДНОЙ КАРЦІНЫ. Які Броўка на аркушы калегі-мастака, і чаму паэт апранаў дома «смокінг джэкет»
У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца графічны аркуш аўтарства Івана Пратасені. Якая гісторыя звязана з ім і як адрэагаваў паэт, калі ўбачыў свой партрэт на выставе? Гісторыю стварэння твора, а таксама цікавыя факты з жыцця паэта, перакладчыка, рэдактара распавяла старшы навуковы супрацоўнік Карына Кушчанка.
Творчая задума
Цікавы факт: першапачаткова кватэру ў доме, пабудаваным у 1913 годзе ў стылі мадэрн, прапанавалі А. Куляшову, але па невядомай прычыне паэт ад яе адмовіўся. У 1951 годзе ў кватэру пераехаў Пятрусь Броўка разам з сям’ёй. Зараз гэты ўтульны музей на К. Маркса мінчане вельмі любяць не толькі за шыкоўны від з вокнаў, цікавыя доўгатэрміновыя выставы, у тым ліку «Пятрусь Броўка без гальштука» (раскажу пазней), але і за незвычайныя факты з жыцці паэта, якія можна даведацца дзякуючы экскурсіям.
— У фондах музея захоўваецца графічны аркуш аўтарства мастака, акварэліста і графіка Івана Пратасені, які ён зрабіў у 1975 годзе. Ён любіў пісаць партрэты, таму часта звяртаўся да такіх асоб, як Цётка, Максім Багдановіч, Зоська Верас, Янка Купала, Якуб Колас. Не абмінуў і Петруся Броўку, з якім мастак пазнаёміўся, калі прыйшоў працаваць у выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (зараз — «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі». — Прым. аўт.). Там мастак займаў пасаду мастацкага рэдактара з 1972 па 1984 год. П. Броўка, які з 1967 па 1980 год быў галоўным рэдактарам, і І. Пратасеня знайшлі агульныя тэмы. Мастака зацікавіў ён і як паэт, і як чалавек, — кажа Карына Кушчанка.
Аднак больш шчыра, як успамінаў Пратасеня, яны размаўлялі на адпачынку ў санаторыі «Крыніца» пад Ждановічамі. Абмяркоўвалі цікавыя тэмы, напрыклад, лёс, значэнне майстэрства ў жыцці чалавека. Увогуле Броўка часта выязджаў на санаторны адпачынак, быў у тым ліку ў Кіславодску, Сочы, Карлавых Варах… Часам сустракаўся на лецішчы з сябрамі.
— Творчая задума Івана Пратасені — паказаць Броўку без гальштука і акуляраў. Без афіцыяльных рэгалій, узнагарод і адзнак. З расшпіленай на верхні гузік кашуляй. Не афіцыйнага, забранзавелага класіка, а проста чалавека, які ідзе ўпэўнена сваім шляхам. Такога паэта мало хто бачыў.
Аднойчы мастак запытаўся ў Петруся Усцінавіча аб тым, ці можна зрабіць некалькі накідаў. Паэт адказаў: «Не трэба мяне маляваць такога старога, непрыгожага, хворага. Малюйце лепей маладых, статных, прыгожых. Жадаю вам поспехаў і вельмі ўдзячны за ўвагу да мяне. Вельмі. Дарэчы, маіх здымкаў многа ёсць у Крука і ў Захарэнкі. Выкарыстайце іх творча», — дзеліцца фактамі з жыцця паэта старшы навуковы супрацоўнік.
Броўка параіў звярнуцца да знакамітых фатографаў, але іх здымкі былі афіцыйнымі, параднымі. Пратасеня толькі вузкаму колу людзей мог паказаць накіды і параіцца. Ён пісаў: «Яны пазнавалі Броўку і без акуляраў, і без гальштука, і без рэгалій». Гэта вельмі радавала мастака і натхняла на работу.
«Гэта ваш Броўка»
— Праз час графічны аркуш Івана Пратасені і карціна «Думы пра былое» аўтарства Уладзіміра Гардзіенкі былі прадстаўлены на адной з выстаў. У. Гардзіенка таксама напісаў не афіцыйны партрэт Броўкі, які зараз таксама знаходзіцца ў фондах нашага музея. Броўка прысутнічаў на адкрыцці выставы. Ён падыйшоў да Івана Пратасені і сказаў: «Вельмі рад за вас. Вельмі шчыра віншую вас, Іван Міхайлавіч. Спадабалася мне ваша работа на выстаўцы. І Гардзіенкі карціна спадабалася. Выдатная работа! Але ведаеце, шаноўны, хачу вам сказаць, што сёння я ўжо не такі, як у вас на карціне. Да і здымкі мае розныя… у розны час рабіліся. Але гэта ваша справа, гэта ваш Броўка», — кажа Карына Кушчанка.
Для Івана Пратасені было важна, каб твор адразу знайшоў сваё месца ў калекцыі музея. Мастак перадаў яго ў 1985 годзе.
Хатні пінжак
Іван Пратасеня змог паказаць паэта не забранзавелым класікам. Які Броўка быў у жыцці? Дзе і з кім адпачываў, якія рэчы знаходзіліся ў ягонай кватэры? На ўсе пытанні знойдуцца адказы на выставе «Пятрусь Броўка без гальштука». Супрацоўнікі музея паказалі паэта ў сяброўскім асяроддзі звычайным чалавекам са сваімі хобі (ён збіраў гербарый!) і забаўкамі. На ёй прадстаўлены фотаздымкі, рукапісы, асабістыя рэчы, а таксама адзенне і аксэсуары.
Многія неафіцыйныя фотаздымкі рабіў Міхась Лынькоў, яго нават называлі «фотакарэспандэнтам». На іх бачна, як апраналіся і чым займаліся творчыя асобы: гулялі ў валейбол, плавалі, хадзілі па грыбы… Пятрусь Броўка разам з ім, Алесем Стаховічам, Максімам Танкам, Андрэем Макаёнкам, Максімам Лужаніным, Якубам Коласам, Кандратам Крапівой, Уладзімірам Карпавым любіў ездзіць у Дом творчасці, які знаходзіўся ў Каралішчавічах. Тут сярод цішыні, сяброўскай кампаніі і пісьменніцкіх «агародзікаў» нараджаліся лірычныя радкі майстра слова.
Хутчэй за ўсё наведвальнікі ў першую чаргу звернуць увагу на аўстрыйскія штроксавыя тапачкі і цёмна-зялёны пінжак з атласнымі бардовымі лацканамі і прыгожымі гузікамі. Што гэта за такая модная рэч? Балгарскі «смокінг джэкет», ці пінжак для курэння. Прыдумалі яго ў 1850-я гады для таго, каб попел падчас палення скатваўся па атласных лацканах і пах цыгарэт не ўпітваўся ў звычайную вопратку. Але Броўка выкарыстоўваў яго ў якасці хатняга ўтульнага пінжака. Нават у хатнім адзенні ён выглядаў элегантна.
Наступныя цікавосткі звязаны з побытавымі рэчамі. Жонка паэта Алена Броўка мела добры густ і любіла наведваць крамы, каб набыць прыгожы посуд. Напрыклад, засталася прыгожая бела-ружовая бутэлька з-пад дэсертнага беларускага віна. Яе вельмі вытанчана зрабілі на Мінскім фарфоравым заводзе. А вось і зялены шкляны набор (графін і піцейныя стопкі) з уранавага шкла, які свеціцца ў цемры (шкло пафарбавана спалучэннямі ўрана). А на круглым століку размясціўся кітайскі набор для гарбаты. Здаецца, чым можа здзівіць звычайны на выгляд посуд? Насамрэч ён зроблены… з пап’е-машэ. Дзіўна!
Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 31 жніўня 2025 года.
Фото аўтара
Читайте также:
ИСТОРИЯ ОДНОЙ КАРТИНЫ. Как случайный снимок сподвиг Л. Щемелёва написать «Маргариту»
ИСТОРИЯ ОДНОЙ КАРТИНЫ. Как Май Данциг создал настоящее признание в любви родному Минску
ИСТОРИЯ ОДНОЙ КАРТИНЫ. Как жил и творил художник, написавший «Партизанскую мадонну»
ИСТОРИЯ ОДНОЙ КАРТИНЫ. Его называли русским Сезанном. Рассказываем про художника Илью Машкова