За што куток беларускай зямлі называюць маленькім Іерусалімам. Едзем у Іўе
У Іўі знаходзіцца адзіны ў сваім родзе ў Беларусі Музей нацыянальных культур. Чым яшчэ цікава гэтае мястэчка, даведалася карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».
Астравок талерантнасці
Гісторыя мястэчка налічвае больш за шэсць стагоддзяў. Не раз разбуралася ворагам, але заўсёды паўставала з попелу.
— У Іўі ў згодзе, сяброўстве і верацярпімасці жывуць беларусы, габрэi, рускія, татары, палякі і прадстаўнiкi іншых нацыянальнасцей, — тлумачыць гід Вольга Залыгіна. — У гонар гэтага на былой рынкавай плошчы ўзведзены ўнікальны помнік «Адзінства чатырох канфесій» (каталіцызм, юдаізм, праваслаўе, іслам). Статус горада Іўе атрымала ў пачатку 2000-х. Зараз там жывуць каля 8 тысяч чалавек.
Пакуль едзем па вуліцах, прыгадваю свой першы візіт сюды. Калі працавала на Беларускім тэлебачанні, здымалі татарскую суполку, адну з самых буйных у краіне: людзей, звычаі, быт. Вельмі здзівілася, калі замест чужой пачула ад татар родную беларускую мову. Хаця чаму тут дзівіцца?
Свае сярод сваіх
Іншаземцы атабарыліся на Іўеўшчыне гадоў 500-600 таму. Пасля паходаў на Азоў іх прывёў князь Вітаўт. За дапамогу ў Грунвальдскай бітве аддаў урочышча Мураўшчызна, якое раскінулася ў кіламетры ад княжацкага замка. Пазней паселішча сталі называць Татарскай Слабадой. Прышлыя пабудаваліся і заняліся агародніцтвам, у якім яны вялікія майстры. Некаторыя ажаніліся на іўеўскіх дзяўчынах. Паступова асіміляваліся сярод тутэйшых. Іншы раз ужо і незразумела, дзе хто: вонкава быццам бы славянін, а насамрэч — Мустафа! Ды і прызвішчы сталі гучаць на беларускі лад — Абрамовічы, Багдановічы, Радкевічы, Ясінскія… Жывучы стагоддзямі на нашай зямлі, татары амаль забыліся пра сваю мову, затое добра авалодалі беларускай. Нават пераклалі на яе свае богаслужбовыя кнігі. Увогуле жыхары Іўя даўно не дзеляць адзін аднаго па нацыянальнасці. З мясцовымі татары заўсёды сябравалі, нават святы разам адзначалі. Добразычлівыя адносіны захаваліся і дагэтуль.
Мядовая слодыч
Спыняемся каля найстарэйшай у Беларусі дзеючай мячэці. Узведзена ў пачатку 1880-х на сродкі ўладальніцы Іўя графіні Эльвіры Замойскай (дарэчы, каталічкі) і падорана мясцовым татарам. Ніколі не закрывалася. Аб’ект цікавы. Драўляны будынак з мінарэтам і высокім шпілем на даху. Наўрад ці можна аднесці яго да нейкага архітэктурнага стылю. Хутчэй, гэта народнае дойлідства. Два ўваходы: правы — для жанчын, левы — для моцнага полу. Недалёка ад мячэці знаходзяцца татарскія могілкі.
Едзем па Мураўшчызне. Хоць татары даўно не селяцца адасоблена, але вялікая іх частка жыве менавіта ў гэтым раёне. Усе агароды скрозь у цяпліцах — там вырошчваюць гародніну. Асабліва славяцца мясцовыя памідоры — сакавітыя, салодкія. Хапае і сабе, і на продаж. У сезон гандаль поўным ходам ідзе не толькі на рынку, але і каля хат. З цягам часу беларусы таксама перанялі вопыт мусульманскіх суседзяў. У Іўі любая гаспадыня ведае мноства рэцэптаў леча, аджыкі, салатаў. А якая ж знатная татарская кухня! Давялося пакаштаваць дэсерт пад назвай «гальма». Усё проста: перамешваюцца мука, мёд і сметанковае масла. Варыцца, астуджваецца і наразаецца ромбікамі. З гарбатай смачней за пірожнае.
Апошняя славутасць
Па дакументах, габрэі пасяліліся ў Іўі ў XVI стагоддзі. Перад Вялікай Айчыннай вайной складалі амаль 70 % насельніцтва. Функцыянавала іх суполка. Пабудавалі некалькі сінагог. Займаліся рамяством і гандлем. На рынкавай плошчы ў шэраг стаялі шапікі, дзе прадавалі розныя вырабы. Габрэі надавалі ўвагу адукацыі, музыцы, танцам. У іх хатах было шмат кніг, дыхтоўная разьбяная мэбля, карціны, прыгожае начынне, музычныя інструменты.
— Гітлераўскія акупанты амаль цалкам знішчылі габрэйскае насельніцтва. Уцалела адна з трох сінагог, цяпер нядзейная (хадзіць туды няма каму!). У будынку працуе спартыўная зала, — паказала апошнюю габрэйскую славутасць гід.
Пад гукі аргана i песнапенні
Пад’язджаем да каталіцкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла, які ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Асвечаны ў 1787 годзе. Уваходзім. Нас сустракае ксёндз Ян. Заўважаю ў яго руках велізарны ключ ад касцёла. Не паверыце, запорная прылада родная, ёй ужо каля 300 гадоў! У дзвярах двайны замок з сакрэтам, i без гэтага ключа яго не адкрыць. І не трэба ніякай электронікі! Яшчэ адна рэліквія — ікона Казанскай Божай Маці, якая пабывала ў космасе і больш за 100 разоў абляцела вакол зямлі. Падарыў яе храму ўраджэнец Іўеўшчыны, супрацоўнік Касмічнага цэнтра Расіі. У касцёле ёсць і яшчэ адзiн рарытэт.
— Прыехалі неяк жаніх і нявеста, папрасілі абвянчаць пад гукі нашага старадаўняга аргана, — дзеліцца ксёндз. — А арганіста тады не было. Што рабіць? Выклікаў калегу, каб правёў цырымонію. Сам сеў за музычны інструмент, на слых падабраў некалькі акордаў. Так і прайшло вянчанне.
Ёсць у Іўі і праваслаўны храм — святога пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага. Дарэчы, калісьці там быў дзiцячы сад, раней — радзільны дом, а ў пачатку XX стагоддзя — звычайны жылы будынак. У 1995 годзе аб’ект перадалі вернікам. Зараз па архiтэктуры гэта класічная старажытнабеларуская царква, складаецца з трох частак. Уваход аформлены арачным парталам. Унутры прыгожае ўбранне, двух’ярусны драўляны іканастас, шмат кветак. Ідзе служба, гучаць малітвы і духоўныя песнапенні. Вяртаемся ў Мінск з адчуваннем спакою і радасці ў душы.
Даведка
Вядомасць Іўю ў ХVI стагоддзі прынесла арыянская акадэмія, заснаваная Янам Кішкам у 1585 годзе. Узначальваў яе гуманіст, педагог і паэт Ян Ліцыній Намыслоўскі.
Фота аўтара и БелТА