ГІСТОРЫЯ АДНОЙ КАРЦІНЫ. «Пайшоў з жыцця з імем нашага песняра…». Апошні твор Барыса Аракчэева
Апошні твор жывапісца і педагога Барыса Аракчэева — «Янка Купала ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Пасля ягонай смерці малодшая дачка — мастак, ілюстратар дзіцячых кніг, куратар Аксана Аракчэева ў 2014 годзе падарыла Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы карціну і два эскізы. Якую гісторыю скрывае ваеннае палатно з выявай беларускага песняра — у матэрыяле карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».
Настаўнікі
Барыс Аракчэеў нарадзіўся ў Яраслаўлі, але сваё жыццё прысвяціў Мінску. Ён, пятнаццацігадовы юнак, сустрэў вайну ў роднай вёсцы Турбанава. Барыс — адзіны карміцель у сям’і. Бацькі не было ў жывых, маці — інвалід, два малодшыя браты і дзве сястры. Працаваў у калгасе, і ў канцы 1943 года дабіўся таго, каб яго прызвалі ў Чырвоную Армію. З Кірава ў 1944 годзе адправілі ў Беларусь. Служыў у Бабруйску, а пасля перамогі — чарцёжнікам аператыўнага ўпраўлення штаба Беларускай ваеннай акругі ў Мінску. У той жа час пачаў наведваць заняткі ў студыі Валянціна Волкава.
Аднойчы Барыс Аракчэеў пісаў эцюд у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Да яго падыйшлі Валянцін Волкаў і Віталь Цвірка. Апошні сказаў: «Адзіны салдат піша, а мастакоў няма. Малайчына, паступай у вучэльню — дзверы адчынены». А яму яшчэ тры гады служыць…
Пасля дэмабілізацыі, восенню 1950 года, ён паступіў ў Мінскае мастацкае вучылішча (зараз — Мінскі дзяржаўны мастацткі каледж імя А. К. Глебава. — Прым. аўтара). Скончыў яго за тры гады — быў выдатнікам. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. — Прым. аўтара), дзе ягонымі выкладчыкамі былі мастакі Віталь Цвірка і Валянцін Волкаў. Група будучых жывапісцаў была «шматгалосая». Разам з Барысам Аракчэевым вучыліся, стаўшыя пазней знакамітымі, нашы класікі — Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка, Мікалай Залозны, Аляксандр Сямілетаў… На пленэрах Цвірка заўсёды казаў: «Самы галоўны наш настаўнік — прырода».
Шмат палотнаў («На абпаленай зямлі», «Партызанская сям’я», «На заданне. Апошні наказ на дарогу») прысвечаны ваеннай тэме, бо юнацтва майстра прыпала на гады неверагодных выпрабаванняў. Адно з іх, знакавае, — «Янка Купала ў гады Вялікай Айчыннай вайны», над якім Б. Аракчэеў працаваў больш десяці гадоў.
— Мастак зрабіў два эскізы: у цёплай і халоднай колеравай гаме. У першым варыянце Янка Купала вельмі сумны, нягледзячы на вохрыстую, амаль сонечную палітру. Барыс Аракчэеў паказаў паэта ў вышыванцы, за яго спіной — савецкія войскі, якія адступаюць ад лініі фронту. На другім варыянце работы Купала больш бадзёры, з прыўзнятым настроем. Ён на сваім аўтамабілі праехаў убачыць наступленне савецкіх байцоў, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Валянціна Ціханавецкая.
Апошні мазок
У першай палове 1960-х Барысу Аракчэеву далі майстэрню. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак ў сваім матэрыяле, апублікаваным у кнізе «Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце», ўспамінае, што ў гэтым памяшканні яны за кубачкам гарбаты ці бакалам сухога віна шмат размаўлялі «пра час і пра сябе». Б. Крэпак піша: «Аднойчы ён раптам сказаў мне, што калі прыйдзе апошні час, то хацеў бы быць пахаваны менавіта ў Беларусі. Я тады замахаў рукамі: навошта такія журботныя думкі, калі ўсё жыццё наперадзе? А ён мякка ўсміхнуўся: «Ты занадта малады, каб гэта разумець. Жыццё — такая дзіўная штуковіна, калі не ведаеш, што з табой здарыцца заўтра».
