Стаўка — на фэнтэзі. Маладая беларуская пісьменніца Станіслава Умец расказала пра творчасць i мары
Станіслава Умец — маладая беларуская пісьменніца, якая робіць першыя крокі ў вялікі мір літаратуры. І досыць паспяхова. У гэтым годзе яна стала лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы дэбют» за кнігу «Сэрца Сакры». Падрабязнасцi — у матэрыяле карэспандэнта агенцтва «Мiнск-Навiны».
— Станіслава, віншую з перамогай. Ужо вырашылі, як патраціце прэмію?
— Дзякуй! Планую зрабіць падарунак маме, яна ўжо даўно марыць пра падарожжа.
— «Сэрца Сакры» — гэта раман-фэнтэзі. Як з’явілася гісторыя дзевяцікласніцы Касі, якая патрапіла на планету талентаў Сакру? Што вас натхніла?
— У мяне багатае ўяўленне. Варта заплюшчыць вочы, і я ўжо лётаю ў іншых сусветах. Так і з’явілася казачная планета Сакра. Раман пачала пісаць у школьныя гады, і ў iм прысутнічае значны рэалістычны пласт. Я занатоўвала ўсё, што падавалася цікавым або смешным, і потым выкарыстала ў творы. Героі — зборныя вобразы маіх аднакласнікаў і сяброў.
— Ці складана было выдаць першую кнігу?
— Пачаткоўцам надрукавацца даволі няпроста. Выдаўцы сёння думаюць у першую чаргу пра рэалізацыю. І калі імя аўтара не на слыху, заўсёды ёсць рызыка, што тыраж заляжа на складзе. «Сэрца Сакры» ўбачыла свет амаль праз 10 гадоў пасля нараджэння! Аднак гэта былі не проста гады чакання, маўляў, калі ж нарэшце здзейсніцца мара?! Гэта быў час плённай працы: двойчы перапісала раман і шмат рэдагавала, так што ад першапачатковага варыянту засталіся толькі сюжэтная лінія і галоўныя героі. Акрамя таго, паспела напісаць некалькі апавяданняў, якія таксама ўвайшлі ў кнігу.
— Сёння шмат літаратуры на рынку. Адчуваеце канкурэнцыю? Што робіце для таго, каб ваш раман быў запатрабаваны чытачамі?
— Сапраўды, на паліцах кніжных крам процьма выданняў самага рознага кшталту. Аднак кніг для моладзi ў жанры фэнтэзі на беларускай мове, на жаль, не стае. Ведаю, што сённяшнія падлеткі па-ранейшаму захапляюцца гэтым жанрам, але ім даводзіцца чытаць замежных аўтараў. А добра было б, каб цікавіліся беларускімі творамі. Я заўсёды гатовая выступіць з прэзентацыяй у навучальных установах і бібліятэках, на кніжных выставах. Вельмі хочацца, каб «Сэрца Сакры» не згубілася сярод мноства іншых кніг і знайшло свайго чытача.
— Ужо працуеце над новым творам?
— Працягваю працу ў жанры фэнтэзі. Я пасталела, у мяне ўзнікла шмат іншых ідэй, улічыла парады і заўвагі крытыкаў. Калі «Сэрца Сакры» цалкам мая фантазія, то цяпер звяртаюся да гісторыі, міфалогіі, таму гэта павінна стаць больш глыбокая і сур’ёзная кніга. Я пачала пісаць і, шчыра кажучы, пакуль сама не ведаю, што будзе адбывацца далей і чым усё скончыцца. Але так нават цікавей.
— Чаму пішаце на беларускай мове? Хочаце быць у трэндзе?
— Нават не магу ўявіць «Сэрца Сакры» на іншай мове. Калі перакласці, раман згубіць нешта сваё, адмысловае. Менавіта па-беларуску ён гучыць напоўніцу. І, вядома ж, вельмі хочацца зацікавіць чытачоў беларускамоўнымі кнігамі.
— Каго чытаеце з беларускіх аўтараў і на каго раўняецеся?
— Захапляюся творчасцю Людмілы Рублеўскай, Пятра Васючэнкі, Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак. Вельмі люблю творы класікаў, перш за ўсё Уладзіміра Караткевіча. Аднак я ніколі не намагалася быць да некага падобнай, не шукала сабе куміраў. Наадварот, заўсёды імкнуся быць ва ўсім адметнай.
— Сваёй прафесіяй вы абралі рэдактарскую дзейнасць і працуеце ў выдавецтве. Чаму выбралі такі шлях у літаратуру?
— З дзяцінства марыла стаць пісьменніцай. Дапісаўшы раман у 17 гадоў, узялася шукаць, дзе б надрукавацца. Абрала для сябе «Мастацкую літаратуру». Патэлефанавала галоўнаму рэдактару Віктару Анатольевічу Шніпу, пытаюся: «Як у вас можна выдаць кнігу?» Вядома ж, па маім голасе было чутна, што я зусім яшчэ «зялёная». Таму ён параіў друкавацца спачатку ў літаратурных часопісах і газетах, а праз пару гадоў прыходзіць да іх. Так і зрабіла. Праўда, прыйшла ў выдавецтва не як аўтар, а ў якасці рэдактара-практыканта. Я паступіла ў Інстытут журналістыкі БДУ на «Літаратурнае рэдагаванне». Мне здавалася, што менавіта так хутчэй набліжуся да мары выдаць свой твор. З 4-га курса пачала працаваць у «Мастацкай літаратуры». Што цікава, ехала ў Мінск, паступала ва ўніверсітэт з мэтай стаць пісьменніцай, а ў выніку знайшла сябе ў рэдагаванні. І я перакананая, што кожнаму аўтару трэба хоць трохі быць рэдактарам. Праца з чужымі рукапісамі, пастаянны зварот да правілаў, да прыкладаў класічнай літаратуры — усё гэта дапамагае ўдасканаліць мову і адшліфаваць уласны стыль.
Фото Паўла Русака