Мне таксама пашчаслівілася пабываць у майстэрні, якая знаходзіцца на рагу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай. На першым паверсе — адзін з самых знакамітых сталічных рэстаранаў, над вывеской якога — картуш з пажаданнем мінчанам Carpe diem («Лаві дзень»), а таксама мемарыльная дошка аўтарства скульптара і фатографа Яўгена Колчава. Від з вокнаў — цуд! Плошча Свабоды, Ратуша, вежы Свята-Духава кафедральнага сабора, гатэль «Еўропа»… Нездарма гэты жывапісны від стаў галоўным героем на палотнах «Вокны Мінска» мастачкі Аксаны Аракчэевай.
Яна заварыла гарбату з мятай. У памяшканні цёпла і ўтульна (аж сыходзіць не хочацца!), на сценах — карціны, шмат кніг, эцюднік, на якім стаяла апошняя работа, і цікавыя рэчы, зробленыя рукамі яе таты. Напрыклад, вазы з карэйскай бярозы для пэндзлей, трохногі стул… Нібы дызайнер! А. Аракчэева захавала ўсё, што належыла мастаку. Рэчы ўсё памятаюць… Пад духмяную гарбату малодшая дачка падзялілася ўспамінамі.
— Тата даўно хацеў напісаць палотны, прысвечаныя Янке Купале. За дзесяць год да ставарэння твора ён рабіў эскізы. І вось гэты, у цёплай колеравай гаме, быў першым. Паглядзіце, які тут Купала… Не ў настроі. Ён прыехаў у Маскву як карэспандэнт. Праз пяць год тата вырашыў напісаць больш аптымістычнае палатно: як нашыя пайшлі ў наступ, — кажа А. Аракчэева.
У выніку Барыс Аракчэеў выбраў другі варыянт. Твор «Янка Купала ў гады Вялікай Айчыннай вайны» ён дапісваў да адкрыцця сумеснай з малодшай дачкой выставы «Усюды бачу моц жыцця. Янка Купала». Яе адкрыццё, як і планавалася, адбылося 22 сакавіка 2013 года. Але ўжо без мастака.
А. Аракчэева добра памятае той жудасны вечар. Амаль па часах можа аднавіць яго.
— Была нядзеля, 10 сакавіка. Я пісала партрэт таты да нашай сумеснай выставы, а тата дапісваў карціну, прысвечаную беларускаму песняру. У 18:00 я скончыла працаваць над жывапісным палатном, а тата — над сваім. Мы ў аднолькавы час скончылі пісаць! Тата з мамай сабраліся ў краму — у суседні дом. Па ўспамінах мамы, ён апрануў куртку, абуўся. Паглядзеў яшчэ раз на работу, падыйшоў да яе і зрабіў адзін мазок. Быццам бы апошні… І бацькі пайшлі за прадуктамі. Яны заўсёды разам, усе 57 гадоў. А калі вярталіся, прыкладна ў 19 гадзін, тата ўпаў каля пад’езда — сэрца спынілася. Мой тата пайшоў з жыцця з імем нашага песняра. Гэта сімвалічна, — успамінае А. Аракчэева.
Зараз яна рыхтуе да выдання лісты Барыса Аракчэева да сваёй жонкі Галі, музы, як ён казаў.
Фото: архіў А. Аракчэевай і аўтара
Читайте также:
- Пятрусь Броўка апранаўся лоўка. Малазнаёмыя цікавосткі пра знакамітага паэта
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, павіншаваў вернікаў са святам Божага Нараджэння
- Пісаў пра экзатычныя краіны, але сам іх не бачыў. Да 140-годдзя Янкі Маўра
Смотрите также: